Былы намеснік галоўнага рэдактара газеты «ПК» Галіна Пішч — вельмі надзейны і адказны чалавек

Общество

Лёс падарыў мне доўгі журналісцкі век. Пра каго толькі ні пісала за многія дзесяцігоддзі! А сёння ёсць нагода расказаць пра былую калегу, якая адзначае свой юбілей. Больш за 30 гадоў мы працавалі поплеч у нашай раёнцы. 18 з іх, калі я рэдагавала газету, Галіна Рыгораўна з’яўлялася маім намеснікам, і ёй я давярала больш, чым сабе. Рэдактарская пасада не толькі творчая, але і адміністрацыйная. Мне даво­дзілася часта бываць на розных нарадах, сходах, семінарах, курсах (а яшчэ ж водпускі, хваробы). Ніколі не хвалявалася пра тое, што падчас маёй адсутнасці ў рэдакцыі штосьці можа пайсці не так. Ведала: намеснік вельмі надзейны і адказны чалавек, яна і калектыў мабілізуе, і сама папрацуе з поўнай аддачай.

Выпуск газеты — працэс адказны і напружаны. Вельмі важна не толькі своечасова падрыхтаваць уласныя журналісцкія матэрыялы, але і паспець паставіць у нумар тэрміновую інфармацыю дзяржаўнай важнасці. Здаралася рознае, узнікалі непрадбачаныя сітуацыі, але газета заўсёды своечасова выходзіла ў свет. Цікава праходзілі рэдакцыйныя лятучкі, аналізавалі кожны выдадзены нумар газеты, арганізоўвалі сустрэчы з чытачамі ў працоўных калектывах. У гэтым немалая асабістая заслуга Галіны Пішч, якая загадвала аддзелам пісем, а потым была намеснікам рэдактара. Хапала ёй і стрэсаў: двойчы, прадстаўляючы рэдакцыю, адстойвала пазіцыю газеты ў раённым судзе. Там разглядаліся іскі да рэдакцыі грамадзян, «пакрыўджаных« крытычнымі публікацыямі. Абодва суды рэдакцыя выйграла.

Былы намеснік галоўнага рэдактара газеты "ПК" Галіна Пішч — вельмі надзейны і адказны чалавек

Асобна хачу сказаць пра творчасць. Кожны матэрыял выходзіў з-пад пяра Галіны Рыгораўны цікавым і змястоўным. Яна не толькі сама дасканала працавала над тым, каб як мага паўней раскрыць тэму, але і вучыла гэтаму маладых журналістаў, якія папаўнялі калектыў, шматлікіх пазаштатных аўтараў, з якімі заўсёды была на сувязі. А колькі юнкораў падрыхтавала да паступлення на журфак Белдзярж­універсітэта! Сёння яны працуюць у розных рэспубліканскіх газетах, на тэлебачанні, у ведамасных прэс-цэнтрах, некаторыя — у Расіі і Кітаі. І, безумоўна, памятаюць, хто дапамагаў ім рабіць першыя крокі па сцяжынцы да вялікай журналісцкай дарогі.

Для самой Галіны Пішч — лаўрэата звання «Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў» — журналістыка стала не толькі прызваннем, але і сэнсам жыцця. Аднак узрост і новыя рэаліі падштурхнулі да таго, што ў 2017 годзе яна прыняла рашэнне пакі­нуць калектыў. І цалкам прысвяціла сябе выхаванню ўнука Лёшы і ўнучкі Лізы. Зараз унук — студэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, унучка ходзіць у 7 клас. Акрамя таго, займаецца ў дзіцячых школах мастацтваў імя А. Тызенгаўза і імя А. Ромера. Поспехі ўнукаў радуюць бабулю не менш, чым іх маму і тату.

З Галінай Рыгораўнай ба­чым­ся рэдка, а на тэлефоннай сувязі — пастаянна, як і з іншымі ветэранамі рэдакцыі. Яна па-ранейшаму зацікаўленая ў тым, каб раёнка заставалася для жыхароў раёна любімым выданнем.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.