Машынна-трактарны парк ААТ «Камайскі-агра» папоўнілі два новыя «Беларусы-3522». Іх замацавалі за Іосіфам Гайлюном і Вадзімам Дуброўскім.
— У гаспадарцы я чалавек новы, усяго трэці месяц ля штурвала, — гаварыў дырэктар сельгаспрадпрыемства Віталій Цыронак. — Таму раіўся з галоўнымі спецыялістамі, каму даверыць энерганасычаныя трактары. Сышліся на кандыдатурах Іосіфа і Вадзіма.
Гэтых вопытных механізатараў даўно ведаю і я. Яны звычайна задзейнічаныя на найбольш адказных участках: ворыве, сяўбе. І ўсюды дабіваюцца высокай выпрацоўкі, работы выконваюць якасна.
Уся працоўная біяграфія Іосіфа Гайлюна звязана з камайскімі землямі. Працуе на іх механізатарам з чэрвеня 1990 года. Адказны, сумленны. Яму падуладная розная тэхніка.
Вадзім Дуброўскі маладзейшы за яго, але таксама вопытны хлебароб.
— Гэта першы новы трактар, які я атрымаў за 14 гадоў механізатарскага стажу, — расказваў Вадзім. — Працаваў на Т-40, Т-16, МТЗ-80, -82, -1221, дзе была толькі механіка, ніякай электронікі. Апошнія гады — на энерганасычаным «Беларусе-3022». А гэты яшчэ больш сучасны. На яго ўскладаю вялікія надзеі. Адзін аўтапілот чаго варты! Ён дапаможа больш якасна і араць, і сеяць.
Да новых трактароў ёсць і новыя прычапныя агрэгаты. Нядаўна гаспадарка атрымала культыватар. Неўзабаве паступяць сеялкі, прычэп і іншае.
— Заўтра рана, пакуль зямлю трымае марозік, выедзем на падсеў шматгадовых траў, унясенне мінеральных удабрэнняў. Вясна для аграрыяў стартавала! — рэзюмаваў кіраўнік гаспадаркі.
Анна Анішкевіч

