Удзельнічаць у Набажэнствах у касцёле — галоўнае ў дні Пасхальнага Трыдууму

Духовность

Апошнія два тыдні назіраю мітусню ў магазінах. Спачатку прадуктамі да Вялікадня закупляліся католікі, пасля — праваслаўныя. Неяк незнарок заўважыла, як маладая жанчына ў «Копеечке» выбірала каўбасу. Перагледзела ледзь не ўсе яе віды, перачытала назвы і пайшла ні з чым.

Кожны год напярэдадні светлага Хрыстовага Уваскрэсення ў нас пачынаюцца асаблівыя клопаты: робім генеральную ўборку, выпякаем або купляем кулічы, фарбуем яйкі, гатуем мноства прысмакаў. У Вялікую суботу дзясяткі соцень людзей спяшаюцца ў храмы, каб асвяціць велікодныя стравы. Здараецца, некаторыя наракаюць, што мала кропель вады трапіла ў іх кошык. Але ці ў гэтым сэнс?

Часта ўспамінаюцца дзіцячыя гады і ранейшыя святы. На стале былі толькі свае прадукты. Бацькі трымалі вялікую гаспадарку, таму хапала малака, смятаны, тварагу, масла. А якія прыгожыя і смачныя каўбасы, паляндвіцу рабіла мама! Іх трымалі на вялікія святы або для радні, калі тая прыедзе ў госці. Ды і пазней, калі мама засталася адна, ніколі не засяроджвалася на нейкіх незвычайных стравах. Сэнс свята быў у веры ў Змёртвыхпаўсталага Хрыста. Гэта вера перадалася і мне. І цяпер для мяне галоўнае ў дні Пасхальнага Трыдууму — кульмiнацыі ўсяго літургічнага года — удзельнічаць у Набажэнствах у касцёле, падчас якіх яшчэ больш востра разумею, што найвялікшы Божы дар — жыццё.

Удзельнічаць у Набажэнствах у касцёле — галоўнае ў дні Пасхальнага Трыдууму

Сёлета ў парафіі Езуса Міласэрнага ў сераду на Вялікім тыдні па ініцыятыве ксяндза-пробашча было арганізавана вячэрняе чуванне перад Найсвяцейшым Сакраман­там, які быў устаноўлены ля падножжа алтара. У касцёле гарэлі толькі лампадкі, гучала прыцішаная музыка, святар чытаў урыўкі з Евангелля і разважаў над імі. На экране трансліраваліся кадры з фільма пра пакуты Хрыста падчас Крыжовай дарогі. Затым усталявалася цішыня. Была магчымасць падысці блізка да Езуса ў белай гостыі і ў думках пагаварыць з Ім як з сябрам, адкрыць усё, што на сэрцы. Гэта такая палёгка!

З Вялікай пятніцы да вечара Вялікай суботы таксама была магчымасць у любы зручны час памаліцца ля грабніцы Збаўцы. Гэта перыяд, калі Хрыстовы Касцёл знаходзіцца ў жалобе і святым маўчанні. На працягу больш чым сутак вернікі прыходзілі сюды па адным, сем’ямі. І нарэшце — вечар суботы. На пляцоўцы перад касцёлам распалена вогнішча. Святар асвячае агонь і запальвае пасхал, уносіць у храм. Святло перадаецца ўсім прысутным. Гучыць доўгачаканае «Алелюя!» і «Хрыстос уваскрос!» Той, хто толькі фарбуе яйкі і асвячае іх, але не ўдзельнічае ў Пасхальнай вігіліі, не перажывае такой радасці. Яе можна адчуць толькі на святой Імшы, пад гукі аргана і кранальныя касцельныя песні.

Вялікдзень – самае галоўнае хрысціянскае свята. Яно сімвалізуе перамогу жыцця над смерцю, якой больш за ўсё баяцца людзі. Змёртвыхпаўстанне Езуса – адзіны і выключны факт у гісторыі, які дае нам надзею і на наша ўваскрэсенне.

Асабіста для мяне кожны Вялікдзень асаблівы. Нягледзячы на тое, што падчас Набажэнстваў гучаць тыя ж малітвы і песні, адны і тыя ж традыцыі паўтараюцца ў сям’і. Але кожны год іх перажываеш па-рознаму.

Пасля свята слухала аповеды знаёмых, сяброў якім быў для іх Вялікдзень. Па-добраму пазайздросціла сваім маладым калегам, якія збіраліся ў бацькоўскім доме, удзельнічалі ў святой Імшы, потым садзіліся за святочны стол, дружна спявалі «Вэсолы нам дзісь дзень настал», павіншавалі і суседзяў. Цудоўна, што яны ўмеюць спалучаць веру з традыцыямі, шанаваць Бога.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.