«Я не дамаседка» — так гаворыць пра сябе жыхарка аграгарадка Камаі Надзея Шылько.
У красавіку будзе два гады, як жанчыне назначылі пенсію. Але дасягненне пенсійнага ўзросту ніколькі не перашкодзіла яе актыўнасці.
Працоўны стаж Надзеі Эдуардаўны — 40 гадоў. Загадвала малочнатаварнай фермай у Камаях, працавала на свінагадоўчым комплексе аператарам на адкорме і на матачніку. У апошнія гады развозіць абеды тым, хто заняты на сяўбе, корманарыхтоўцы, уборцы ўраджаю, зімой дае водпускі вартаўнікам. Зараз знаходзіцца на бальнічным — перанесла аперацыю на каленным суставе. Ходзіць яшчэ з кіёчкам, але спадзяецца хутка яго адкінуць і к вясне, калі пачнуцца палявыя работы, быць у поўнай «баявой» гатоўнасці. Пакуль жа паціху спраўляецца з хатнімі справамі і адводзіць душу за творчасцю.
— Мне заўсёды хацелася вырабляць цацкі, сувеніры, але на гэта не мела часу, — гаворыць жанчына. — Зацікавілася пляценнем з папяровай лазы, аднак першыя спробы аказаліся няўдалымі. Авалодаць тэхнікай дапамагла Лена з лынтупскага аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН.
А зараз не злічыць, колькі рэчаў з папяровай лазы вырабіла Надзея! Сухарніцы, вазачкі для цукерак, карзінкі, кашпо і інш. На чарзе — рэстаўрацыя часопіснага століка. Гаспадыня ўжо ўяўляе, як прыгожа ён будзе выглядаць пасля таго, як апляце яго папяровай лазой і пакрые лакам.
Старэйшы ўнук Шылько, Ілья, вырас у бабулі з дзядулем у Камаях (яго мама ў той час вучылася ва ўніверсітэце). Тут пайшоў і ў школу. Да мамы ў Мінск не пераязджае, хоць у іх вельмі цёплыя адносіны. Бачацца часта: то маці прыязджае ў Камаі, то сын едзе да яе. Разам адпачываюць, некалькі разоў ляталі ў Егіпет. Аднойчы Ілья павінен быў зрабіць якую-небудзь рэч і прынесці яе ў школу. Бабуля захацела дапамагчы яму. Разам яны сплялі з папяровай лазы курыную сямейку: маму і некалькі куранятак. Атрымалася прыгожа. Аднак, калі адправіла работу на выставу ў РЦДМ, там палічылі, што гэта кампазіцыя выраблена на фабрыцы, і не прынялі.
Авалодала майстрыха і пэчворкам. Шыла сумкі з джынсавай тканіны, зараз з кавалачкаў джынсы шые коўдру. Павінна атрымацца прыгожа, бо выкарыстоўвае не старыя, выцертыя джынсы, а набытыя ў сэканд-хэндзе, якія не страцілі сваёй якасці.
Калі дачка падарыла Надзеі Эдуардаўне набор для работы з эпаксіднай смалой, яна неадкладна распачала авалоданне новым відам творчасці. Атрымалася! Зараз радуюць вока гадзіннік, карціны. Таленавітая жанчына таксама любіць маляваць па гатовых схемах, асабліва партрэты дзяўчат.
— А вось вышыванне ніткамі ў мяне не пайшло, — прызнаецца майстрыха. — Спрабавала і крыжыкам, і гладдзю — не маё! Абмежавалася алмазнай вышыўкай, ёсць некалькі карцін.
Варта сказаць, што Надзея захапляецца не толькі рукадзеллем, але і пчалярствам. У яе мужа і сына на ўкусы пчол алергія, таму на іх дапамогу разлічваць не прыходзіцца. Сама спраўляецца з невялікай пасекай, нават рамантуе рамкі і пчаліныя домікі. Мінулае лета засмуціла яе, як і іншых пчаляроў: быў вельмі слабы меданос. Перад зімоўкай нават прыйшлося падкормліваць пчолак.
А колькі кветак цвіце летам ля дома Шылько! І агародніны расце багата. Раней яны трымалі шмат рознай жыўнасці, зараз — толькі курэй і свіней. Даглядаць іх па магчымасці дапамагае муж Аляксандр. Але ён працуе не ў Камаях, а на Пастаўскім малочным заводзе вадзіцелем, у яго — далёкія рэйсы, з дома выязджае рана, вяртаецца позна.
Яшчэ адно захапленне жанчыны — ціхае паляванне. «Палюе» яна ў адзіночку, у лес ездзіць на матацыкле, якім кіруе вельмі ўпэўнена. Ніколі не вяртаецца дадому з пустым кошыкам. Яе грыбных нарыхтовак хапае і самім, і дзецям. Дачка Юля і сын Артур атрымалі вышэйшую адукацыю, маюць прэстыжную работу ў сталіцы.
— Калі мы з мужам едзем да іх, у Мінск, то не толькі для таго, каб убачыцца і перадаць гасцінцы, але і каб пабываць ва ўстановах культуры, — дзялілася Надзея. — Напрыклад, летась у оперным тэатры глядзелі «Папялушку», а ў тэатры музычнай камедыі — «Жаніцьбу Фігара». Радасна, што ў Камаях адкрыўся стацыянарны сацыяльны пункт ТЦСАН. Там многаму можна навучыцца, праводзяцца розныя мерапрыемствы. Да аперацыі з задавальненнем наведвалася туды, хутка буду хадзіць зноў. Не магу быць без занятку і без людзей.
Я з задавальненнем слухала Надзею Эдуардаўну і радавалася за яе, немаладую вясковую жанчыну, чые будні напоўнены не проста працай, а творчасцю, цікавымі падзеямі, марамі. Вось што значыць актыўная жыццёвая пазіцыя!
Бліц-апытанне
— Што важней — кар’ера або сям’я?
—У кожнага чалавека свае каштоўнасці. Для мяне найважней — сям’я.
— У чым прывабнасць жанчыны?
—У аптымізме, актыўнасці, гумары, бляску вачэй.
— Калі б вы сталі феяй…
—Зрабіла б так, каб ніколі не хварэлі дзеці.
Фаіна Касаткіна
Фота з сямейнага архіва








