25 сакавіка ў Віцебску назвалі пераможцаў абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2026».
У барацьбу за званне найлепшых педагогаў Віцебшчыны ўступілі 105 прадстаўнікоў паўночнага рэгіёна, сярод якіх былі чатыры нашы землякі — пераможцы раённага этапа рэспубліканскага спаборніцтва ў намінацыях. Гэта настаўнік нямецкай мовы Навасёлкаўскай СШ імя А. А. Валодзькі Вольга Ярашэвіч, выкладчык інфарматыкі СШ №1 Пастаў Георгій Несцяровіч, настаўнік музыкі трэцяй гарадской школы Наталля Бароўка і малады педагог Пастаўскай гімназіі, якая працуе ў пачатковых класах, Аляксандра Вярэнька. Трое з іх — Вольга Ярашэвіч, Наталля Бароўка і Георгій Несцяровіч — па выніках завочнага тура ў ліку 45 прэтэндэнтаў на перамогу прадоўжылі барацьбу ў вочным туры конкурсу.
Ён складаўся з двух этапаў. На першым, які праходзіў з 9 па 20 сакавіка, удзельнікаў чакалі самапрадстаўленне, псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, майстар-класы і адкрытыя ўрокі ў незнаёмых класах з іх самааналізам. Пасля чаго журы выбрала 25 фіналістаў, якія прынялі ўдзел у заключных выпрабаваннях «Міні-ўрок» і «Прафесійная дыскусія «За і супраць», дзе змаглі прадэманстраваць свае педагагічныя знаходкі і крэатыўны падыход да сучаснай адукацыі.
Усе трое пастаўчан паспяхова дайшлі да канца конкурсу. І хоць не сталі яго прызёрамі (у кожнай намінацыі выбіраўся толькі адзін пераможца, які паедзе на «рэспубліку»), дамоў вярнуліся з дыпломамі лаўрэатаў.
— Я вельмі задаволеная тым, як выступілі нашы настаўнікі, — гаварыла загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Волкава. — Тое, што амаль усе аказаліся ў фінале, — рэдкасць. Гэта сведчыць пра высокі прафесійны ўзровень пастаўскіх педагогаў.
Алена Шапавалава

