В Доме ремёсел «Стары млын» открылась выставка Иосифа Атрахимовича

Культура

19 снежня ў Доме рамёстваў «Стары млын» адкрылася персанальная выстава вядомага на Пастаўшчыне мастака, былога выкладчыка дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера Іосіфа Атрахімовіча, прысвечаная яго 75-годдзю.

В Доме ремёсел «Стары млын» открылась выставка Иосифа Атрахимовича

У вялікай выставачнай зале размясцілася больш за паўсотні работ, створаных на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Побач з напісанымі майстрам у 80—90-я гады мінулага стагоддзя можна ўбачыць зусім новыя — з датай «2025 г.» У асноўным гэта жывапіс, але ёсць і крыху графікі. Што да сюжэтаў карцін, то тут і нацюр­морты, і пейзажы, і тэатральныя маскі, якія адлюстроўваюць розныя эмоцыі чалавека, і партрэты, у тым ліку аўтапартрэт мастака. Частка работ адсылае да Першай сусветнай вайны. На іх у творчай інтэрпрэтацыі намаляваны шрапнель, патроны і іншае, што знаходзіў аўтар у зямлі на сваёй дачы каля возера Доўжа (там праходзіла лінія фронту). Не меншым сімвалізмам напоўнены карціны, на якіх паказана тое, як людзі сябе пазіцыянуюць.

В Доме ремёсел «Стары млын» открылась выставка Иосифа Атрахимовича

— Па работах Іосіфа Канстанцінавіча можна вывучаць гісторыю мастацтва, бо ён паспрабаваў сябе амаль ва ўсіх напрамках, якія існуюць, — гаварыў на адкрыцці выставы даўні сябар мастака Ігар Пракаповіч. — У яго ёсць рэалізм і сюррэалізм, кубізм, карціны ў стылі Ван Гога і Язэпа Драздовіча.

Выступоўца пажадаў аўтару працягваць тварыць і падарыў дзве свае кнігі, да адной з якіх Іосіф Атрахімовіч рабіў ілюстрацыі.

В Доме ремёсел «Стары млын» открылась выставка Иосифа Атрахимовича

На адкрыццё выставы прыйшлі таксама іншыя сябры мастака, настаўнікі і вучні школы мастацтваў, работнікі Дома рамёстваў. Усе зычылі яму натхнення, сіл, творчых поспехаў і каб гэта выстава была не апошняй. Як адзначыла дырэктар «Старога млына» Таццяна Петух, якая калісьці працавала з Іосіфам Канстанцінавічам у створаным ім клубе «Майстры», а потым выстаўляла яго карціны, гэту экспазіцыю размяшчала з вялікім задавальненнем. «Я нібы акуналася ў этапы ўласнага жыцця і работы», — сказала яна.

Было дадзена слова і аўтару. Ён расказаў пра свой творчы шлях і правёў для гасцей экскурсію.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.