27 лютага Паставы афіцыйна прынялі эстафету культурнай сталіцы Беларусі і адкрылі год маштабных падзей. Якім ён будзе, што чакае пастаўчан і гасцей горада, карэспандэнт «ПК» Алена Шапавалава пацікавілася ў начальніка аддзела культуры райвыканкама Ірыны Лойкі.
— Ірына Францаўна, культурны марафон на Пастаўшчыне стартаваў. З якім настроем яго пачынаеце?
— З баявым, па-іншаму нельга. Наперадзе — маса розных мерапрыемстваў як раённага, так і абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў. І мы, работнікі культуры, збіраемся выкласціся на сто, а магчыма, і больш працэнтаў, каб усе яны атрымаліся яркімі, цікавымі, надоўга запомніліся жыхарам і гасцям нашага горада. У плане правядзення рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца Беларусі-2026» — 92 мерапрыемствы.
— Безумоўна, пералічыць усё запланаванае на старонках газеты немагчыма. Назавіце, калі ласка, асноўнае.
— Важнай падзеяй стане фінал нацыянальнага адбору да дзіцячага і дарослага вакальных конкурсаў XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Ён адбудзецца 21 сакавіка ў раённым Доме культуры. Акрамя канкурсантаў, да нас прыедзе вялікая колькасць прафесійных артыстаў і музыкантаў. Мерапрыемства будзе трансліравацца ў прамым эфіры тэлеканала «Беларусь 3». Трапіць на яго жыхары раёна змогуць па білетах, якія хутка з’явяцца ў продажы. Набывайце іх і прыходзьце падтрымаць удзельнікаў адбораў!
У красавіку запланаваны канцэртныя праграмы ансамбля «Талака» Віцебскай абласной філармоніі і Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры». Са спектаклем завітае Беларускі тэатр «Лялька» з абласнога цэнтра.
Адначасова з вялікімі культурна-масавымі мерапрыемствамі будуць працаваць цікавыя музейныя экспазіцыі. Напрыклад, 15 сакавіка Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту прывязе ў Паставы сваю выставу «Народныя іконы Беларусі», а ў красавіку адкрыецца выстава Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
У маі збіраемся правесці пленэр разьбяроў па дрэве пад назвай «Легенды і паданні роднага краю». Мяркуем, што ўдзел у ім прымуць прадстаўнікі Беларускага саюза майстроў, а работы, якія яны выканаюць, застануцца ў Паставах і ўпрыгожаць наш горад.
Чэрвень традыцыйна пройдзе пад знакам Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». Сёлета ён адбудзецца 12—14 чэрвеня і будзе юбілейным — 35-м па ліку, а праграма музычнага форуму — як звычайна, насычанай. Акрамя традыцыйных мерапрыемстваў, у рамках фестывалю сёлета плануем адкрыць побач з Домам рамёстваў арт-аб’ект «Жорны». За яго аснову возьмем знойдзены млынавы камень.
Таксама ў чэрвені ў Паставы прыедзе Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр з мюзіклам «Дзяўчаты». У ліпені чакаем са спектаклем Тэатр-студыю кінаакцёра. А ў верасні тэатр «Лялька» прывязе пастаноўку для дзяцей.
У планах на гэты месяц таксама выступленне Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя Міхаіла Фінберга, свята цымбальнай музыкі з удзелам юных выканаўцаў Пастаўскай ДШМ імя А. Тызенгаўза і цымбальнага аркестра «Лілея» Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Яго правядзём упершыню. Плануем аднавіць свята арганнай музыкі. Для ўдзелу ў ім запрошаны выканаўцы з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа і Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
У кастрычніку на базе раённага Дома культуры пройдзе абласны конкурс вясельных абрадаў Віцебшчыны «Вялікая вясельніца». З канцэртам прыедуць навучэнцы Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа. Сваю экспазіцыю прывязе Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Ну а завяршыцца культурны марафон у снежні ўрачыстым закрыццём рэспубліканскай акцыі ў Паставах. Думаю, яно будзе не менш яркім, чым адкрыццё. Ва ўсялякім выпадку, мы пастараемся здзівіць нашых гледачоў.
— Праграма вялікая і разнастайная. Сумаваць жыхарам і гасцям горада не давядзецца…
— Так. І гэта далёка не ўсё, што чакае іх у бягучым годзе. Будзе вялікая колькасць мерапрыемстваў, прымеркаваных да дзяржаўных і прафесійных свят, іншых дат у календары. Шмат творчых праектаў рэалізуюць нашы школы мастацтваў, РДК, Цэнтр культуры і народнай творчасці раёна. Называць усе не буду, праанансую толькі адзін з новых і найбольш цікавых — «Тыдзень смаку», які пройдзе ў красавіку. Падчас яго кожны дзень у тым ці іншым аграгарадку раёна будзе ладзіцца прэзентацыя страў, занесеных у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны краіны. А ў канцы тыдня ў Андронах адбудзецца вялікая вечарына з дэгустацыяй гэтых страў, народнымі танцамі і гульнямі.
Запрашаю ўсіх жыхароў горада і раёна на нашы мерапрыемствы. А каб не прапусціць іх, уважліва сачыце за афішамі, у тым ліку ў сацыяльных сетках.

