Сёння ў католікаў Папяльцовая серада (Папялец). З яе пачынаецца Вялікі пост.
У гэты дзень падчас святой Імшы святары пасыпаюць галовы вернікаў попелам са словамі: «Ты прах і ў прах вернешся» або «Навяртайцеся і верце ў Евангелле». Абрад нагадвае, што чалавечае жыццё хуткаплыннае і ад яго застанецца толькі пыл. Таму варта жыць па Божых запаведзях, справядліва.
Вялікі пост працягваецца 40 дзён і завяршаецца перад Імшой Вячэры Пана ў Вялікі чацвер. Гэта перыяд супольнага пакаяння (пост, малітва і міласціна), калі вернікі рыхтуюцца да свята Уваскрасення Езуса Хрыста.
У час Вялікага посту забараняецца ўдзельнічаць у гучных забавах (з музыкай і танцамі). Устрымлівацца ад мяса трэба ўсім вернікам ад 14 да 60 гадоў ва ўсе пятніцы Вялікага посту і на працягу года. Аднак святары падкрэсліваюць, што важна не толькі абмяжоўваць сябе ў стравах ці іншых рэчах, але і па-добраму адносіцца да бліжняга. Мэта Вялікага посту — асабістае навяртанне чалавека, умацаванне адносін з Богам і духоўнае аднаўленне.
Падчас Вялікага посту Імшы ў касцёлах не такія ўрачыстыя, як у звычайны перыяд, святыні не ўпрыгожваюць кветкамі. Святары адпраўляюць службы ў літургічным адзенні фіялетавага колеру, які сімвалізуе пакаянне. У гэты час праводзяцца набажэнствы Крыжовага шляху і Песні жальбы, прысвечаныя разважанням над пакутамі Хрыста.
Падрыхтавала Анна Анішкевіч

