У мінулы чацвер у канцэртнай зале Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза ў рамках рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца Беларусі» прайшоў святочны канцэрт «Спадчына пад белымі крыламі».
Удзельнікамі праграмы сталі найлепшыя творчыя калектывы раёна: народныя ансамблі народнай музыкі і песні «Вітанне», «Заранка», «Маладзіца» Пастаўскай і Варапаеўскай ДШМ, а таксама Навасёлкаўскага філіяла апошняй і, канешне ж, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль «Паазер’е». На адной сцэне з імі выступілі юныя цымбалісты: стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Гардзей Кірплюк і лаўрэаты міжнародных конкурсаў Ксенія Лысёнак і Вера Чагарына, удзельнікі харэаграфічнага ансамбля «Пралескі».
Чароўныя гукі цымбалаў, напеўныя беларускія песні і самабытныя танцы арганічна спалучаліся з вершамі мясцовых літаратараў Вольгі Лісіцкай, Наталіі Карнілавай і Марыны Трушынай, якія мастацкім словам услаўлялі нашу малую радзіму, прызнаваліся ў любові Беларусі. Асаблівую атмасферу вечара дапамаглі стварыць арганізаваныя ў фае канцэртнай залы работнікамі Дома рамёстваў «Стары млын» і цэнтральнай раённай бібліятэкі выставы народнай творчасці і мастацкай літаратуры беларускіх класікаў і сучасных аўтараў.
Вечар атрымаўся цёплым, душэўным і патрыятычным, прайшоў з аншлагам.
Алена Шапавалава

