Калектыў Пастаўскага ТЦСАН налічвае 263 жанчыны. Гэта адна з самых «жаночых» арганізацый раёна. Уважлівасць, тактоўнасць і міласэрнасць – галоўныя якасці супрацоўніц, якія прысвяцілі сябе дапамозе пажылым, адзінокім і хворым людзям.
Сацыяльны работнік Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольга Віршыла не толькі дапамагае сваім падапечным з гаспадарчымі справамі, але і напаўняе іх жыццё душэўнай цеплынёй.
Вольга жыве ў Навасёлках-II. Да Камай, дзе пражывае большасць яе падапечных, дабіраецца на рэйсавым аўтобусе ці ўласным аўтамабілі. Па Камаях і ў Філіпоўцы з вясны па восень ездзіць на веласіпедзе. Пра бабуль яна расказвае з вялікай павагай і любоўю, як пра самых блізкіх і дарагіх людзей. Над Браніславай Бразоўскай з Камай, Сабінай Ворсай з Філіпоўцаў апякуецца з першага дня работы ў ТЦСАН. За гэты час яна стала для іх нібыта дачка.
— Пажылым, асабліва адзінокім, вельмі важна, каб я паслухала іх успаміны пра маладосць, пра тое, што іх непакоіць. У кожнага за плячыма свой шлях, свае дасягненні і праблемы. Я ўжо вывучыла характары сваіх бабуль, звычкі, знайшла да кожнай індывідуальны падыход. У нашай рабоце няма нічога складанага — трэба проста любіць людзей. А яшчэ — выслухаць, паспагадаць, пагутарыць, падтрымаць у любы момант.
Да прыходу ў сацыяльную службу Вольга Віршыла працавала паштальёнам. На новым месцы асвоілася хутка. Зараз на яе абслугоўванні — 10 чалавек. Абавязкі ў сацыяльнага работніка розныя: купіць падапечным прадукты і лекі, нанесці вады і дроў, прыгатаваць стравы, прыбраць у пакоях і інш. Да кожнага адносіцца добразычліва, ахінае клопатам і ўвагай, дорыць часцінку сваёй душы.
— Сацыяльны работнік — прафесія складаная, — гаварыла мне старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ТЦСАН Ганна Хромчанка. — Яна патрабуе ад чалавека не толькі спецыяльных ведаў і навыкаў, высокай кваліфікацыі, але і асаблівага душэўнага складу. Догляд людзей адзінокіх, часам нямоглых — гэта самаахвярнасць. І ўсё пералічанае характэрна для Вольгі. Яна на добрым рахунку ў кіраўніцтва ТЦСАН. Безадмоўная, сумленная, надзейная. За 10 гадоў яе работы не ўзнікала ніякіх канфліктаў, не паступіла ніводнага наракання. З вялікай адказнасцю вядзе дакументацыю.
Па выніках работы за мінулы год Вольга Віршыла ўдастоена граматы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. У 2024-м — яе фотаздымак быў занесены на Дошку гонару ўпраўлення. А для самой жанчыны найлепшая ўзнагарода, калі яе абслугоўваннем задаволеныя падапечныя.
Сёння ў Вольгі двайное свята — 8 Сакавіка і юбілейны дзень нараджэння. Віншаванні будзе прымаць ад мамы, мужа, сына і дачушкі, трох родных братоў, іншых родных, кіраўніцтва ТЦСАН і, вядома, сваіх падапечных.
Анна Анішкевіч
Фота даслала Ганна Хромчанка

