Быть полезными там, где родились, стремятся молодые механизаторы ОАО «Хотилы-агро»

Сельское хозяйство

Мікалай Волк, Андрэй Малец, Арцём Чашун — сыны патомных хлебаробаў. Таму і не дзіўна, што пайшлі па іх слядах. Коля і Андрэй тэрміновую службу праходзілі ў элітных войсках, мелі магчымасць застацца на службу па кантракце. Але не здрадзілі зямлі — вярнуліся на малую радзіму. Іх можна сустрэць на вывазцы арганікі, падрыхтоўцы глебы, перавозцы зялёнай масы, збожжа. Падчас сёлетняй корманарыхтоўкі Андрэй Малец на прэс-падборшчыку «Ф’южн» загортваў у стрэйч-плёнку правяленую зялёную масу, Мікалай Волк адвозіў яе.

Арцём Чашун — іх маладзейшы калега. Скончыў Пастаўскі дзяржаўны каледж. У ААТ «Хацілы-агра» праходзіў вытворчую практыку, адпрацаваў належныя два гады і вырашыў тут застацца. Кіраўніцтва гаспадаркі ацаніла яго цягу да тэхнікі, добрасумленнасць: Арцёма пасылаюць на адказныя работы. Два сезоны самастойна ўбіраў збожжавыя, летась быў у ліку тысячнікаў. Гэтай вясной за маладым механізатарам замацавалі новы МТЗ-1533. На ім упершыню сеяў яравыя. Вучылі гэтаму хлопца вопытныя сеяльшчыкі Уладзімір Банькоўскі і Аляксей Власаў. Па любым пытанні Арцём можа параіцца са сваім бацькам.

Станіслаў Смірноў у сям’ю хацілаўскіх механізатараў уліўся пару месяцаў таму. З Міёрскага раёна сюды яго прывяло жаданне больш зарабіць. Пра тое, што ААТ «Хацілы-агра» — моцная гаспадарка, ведаў ад сваіх старэйшых землякоў, якія даўно тут абуладкаваліся. Прыехаў і ён. Станіслава прыязна прынялі вопытныя калегі, ён хутка пасябраваў з маладымі механізатарамі. Цяпер стараецца сябе зарэкамендаваць з найлепшага боку. Вясной вывозіў на палі арганіку, падчас корманарыхтоўкі дастаўляў да сянажнай траншэі зялёную масу. Яго прозвішча значылася сярод перадавікоў раённага спаборніцтва. З жонкай, якая працуе ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі, у Паставах здыма­юць кватэру, спадзяюцца, што з часам атрымаюць сваё жыллё.

— Разумею, што ў аграрыяў вольнага часу няшмат. Але калі бываюць выхадныя, як іх праводзіце? — цікаўлюся ў моладзі.

— Было б жаданне — забаў хапае, — адказаў за ўсіх Арцём Чашун. — Раней часта разам з Андрэем Мальцам, Юрыем Хацяновічам выбіраліся на Нарач, у Мінск, іншыя гарады. Пазнаваць Беларусь вельмі цікава. Цяпер Андрэй спяшаецца да жонкі і дзяцей, якіх у пары двое. У мяне шмат сяброў, і ў кожнага — аўтамабіль. Выхадных, вядома, малавата. Але мы разумеем, што на плячах хлебаробаў — харчовая бяспека краіны, таму не наракаем ні на што, а рупімся. У Хацілах нас усё задавальняе, зарплата годная. Лічым: тут нарадзіліся — тут і карысць прыносіць павінны.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.