На мінулым тыдні на базе ААТ «Хацілы-агра» прайшоў семінар-вучоба па перайманні вопыту вырошчвання і захавання маладняка буйной рагатай жывёлы і атрымання высокіх надояў. На мерапрыемства сабраліся галоўныя заатэхнікі, ветурачы, загадчыкі некаторых ферм гаспадарак раёна.
ААТ «Хацілы-агра» невыпадкова было вызначана пляцоўкай для правядзення семінара-вучобы. Сельгаспрадпрыемства з’яўляецца флагманам жывёлагадоўлі не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Тут ўтрымліваецца 7 550 галоў буйной рагатай жывёлы. З іх 1 884 — каровы. З 2010 года ў гаспадарцы функцыянуе рабатызаваная ферма. У канцы 2020-га пабудаваны сучасны малочнатаварны комплекс: гэта 3 памяшканні для ўтрымання дойных кароў, памяшканне для кароў у запуску, прафілакторый на 200 цялят, малочны блок. За дзень у гаспадарцы надойваюць 53,3 тоны малака. За мінулы год ад кожнай каровы атрымалі ў сярэднім 9 713 кілаграмаў. А на малочнатаварным комплексе «Волахі» гэты паказчык складае 10 221 кілаграм.
Тут удзельнікаў семінара і сустракаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Вячаслаў Крыштафовіч. Ён расказаў, што выручка за мінулы год склала 36 мільёнаў рублёў. Яна атрымана ў асноўным за кошт рэалізацыі малака. Сярэдняя заработная плата па гаспадарцы — 2 840 рублёў.
Вядома, каб мець «вялікае» малако, трэба стварыць для жывёлы належныя ўмовы ўтрымання, забяспечыць яе збалансаванымі кармамі. У ААТ «Хацілы-агра» якасна апрацоўваюць зямлю, засяваюць палі насеннем высокай якасці, своечасова і ў дастатковай колькасці ўносяць мінеральныя ўдабрэнні, арганіку, сродкі аховы раслін, укараняюць у работу сучасныя тэхналогіі. Кожны год на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтоўваюць не менш за 32 цэнтнеры кармавой адзінкі. Запас кармоў тут разлічаны на паўтара года. Ёсць свой цэх, дзе штодня па розных рэцэптах вырабляюць да 40 тон камбікорму. Ветурачы, асемянатары, заатэхнікі, загадчыкі ферм шмат увагі ўдзяляюць селекцыі, праводзяць прафілактычныя мерапрыемствы па захаванні статка, працуюць над павелічэннем яго прадукцыйнага даўгалецця. Немалаважную ролю адыгрывае старанне аператараў машыннага даення.
Удзельнікі мерапрыемства пабывалі ў прафілакторыі для цялят. Яны знаходзяцца ў доміках. Дах на будынку ўцеплены. Летам тут не горача, зімой не холадна. У прафілакторыі працуюць два аператары. Пасля нараджэння цяля пару гадзін утрымліваюць у доміку з лямпай абагравання, затым пераводзяць у прафілакторый. Пояць малых тры разы на дзень: спачатку малодзівам, якое адпавядае стандартам (для праверкі ёсць арэометр і тэрмометр), затым — пастэрызаваным малаком. Сярэднясутачныя прывагі жывёлы па гаспадарцы складаюць 714 грамаў.
З прафілакторыя ўсе направіліся ў памяшканне для сухастойных кароў і даільную залу. Работа праходзіла ў форме адкрытага дыялогу: была магчымасць задаць Вячаславу Крыштафовічу пытанні, якія цікавілі, і пачуць ад яго вычарпальныя адказы.
ААТ «Хацілы-агра» — яркі прыклад сучаснага вядзення жывёлагадоўлі, дзе інавацыйныя падыходы і перадавыя тэхналогіі сталі асновай паспяховага развіцця галіны. Побач з МТК «Волахі» ўзводзіцца яшчэ адна сучасная малочнатаварная ферма.
Пабывалі спецыялісты і на ферме з беспрывязным утрыманнем цялушак, дзе сваім вопытам падзяліўся галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Сяргей Хацяновіч. Вынікі семінара-вучобы падвёў першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуард Януковіч.
Анна Анішкевіч






