Нагодай для гэтай публікацыі стаў званок у рэдакцыю чытача «Пастаўскага краю», які падняў праблему адсутнасці кантэйнера для смецця ля могілак у Манькавічах. Патлумачыць сітуацыю я папрасіла начальніка ўчастка добраўпарадкавання і саначысткі УП ЖКГ Мікалая Кісялёва.
Часцей – спецыяльныя пляцоўкі
— Кантэйнеры для смецця звычайна ўстанаўліваем каля невялікіх вясковых могілак, — гаварыў Мікалай Сяргеевіч. — Каля вялікіх абсталяваны спецыяльныя пляцоўкі, на якія можна складзіраваць мінулагоднюю сухую траву і лісце, старыя штучныя кветкі і вянкі. Вывозім смецце па меры неабходнасці. Шкада, што ў людзей не мяняецца погляд на культуру ўпрыгожвання могілак.
Шкода для навакольнага асяроддзя
Пра тое, што з’яўляюся праціўніцай штучных кветак, пісала не раз. Да майго меркавання прыслухалася радня: на магілах нашых родных з вясны да глыбокай восені цвітуць жывыя кветкі, а зімой стаяць толькі лампадкі, якія запальваем падчас наведвання і малітвы.
У праваслаўных хутка Радаўніца, ды і католікі пасля зімы актыўна наводзяць парадак на могілках. І на месца выцвілых штучных кветак нясуць новыя, яркія. Бясшкодная на першы погляд прыгажосць на самай справе наносіць непапраўны ўрон жывой прыродзе і здароўю чалавека.
— Галоўны атрыбут магілы — крыж, які азначае выратаванне і ўваскрэсенне, — неаднойчы чула ад каталіцкіх і праваслаўных святароў. — Кветкі — праява нашай любові і павагі да сваіх родных. Але пры жыцці на дзень нараджэння ці з якой іншай нагоды мы не дорым сваім любімым людзям пластыкавыя букеты. Дык навошта іх несці на могілкі? Згодна з хрысціянскім веравучэннем, людзі паміраюць толькі целам. Таму магілу трэба ўпрыгожваць не штучнымі кветкамі — лепш памаліцца за вечны спакой для душы спачылага.
Не першы год спрабуюць дастукацца да людзей і эколагі. Яны тлумачаць, што адходы штучных кветак і вянкоў выдзяляюць таксічныя рэчывы, забруджваюць глебу, паветра і грунтовыя воды. Тэрмін раскладання пластыку — ад 100 да 500 гадоў. Многія яго віды не падлягаюць апрацоўцы.
— Сёлета ў чарговы раз заклікаем жыхароў раёна адмовіцца ад упрыгожвання магіл сваіх родных штучнымі кветкамі, — гаварыў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Гатоўчык. — Такім чынам вы праявіце павагу не толькі да памяці памерлых, але і да саміх сябе і сваіх нашчадкаў. Разумныя і дальнабачныя дзеянні стануць вашым укладам у ахову прыроды.
З памяці пра мінулае пачынаецца будучыня
Добраўпарадкаванне і ўтрыманне могілак у належным стане — надзённая тэма. І датычыць гэта не толькі іх знешняга выгляду, але і адказнасці, культуры людзей, іх адносін да памяці продкаў. Нездарма кажуць, што з памяці пра мінулае пачынаецца будучыня.
Па словах Мікалая Кісялёва, ва УП ЖКГ часта тэлефануюць і скардзяцца на беспарадак на тых ці іншых могілках. На балансе прадпрыемства іх 189. Па рашэнні райвыканкама абкошваць траву на прылеглай да могілак тэрыторыі, каля пляцовак для складзіравання смецця і кантэйнераў камунальнікі павінны два разы на год. А добраўпарадкаванне саміх магіл — клопат грамадзян. Шкада, што стваральнікі беспарадку — самі ж людзі, якія не лічаць неабходным вынесці смецце ў прызначанае для гэтага месца, а выкідваюць на суседнія пахаванні, якія даглядаць ужо няма каму. Такім чынам, навесці парадак магчыма толькі сумеснымі намаганнямі.
Прыклад грамадзянскай ініцыятывы
Летась пастаўчанка Валянціна Стаўнійчук арганізавала суботнік па добраўпарадкаванні гарадскіх могілак па вуліцы Ціхай. Там павысякалі хмызняк, навялі парадак на многіх закінутых пахаваннях, абнавілі каплічку, устанавілі крыж.
Восенню я пісала пра занядбанасць на груздаўскіх могілках. І як прыемна было пазней даведацца, што знайшліся добраахвотнікі і ўзялі ў свае рукі ініцыятыву па навядзенні там парадку. Ураджэнец вёскі Дашкі Павел Яркоўскі, які жыве ў Мінску, а ў Груздаве пахаваны яго продкі, нават склаў план работ, накіраваў свае прапановы ва УП ЖКГ і Юнькаўскі сельскі Савет. Пастаўчанка Тамара Смолка (родам з Пожарцаў) займаецца зборам фінансаў. У канцы красавіка там запланавана правесці суботнік, на які запрашаюць усіх, хто мае сілы, каб распачаць добраўпарадкаванне. Чым не прыклад для іншых?
Анна Анішкевіч










