8 лютага мог бы адзначыць сваё 75-годдзе беларускі паэт Янусь Малец (Іван Вільгельмавіч Малец). Ён пакінуў нам цудоўныя вершы пра родную Беларусь, яе прыгожыя краявіды, пра маці і блізкіх сэрцу людзей, што прайшлі праз цяжкія выпрабаванні першай паловы ХХ стагоддзя.
«Хто з Масквы, а хто з Растова, Ну а я, браткі, з Хрыстова», — пісаў у адным з вершаў наш вядомы зямляк. Так, вёска Хрыстова каля Ваўкоў — яго радзіма. Менавіта тут 8 лютага 1951 года ён нарадзіўся, тут прайшло яго дзяцінства і юнацтва. Цяжка сказаць, што менавіта стала тым натхняльным імпульсам для будучага паэта. Магчыма, прырода, мясцовыя людзі і іх лёсы яшчэ ў дзяцінстве разбудзілі ў ім жаданне выказваць думкі ў вершаванай форме. Як сведчаць крыніцы, свой першы вершык Іван напісаў у 3 класе мясцовай школы, калі настаўніца задала напісаць твор пра восень. Але да сапраўдных вершаваных вышынь было яшчэ далёка: як і кожны малады чалавек, Іван Малец імкнуўся пазнаць свет і знайсці ў ім сваё месца.
Пасля заканчэння 8 класа Ласіцкай сярэдняй школы ён паступіў у Полацкае ПТВ-66, папрацаваў на заводзе ў Віцебску, а затым паехаў у Находкінскую мараходна-тэхнічную школу на Далёкі Усход. Служыў у войску пад Бірабіджанам і Хабараўскам.
Але Радзіма не пераставала клікаць яго дадому. Успаміны пра родныя мясціны аказаліся мацнейшымі за цягу да мора. Іван вярнуўся ў Беларусь, уладкаваўся на працу, атрымаў вышэйшую філалагічную адукацыю, стварыў сям’ю. І тады пачаўся яго актыўны творчы шлях. Вершы пад псеўданімам Янусь Малец з’яўляліся на старонках рэспубліканскіх газет і часопісаў. Нараджаліся не толькі сур’ёзныя, філасофскія творы, але і жартоўныя вершы і пародыі.
У 1992 годзе выйшла яго кніга гумарыстычных вершаў і пародый «Бедны конь», у 1994-м — зборнік гумару і сатыры «Трава ў вушах». У 1995 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» з’явіўся зборнік лірыкі «Родны мацярык». Пазней выйшлі кнігі «Намінальны людзель» (2005) і «С ума сойти!» (2006). Яго творы ўключаліся ў такія калектыўныя зборнікі, як «Лагодны промень раніцы», «Асцюкі за каўняром», «Анталогія беларускай пародыі», «Анталогія беларускай эпіграмы» і шматлікія іншыя. Талент Януся Мальца атрымаў прызнанне — у 1994 годзе ён стаў членам Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Пайшоў з жыцця наш славуты зямляк 15 красавіка 2021 года, але яго паэзія застаецца з намі — гучная, шчырая і глыбокая.
Падрыхтаваў Аляксандр Кузняцоў
Кветкі бэзу
Кветкі бэзу, кветкі бэзу!
Вы такія ж, як тады…
Расхінаю вас і лезу
Ў незабыўныя гады.
Пасвіў тут калісь карову,
Тут у пікара гуляў,
Тут спрадвечныя два словы:
«Я кахаю…» — прашаптаў.
Памыляўся тут таксама —
Цяжка гэта абмінуць —
І тады казала мама:
«Чалавекам, Янусь, будзь!»
З-пад Хабараўска, з Находкі
Думкі ў гэты край плылі,
Хоць і там на дзіўных сопках
Кветкі дзіўныя цвілі.
Кветкі бэзу, кветкі бэзу…
Маме
Колькі вёрст нас раздзяляе!..
Хоць машынны зараз век,
Ды не часта ўсё ж бывае,
Што мяне ты сустракаеш,
Самы родны чалавек.
Колькі вёрст нас раздзяляе!..
Дзякуй, мама, што ты ёсць!
Як я радасна ўздыхаю,
Калі дзверы адчыняю,
А ты кажаш тату:
— Госць!

