Сяўба ранніх яравых зерневых на Пастаўшчыне выйшла на фінішную прамую. На 14 красавіка імі засеяна 4 940 га з 6 036 запланаваных, што складае 82% ад задання.
Першымі адсеяліся ААТ «Сцяг Перамогі-агра» і СП «Дунілавічы-агра». Гэтыя гаспадаркі разам з ААТ «Кураполле-агра», «Камайскі-агра» і «Янавіца-агра» ўваходзяць у склад аграпрамысловага аб’яднання, якое ў лютым 2020 года, згодна з Указам Прэзідэнта Беларусі №70 «Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці», было створана на базе Пастаўскага малочнага завода. З таго часу прадпрыемства пастаянна падстаўляе сваё надзейнае плячо і аказвае значную дапамогу аграрыям пяці гаспадарак у правядзенні ўсіх сельскагаспадарчых работ.
У панядзелак з намеснікам дырэктара малочнага завода Канстанцінам Гайлеўскім пабывала на некаторых палях, дзе працавала заводская тэхніка і людзі.
— На сяўбе, падрыхтоўцы глебы, падкормцы пасеваў у ААТ «Сцяг Перамогі-агра» сёлета задзейнічана нямала нашых механізатараў, — расказваў Канстанцін Генрыхавіч. — З плугамі працавалі Валерый Тарговіч і Віктар Чарняўскі, на дыскаванні, культывацыі глебы — Генадзій Шушкевіч, Аляксандр Ханяўка і Валерый Пупкевіч. Травы сеялі Віктар Чарняўскі і Уладзімір Гінько. Сенакосы і пашу падкормліваюць Андрэй Плюта і Аляксандр Ракель. Алік Смільгінь дастаўляў карбамід-аміячную салетру. Яе і два вагоны сульфатамонію завод набыў за ўласныя сродкі. Азотнымі ўдабрэннямі азімыя зерневыя і рапс па першым разе падкарміў з дапамогай «Расы» Ян Губскі. Цяпер ён па другім разе сілкуе азімы рапс. Падвозіць КАС у поле Ігар Шыхаў.
Механізатараў засталі ў полі каля Русін. Ян пад’ехаў на дазапраўку. Была хвіліна, каб пагутарыць. На заводзе малады мужчына чацвёрты год. Да гэтага жыў ў Нарачы, працаваў у Нацыянальным парку. І ён, і жонка родам з Пастаўшчыны, і іх цягнула на радзіму. У Паставах купілі дом. У сям’і выхоўваюцца сын і тры дачушкі. Работай і зарплатай тут механізатар задаволены.
Папрацаваў у далечыні ад радзімы і Аляксандр Плюта. Вярнуўся ў Паставы і радуецца, што можа пастаянна быць з роднымі. Яго сфатаграфавала на падкормцы пашы каля Агароднікаў.
У механізаваным атрадзе завода 26 механізатараў, 21 з іх заняты непасрэдна на палявых работах.
Іх можна сустрэць у любой з пяці гаспадарак АПА.
У гэтыя дні бацька і сын Адзінцы дапамагаюць ААТ «Кураполле-агра» на апрацоўцы глебы, Аляксандр Ханяўка і Уладзімір Гінько — на ворыве глебы на дунілавіцкіх землях, Ігар Гутар, Васілій Чабуранаў і Віктар Шушкевіч камандзіраваныя ў ААТ «Камайскі-агра».
Наш далейшы шлях з ААТ «Сцяг Перамогі-агра» пралёг у ААТ «Янавіца-агра».
— Паглядзіце па правы і па левы бок, — звяртае маю ўвагу Канстанцін Генрыхавіч па дарозе на Дварчаны. — Як акуратна праведзена сяўба! Гэта заслуга Леаніда Насыра. Яравыя зерневыя ў ААТ «Сцяг Перамогі-агра» ён сеяў разам з мясцовым механізатарам Сяргеем Шчарбаковым. Леанід —вельмі адказны. Яго работу не трэба кантраляваць: сам разумее, што сяўба — важны этап.
У «Янавіцы-агра» каля Бялянішак на энерганасычаным трактары з новымі плугамі араў Артур Чапскас. На іншым полі на трактары з дыскамі працаваў Генадзій Шушкевіч. Культываваў глебу Васілій Чабуранаў. Асноўны фронт яго работы ў ААТ «Камайскі-агра». Але, каб пазбегнуць затрымкі з падрыхтоўкай глебы ў «Янавіцы», Васілія на адзін дзень перакінулі на палескія землі. На новай сеялцы, якую завод набыў летась, яравыя тут сеяў Леанід Насыр.
Канстанцін Гайлеўскі трымае на пільным кантролі ход палявых работ ва ўсім аграаб’яднанні, аператыўна рэагуе на форс-мажорныя сітуацыі і прымае рашэнні. Будучы ў полі, ён у кожнага механізатара цікавіўся, як працуецца, ці смачна кормяць, якія ёсць пытанні да кіраўніцтва.
— Як толькі пацяплее і глеба прагрэецца — пачнём сеяць кукурузу, — працягваў Канстанцін Гайлеўскі. — Гэтым будуць займацца Аляксандр Шыкуць і Валерый Руткоўскі. Калі спатрэбіцца, пераабсталюем і сеялку Леаніда Насыра. Удзячны кожнаму механізатару за старанне!
Летась малочны завод набыў новую сеялку, два дыскатары, культыватар, два плугі, два прычэпы для вывазкі арганікі і два прычэпы для траспарціроўкі сянажнай масы. Ёсць тэхніка і прычапныя агрэгаты, а вось рабочых рук магло б быць больш. Таму, калі пажадаеце папоўніць механізатарскі атрад малаказавадчан, звяртайцеся на прадпрыемства. Годная зарплата і поўны сацыяльны пакет гарантаваныя.
Анна Анішкевіч





