Свежий воздух и молодая трава идёт на пользу коровам на выпасе

Сельское хозяйство

У мяне, вясковай, заўсёды выклікаюць замілаванне каровы на выпасе. Нядаўна з першым намеснікам начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуардам Януковічам пабывала ў полі, дзе пасвіўся статак фермы «Пятровічы» СП «Дунілавічы-агра».

Усё па графіку

Ішла ранішняя дойка. Цікава было назіраць, як рагулі па чарзе падыходзілі кожная да свайго месца. Там іх чакалі прысмакі ў выглядзе канцэнтратаў. Руплівыя аператары Ала Ермаковіч, Галіна Мычко і падменная Анастасія Пятровіч (Ірына Кухальская была на выхадным) абмывалі ім вымя, здойвалі першыя струмені малака, падключалі даільныя апараты. Бачкі хутка напаўняліся сырадоем. Малако працэджвалі ў бітоны. Пастухі пералівалі яго ў спецыяльную бочку. Работа ішла зладжана. Аддаўшы малако, каровы накіроўваліся ў клетку, дзе адны пачыналі скубці сакавітую траву, іншыя клаліся адпачываць. У полі быў і асемянатар Сяргей Якімовіч.

Свежий воздух и молодая трава идёт на пользу коровам на выпасе

— Свежае паветра, маладая трава — на карысць жывёле, — гаварыла загадчыца фермы (яна ж ветурач) Ганна Лакеева. — Сёлетняя вясна выдалася халоднай. Начамі былі замаразкі. У сельскай гаспадарцы ад надвор’я залежыць не толькі праца хлебаробаў — жывёлагадоўля таксама. З-за засухі не расла трава. Нарэшце прайшлі дажджы, пацяплела. Спадзяёмся на рост надояў. Старання ж ні аператарам, ні пастухам не пазычаць.

У гаспадарцы загадзя падрыхтаваліся да кругласутачнага выпасу: выканалі ветэрынарна-прафілактычныя мерапрыемствы, наладзілі перасоўныя даільныя ўстаноўкі, падрыхтавалі ёмістасці для малака і паення жывёлы, печкі для падагрэву вады, электраправодку для агароджы, перасоўныя бытавыя памяшканні для работнікаў. Каровы, пакуль прывыкалі да новых умоў, некаторы час паводзілі сябе на пашы неспакойна, асабліва цялушкі. Хапае клопатаў пастухам, якія працуюць пазменна. Іх абавязкі — рыхтаваць клеткі для франтальнага выпасу (чатыры на дзень і адну на ноч), сачыць за станам здароўя жывёлы, прымаць ацёлы, адпраўляць нованароджаных цялят у групы дарошчвання.

Свежий воздух и молодая трава идёт на пользу коровам на выпасе

Адказныя пастухі і аператары

На ферме ў Пятровічах утрымліваецца каля 400 кароў. У полі яны пасвяцца ў двух гуртах: адзін — каля Дунілавіч, другі — каля Свідна. У дзень, калі мы былі на дойцы каля Дунілавіч, пастухі Юрый Кухарэўскі і Павел Мароз рыхтаваліся здаваць змену Сяргею Прыходзьку і Мікалаю Ермаковічу. Мікалай прыехаў раней, каб дапамагчы жонцы, якая працуе тут аператарам.

— Работа ў яе нялёгкая, — расказваў Мікалай Ермаковіч. — На ферме даіць прасцей: каровы знаходзяцца на прывязі, малако па малакаправодзе паступае ў халадзільнік. У полі ж кожную рагулю трэба загнаць у клетку для дойкі, малако ўручную перанесці да бітонаў. А колькі праблем бывае, калі пачынаецца спёка, даймаюць авадні! І з-за дажджу ці навальніцы дойку не перанясеш: усё павінна быць па графіку. Таму стараюся хоць чым-небудзь дапамагчы сваёй Але.

Свежий воздух и молодая трава идёт на пользу коровам на выпасе

Ермаковічы ўсё жыццё ў жывёлагадоўлі. І іх дачка Людміла пайшла бацькоўскай дарогай: працуе аператарам на гэтай жа ферме. Летам яе група ўваходзіць у гурт, што пасвіцца каля Свідна. Зяць Юрый Казаровец падвозіць туды ваду, канцэнтраты, соль, адказны і за работу перасоўнай дойкі.

У гурце ля Дунілавіч за забеспячэнне жывёлы вадой у полі адказны механізатар Алег Вярцінскі. Пакуль на суткі хапае дзвюх бочак. Наступіць спёка — расход вады павялічыцца. Малако з поля забірае і адвозіць на ферму ў халадзільнік вадзіцель малакавоза Сцяпан Міхалевіч. Адтуль прадукцыя цэнтравывазам пастаўляецца на малочны завод. За якасцю малака сочыць лабарант Валянціна Нядбайлава.

Пашавы перыяд называюць сезонам вялікага малака. Але, каб яго атрымаць, не дастаткова зялёнай травы. Трэба яшчэ строга выконваць усе тэхналагічныя патрабаванні. Толькі ў такім выпадку магчыма дабіцца эфектыўнасці ў малочнай вытворчасці.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.