Чэмпіянат Беларусі па валейболе. Пастаўчане дабіліся поспеху ў адным з двух матчаў, праведзеных у сталіцы

Спорт и туризм

Да заканчэння папярэдняга этапа першынства камандам 1-й лігі засталося згуляць тры туры і некалькі перанесеных матчаў. І ўсе яны імкнуцца трапіць у фінальны раўнд. Гэта адчувалася ў мінулыя выхадныя на пляцоўках Магілёва, Гомеля і Мінска. А пастаўчане дабіліся поспеху ў адным з двух матчаў, праведзеных у сталіцы.

«Барысаў-БДУФК-2»–«Атлант» (Паставы) – 3:1
1 дзень. 3:1 (22:25; 25:22; 25:18; 25:18)

Сапернік пачаў гулью з моцных падач і надзейнай абароны. Як ні стараўся «Атлант», барысаўчане дамінавалі і ў канцоўцы стартавай партыі дабіліся камфортнай перавагі (22:18). У крытычнай сітуацыі пастаўчане не разгубіліся. Наш лідар, кандыдат у майстры спорту Аляксандр Пятрэвіч тройчы падаў навылет. На яго падачах каманда правяла яшчэ 4 выніковыя атакі запар і выйшла наперад. У другім сэце наперадзе (14:18) былі нашы. Затым праціўнік скараціў розніцу да двух мячоў, а напрыканцы партыі ідэальна згуляў на блоку — выцягнуў не­калькі складаных мячоў і зраўняў лік.

Чэмпіянат Беларусі па валейболе. Пастаўчане дабіліся поспеху ў адным з двух матчаў, праведзеных у сталіцы

У напружаным паядынку гэты момант стаў пераломным. У «Атланта» замест Руслана Сімагасціцкага выйшаў навічок — распасоўшчык Дзмітрый Палянскі. Каманды на роўных змагаліся да сярэдзіны партыі, але барысаўчане моцна прыбавілі ў канцоўцы. Такім чынам яны згулялі і ў заключным сэце, узялі ў нашых рэванш. У пастаўчан самым выніковым (14 ачкоў) стаў даігроўшчык Аляксандр Пятрэвіч, па 10 балаў набралі Ягор Дашкевіч і Аляксей Трацэўскі.

У другім матчы суботы выхаванцы ВК «Мінск» адолелі (3:1) віцебскае «Марка-ВДТУ-2». У іншых гарадах зафіксавалі такія вынікі: «Энергія-2» (Гомель)—ДЮСШ «ВК Брэст» — 0:3, РДВАР-2009 (Мінск)—ДЮСШ «Шахцёр» (Салігорск) — 0:3, «Газавік-Гомель»—
«Легіён-2» (Гродна) — 3:0.

СДЮШАР «ВК Мінск»–«Атлант» (Паставы) – 2:3
2 дзень. (23:25; 19:25; 26:24; 25:20; 11:15)

Сустрэча доўжылася звыш дзвюх га­дзін. Нечакана мінчане рэзка адарваліся ў ліку (9:3). Вялікімі намаганнямі нашы дагналі саперніка. Не стрымаць было атак Ягора Дашкевіча, які вызначыўся ў сэце 8 разоў. Пайшла гульня і ў яго таварышаў, а таксама ў дэбютанта Дзмітрыя Какурнікава. Пастаўчане дамінавалі на пляцоўцы з прыкметнай перавагай. Да гонару саперніка, у канцоўцы трэцяй партыі ён адчайна змагаўся за кожны мяч і адыграў адрыў у чатыры ачкі.

«Атлант» не адчуў небяспекі пералому ў гульні, рана расслабіўся. І акрыленыя мінчане сталі дамінаваць на пляцоўцы, давялі справу да тай-брэйка. У рашаючай, скарочанай партыі ў пастаўчан згулялі ўсе лідары, гэта станоўча паўплывала на вынік. Яны ўзмацнілі гульню на блоку (10 ачкоў у матчы), а ў атацы і на падачах бліскуча згуляў Аляксей Трацэўскі. Мінчане не вытрымалі вялікага напружання, дапусцілі шэраг крыўдных памылак, што прынесла «Атланту» няпростую перамогу.

У двух паядынках у сталіцы згулялі Пятрэвіч (23 ачкі), Сімагасціцкі (3), Дашкевіч (20), Вяткін (7), Трацэўскі (29), Маліёнак (15), Мацкевіч (4), Палянскі (2), Какурнікаў (7), Пучынскі і лібера Скалабан, Зарэцкі (к).

Да гульні з «Атлантам» барысаўчане ў чатырох партыях перамаглі (3:1) віцябчан. Магіляўчане дома абыгралі (3:0) мінскі РДВАР. У Гомелі «Газавік» дабіўся поспеху (3:1) над Брэстам, а гомельская «Энергія» з лікам 3:0 — над гродзенцамі. У актыве пастаўчан — 29 ачкоў, яны захоўваюць шанцы прабіцца ў фінал наймацнейшых.

У наступным туры «Атлант» згуляе ў Віцебску 28 лютага і 1 сакавіка з магіляўчанамі і салігарчанамі.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.