16 лет на страже здоровья: отделение гемодиализа Поставской ЦРБ в цифрах и фактах

Важное Здравоохранение

12 сакавіка ў многіх краінах свету, у тым ліку ў Беларусі, адзначаўся Сусветны дзень ныркі. Гэта дата, для якой быў выбраны другі чацвер першага месяца вясны, з’явілася ў календары ў 2006 годзе, каб павысіць агульную дасведчанасць аб важнай ролі нырак у арганізме чалавека і прыцягнуць увагу да праблемы іх захворванняў.

Ныркі часта называюць другім сэрцам, бо іх асноўная работа — бесперапынная фільтрацыя крыві. За суткі ўвесь яе аб’ём праходзіць праз гэты орган каля 300 разоў! У нырках кроў ачышчаецца ад шлакаў, таксінаў і непатрэбных рэчываў. Акрамя таго, яны рэгулюць водна-салявы абмен, захоўваюць кіслотна-шчолачны састаў крыві, выпрацоўваюць біялагічна актыўныя рэчывы, якія ў сваю чаргу рэгулююць узровень артэрыяльнага ціску, працэсы крывятварэння і фосфарна-кальцыевы абмен. Таму без нармальнага функцыянавання нырак або без замяшчэння іх функцый чалавек не зможа жыць.

Па даных медыцынскай статыстыкі, каля 10% насельніцтва планеты маюць захворванні нырак. Часта яны ўзнікаюць і прагрэсіруюць бессімптомна, што прыво­дзіць да позняга выяўлення, развіцця цяжкіх ускладненняў, хранічнай хваробы нырак. На 5-й яе стадыі пацыентам патрабуецца нырачна-замяшчальная тэрапія: гемадыяліз, перытанеальны дыяліз, трансплантацыя ныркі.

16 лет на страже здоровья: отделение гемодиализа Поставской ЦРБ в цифрах и фактах

У сувязі з павелічэннем на Пастаўшчыне колькасці пацыентаў з хранічнай хваробай нырак 5-й стадыі ў 2009 годзе ў паліклініцы цэнтральнай раённай бальніцы адкрылі аддзяленне гемадыялізу. Раней пастаўчане былі вымушаныя 3 разы на тыдзень ездзіць на працэдуру ў Глыбокае. Улічваючы яе працягласць — 4 гадзіны — і час на дарогу, гэта было для іх сапраўдным выпрабаваннем.

— Наша аддзяленне разлічана на 3 дыялізныя месцы, працуе ў дзве змены 6 дзён на тыдзень, — расказвала ўрач-нефролаг Вольга Касцень. — За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту яно аснашчана сучасным абсталяваннем, неабходным для правядзення працэдуры. Дадаткова адзін апарат штучнай ныркі з сістэмай водападрыхтоўкі ўстаноўлены ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі стацыянара бальніцы. Гэта дазваляе своечасова аказваць дапамогу пацыентам з вострым нырачным пашкоджаннем, якія знаходзяцца ў цяжкім стане, у тым ліку на штучнай вентыляцыі лёгкіх.

За 16 гадоў работы аддзялення лячэнне метадам гемадыялізу атрымалі больш за 200 жыхароў раёна.

Пры адсутнасці супрацьпаказанняў пацыенты з хранічнай хваробай нырак праходзяць пэўныя абследаванні для пастаноўкі ў рэспубліканскі ліст чакання трансплантату ныркі. Грамадзя­нам Рэспублікі Беларусь та­кія аперацыі праводзяцца бясплатна і выконваюцца ва ўсіх абласных цэнтрах краіны. Сёння на Пастаўшчыне пражываюць 10 чалавек з нырачным трансплантатам.

— Калі раней да развіцця хранічнай хваробы нырак прыводзілі ў асноўным іх першасныя захворванні — нефрыты, прыроджаныя анамаліі, то ў апошні час пераважаюць другасныя нефрапатыі — цукровы дыябет, артэрыяльная гіпертэнзія, сардэчна-сасудзістыя захворванні, — працягвала Вольга Анатольеўна. — Таму пацыентам, якія іх маюць, вельмі важна кантраляваць узровень глюкозы ў крыві, артэрыяльны ціск, рэгулярна здаваць аналізы для кантролю ліпіднага спектра і паказчыкаў азоцістага абмену. Таксама неабходна павялічыць фізічную актыўнасць, сачыць за вагой, ужываць менш солі і больш агародніны і садавіны.

Усім жыхарам раёна спецыяліст раіць рэгулярна праходзіць дыспансерызацыю. Пры своечасовай дыягностыцы захворванняў, выяўленні іх на ранніх стадыях, выкананні рэкамендацый урачоў па прыёме лекавых прэпаратаў, змяненні ладу жыцця, у тым ліку адмаўленні ад тытунекурэння і ўжывання спіртнога, можна запаво­ліць наступленне хранічнай хваробы нырак 5-й стадыі і патрэбу ў замяшчальнай нырачнай тэрапіі. Памятайце: хваробу лягчэй папярэдзіць, чым потым лячыць.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.