На хвалі радасці прайшло ў нядзелю ў раённым Доме культуры святкаванне Дня жанчын.
Вітаючы віноўніц урачыстасці, старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Кісялёў адзначыў:
— Вы ўвабралі ў сябе ўсё самае лепшае: мудрасць, дабрыню, спагадлівасць самаахвярнасць. Невыпадкова кіраўнік нашай дзяржавы аб’явіў 2026 год Годам беларускай жанчыны. Ваш уклад у развіццё раёна і краіны бясцэнны. Вы працуеце ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, адукацыі, ахове здароўя, сацыяльнай абароне, бытавым абслугоўванні, іншых сферах і ўсюды дабіваецеся поспехаў. Нароўні з мужчынамі стаіце на варце Айчыны і захавання правапарадку ў грамадстве. Заслугоўваюць падзякі і пашаны ветэраны працы.
З асаблівым трапятаннем Юрый Мікалаевіч гаварыў пра высокую місію мацярынства. На Пастаўшчыне 453 мнагадзетныя сям’і, з іх у 24-х — пяцёра і больш дзяцей. 44 пастаўчанкі маюць ордэн Маці. Вялікай удзячнасці і павагі заслугоўваюць сем’і, што ахінулі клопатам і абагрэлі душэўным цяплом дзяцей, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. На Пастаўшчыне 30 апякунскіх сем’яў, 16 — прыёмных, 2 дамы сямейнага тыпу.
Звяртаючыся да маладзейшага пакалення, Юрый Кісялёў адзначыў:
— Вы — маладыя, прыгожыя, таленавітыя, не баіцеся ніякіх цяжкасцей. Будучыня Пастаўшчыны — у вашых руках! Кахайце, стварайце сем’і, заставайцеся ў родным краі, упрыгожвайце і ўзбагачайце яго!
Пацвярджэннем таго, што нашы жанчыны не толькі прыгожыя і сардэчныя, але і сапраўдныя прафесіяналы, стала ўзнагароджанне на свяце 10 найлепшых з іх у розных намінацыях. Яны атрымалі кветкі, граматы раённага выканаўчага камітэта, сертыфікаты.
Як заўсёды, работнікі культуры парадавалі цудоўным канцэртам. Асабліва кранальнымі былі выступленні дзяцей. Свята падарыла жыхаркам раёна ўвагу, музыку і песні, гармонію і любоў. Няхай жа самыя светлыя пачуцці саграваюць іх і ў далейшым, бо, нагадаю, 2026 год — наш год!
Уганараваныя
- Валянціна Таяновіч — аператар машыннага даення ААТ «Хацілы-агра» (намінацыя «Гаспадыня сяла»)
- Аліна Чарнюк — дырэктар раённага Дома культуры (намінацыя «Духоўнасць і культура»)
- Алёна Юрынёнак — дырэктар Пастаўскага льнозавода (намінацыя «Паспяховы кіраўнік»)
- Вольга Касцень — намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы ЦРБ (намінацыя «Сэрца аддаю людзям»)
- Таццяна Пасечнік — маці-выхавальнік дзіцячага дома сямейнага тыпу (намінацыя «Мацярынская слава»)
- Юлія Касцюк — старшыня маладзёжнага Савета пры раённым Савеце дэпутатаў, настаўнік СШ №1 (намінацыя «Віват моладзь!»)
- Іна Краўчук — дырэктар цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (намінацыя «Актыўная грамадзянская пазіцыя»)
- Тамара Зубко — старшы памочнік пракурора раёна (намінацыя «За вернасць абавязку»)
- Ала Краўчанка — настаўнік пачатковых класаў СШ №3 (намінацыя «Мудрасць і прызванне»)
- Фаіна Касаткіна — ветэран працы, карэспандэнт раённай газеты «Пастаўскі край» (намінацыя «Не старэюць душой ветэраны»)
Больше фото в группах в ОК и ВК
Фаіна Касаткіна
Фота Наталлі Налей










