Идея из технопарка: проект Анны Кузьмич из Воропаева покорил жюри «100 идей для Беларуси»

Важное Образование

«Стварэнне біялагічна актыўных дабавак у форме капсул з расліннай сыравіны метадам ліяфілізацыі» — так называецца работа 10-класніцы Варапаеўскай СШ Ганны Кузьміч, з якой яна перамагла ў канцы студзеня на абласным этапе рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі».

Працаваць над стварэннем БАДаў дзяўчына пачала яшчэ ў мінулым навучальным го­дзе ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, дзе была на лютаўскай змене па напрамку «Біятэхналогіі». Трапіла туды з другой спробы і выдатна праявіла сябе, атрымаўшы магчымасць прадоўжыць навучанне дыстанцыйна. Падчас дыстанту пад кіраўніцтвам выкладчыка, які вёў на змене яе праект «Атрыманне ліфілізаванага пюрэ», вырашыла расшырыць выбраную тэму.

— У тэхнапарку я навучылася ператвараць ягады і агародніну ў парашок шляхам замарожвання і сублімацыі, — расказвала мне. — А калі знаходзілася на дыстанцыйным навучанні, прыйшла ідэя змясціць іх у жэлацінавыя капсулы, якія абараняюць ад святла і вільгаці і тым самым павялічваюць тэрмін прыдатнасці расліннай сыравіны. Такім чынам зрабіла шэсць відаў капсул: з парашкамі з чорных парэчак, чарніц, маліны, морквы, цыбулі і гарбуза.

Идея из технопарка: проект Анны Кузьмич из Воропаева покорил жюри «100 идей для Беларуси»

Са сваім праектам Аня ­ўдзельнічала ў раённым і абласным конкурсах работ даследчага характару навучэнцаў. У «Глорыі» заваявала дыплом ІІ ступені, у «Эўрыцы» — ІІІ ступені. Але найбольшага поспеху дабілася ў конкурсе «100 ідэй для Беларусі», выйшаўшы ў фінал рэспубліканскага спаборніцтва. Для яго, уласна кажучы, і пісала работу.

— Журы спадабалася арыгінальнасць майго праекта, — працягвала школьніца. — Па-першае, ліяфілізацыя ў Беларусі толькі пачынае развівацца. А па-другое, карысны прадукт у капсуле лёгка ўжываць. Напрыклад, не ўсе любяць свежую цыбулю. А ў высушаным выглядзе яна не мае ярка выражанага спецыфічнага паху, пры гэтым захоўвае ўсе вітаміны, і яе парашок можна дабаўляць у супы і іншыя стравы. Таксама парашкі з расліннай сыравіны могуць выкарыстоўвацца ў вытворчасці касметычных сродкаў.

Ганна Кузьміч — адна з зорачак Варапаеўскай СШ, ра­зумніца і выдатніца. З 6 класа яна ўдзельнічае ў рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе. Пачынала з геаграфіі. А потым прыйшоў новы настаўнік біялогіі Таццяна Насевіч, якая захапіла сваім прадметам. Разам з біялогіяй дзяўчына стала больш цікавіцца і хіміяй, ездзіць на алімпіяду па іх. Так, сёлета заняла 1-я месцы ў раёне і прайшла на вобласць. Але трапіць у прызёры там не ўдалося.

Наперадзе ў Ані амаль паўтара года вучобы ў школе. Але яна ўжо цяпер думае пра выбар прафесіі. Спачатку збіралася паступаць на вытворчасць лекавых сродкаў у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт або на хімфак БДУ. А ў апошні час зацікавілася дыягностыкай у медыцыне і хоча падаць дакументы ў гродзенскі мед­універсітэт, дзе рыхтуюць такіх спецыялістаў. А яшчэ марыць зноў трапіць у тэхнапарак, каб атрымаць рэкамендацыю для паступлення ў ВНУ. З ёй стаць студэнткай будзе намнога прасцей.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.