«Поставы — культурная столица Беларуси». Уникальное панно в виде карты района создадут поставчане

Важное Культура

Гэты год для Пастаў будзе асабліва насычаным рознымі культурнымі мерапрыемствамі. Нас чакаюць выставы, канцэрты, спектаклі, дыялогавыя пляцоўкі, фестывалі… Многае рыхтуюць мясцовыя культработнікі. Так, прадстаўнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна запусцілі праект «Пастаўшчына рамесная», у рамках якога будзе створана ўнікальнае пано ў выглядзе карты раёна.

— Мы зробім карту на палатне памерам 2х1,5 метра з маленькіх элементаў паясоў, — расказвала адна з аўтараў праекта — кіраўнік народнай студыі «Майстры» пры Доме рамёстваў «Стары млын» Алена Крывенькая. — Іх будуць ткаць пастаўчане на майстар-класах, якія правядзём я і мая калега Крысціна Брэская. У адной рабоце збіраемся аб’яд­наць усе арганізацыі горада, лю­дзей розных прафесій і ўзростаў. Мэта праекта — паказаць народную творчасць знутры і далучыць гараджан да рамеснай дзейнасці.

«Поставы — культурная столица Беларуси». Уникальное панно в виде карты района создадут поставчане

Ткацтва як від традыцыйнай народнай творчасці выбрана невыпадкова. Раней яно было адным з асноўных рамёстваў на Пастаўшчыне. Ну а выраб паясоў не патрабуе складаных прыстасаванняў, ткаць можна на дошчачках і бёрдах. Іх, а таксама запраўленыя асновы прынясуць у працоўныя калектывы майстрыхі і пакажуць, як пераплятаць ніткі, каб атрымаўся задуманы ўзор.

Прыняць удзел у стварэнні элемента пояса змогуць як ­адзін, так і некалькі чалавек, абмежаванняў тут не будзе. Колькі ў выніку вырабяць такіх элементаў, пакуль невядома.

— Мы адправім пісьмы ва ўсе арганізацыі горада, — працягвала Алена Крывенькая. — Спа­дзяёмся, яны адгукнуцца на нашу прапанову. Будзем чакаць ахвотных і ў Доме рамёстваў, дзе таксама арганізуем майстар-класы. Таму прыходзьце! Ну а зрабіць першыя элементы можна будзе ўжо 20 лютага ў раённым Доме культуры. Там падчас сходу па падвядзенні вынікаў работы народнагаспадарчага комплексу Пастаўшчыны за 2025 год мы прэзентуем свой праект.

Фінішуе «Пастаўшчына рамесная» ў снежні. На цырымоніі закрыцця культурнай сталіцы ў Паставах аўтары праекта прадставяць гатовае пано і падо­раць яго раёну. Вакол унікальнай карты будуць змешчаны эмблемы арганізацый, чые прадстаўнікі прыклалі руку да яе стварэння.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.