У мінулую суботу ў Паставах адкрыўся чарговы футбольны сезон

Спорт и туризм

У мінулую суботу ў Паставах адкрыўся чарговы футбольны сезон.

Тут павінен быў адбыцца міжраённы турнір «Вясна-2026» з удзелам чатырох каманд. Аднак клубы з Глыбокага і Міёр з розных прычын адмовіліся ад удзелу. Таму прайшоў рашаючы матч пастаўчан з камандай Браслава, якая летась выступала ў паўночным дывізіёне 2-й лігі ў групе «С» і фінішавала на 4-м выніковым месцы.

ФСК «Паставы»–«Дрывяціч» (Браслаў) – 12:0

У складзе каманды саперніка з-за адсутнасці некалькіх моцных ігракоў гулялі маладыя футбалісты. У нашых таксама не было шэрага лідараў, але ім знайшлася годная замена. Да таго ж у стартавым складзе з’явілася двое моцных навічкоў — апорныя паўабаронцы Уладзімір Дзяменцьеў і Яўген Квяткевіч. Як ні стараліся нашы суседзі, пастаўчане мелі ў гульні вялізную перавагу, упэўнена валодалі мячом. Ужо на 3-й хвіліне сапернік у штрафной пляцоўцы збіў цэнтрфорварда Кірыла Каралёнка, і Дзяніс Маршын з пенальці адкрыў лік. Затым Кірыл падвоіў перавагу ў стылі Марадоны. Прыгожыя галы правялі таксама Дзмітрый Кундра, Уладзімір Камісарчук і Арцём Абалевіч.

У мінулую суботу ў Паставах адкрыўся чарговы футбольны сезон

Характар барацьбы не змяніўся і ў другім тайме. Ударам браслаўчан не хапала дакладнасці. Яны лічаныя разы перайшлі на нашу палову поля. Галявыя камбінацыі па-майстэрску завяршылі па разу пастаўскія футбалісты Раман Аўсюк і Уладзіслаў Чатовіч. Найбольш галоў — 6 — на рахунку Уладзіміра Каралёнка. Пасля падачы вуглавога вызначыўся і Уладзімір Дзяменцьеў.

Такім чынам, буйной перамогі дабіліся Бяляўцаў (Мішута), Маршын (Івашкоў), Голубеў (к), Галяш, Касенка (Янушкевіч), Квяткевіч (Абалевіч), Камісарчук (Аўсюк), Дзяменцьеў (Богай), Кундра, Цыўнель (Чатовіч), Каралёнак.

Па ранейшай схеме

Праз некалькі тыдняў на Віцебшчыне, як і ў іншых абласцях краіны, стартуе рэгіянальны этап чэмпіянату ў 2-й лізе. Чакаецца, што каманды будуць гуляць ужо ў дзвюх падгрупах. ФСК «Паставы» павядзе барацьбу за медалі і за права згуляць восенню ў фінальным рэспубліканскім раўндзе. Перад першынством ён правядзе яшчэ некалькі кантрольных спарынгаў.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.