Гэты год для ААТ «Белаграпрамбанк» юбілейны — ён святкуе 35-годдзе з дня свайго заснавання. Гісторыя ўстановы пачалася ў верасні 1991 года, калі было прынята рашэнне аб пераўтварэнні Дзяржбанка ў беларускі аграпрамысловы банк, які зараз з’яўляецца адным з ключавых ігракоў на фінансавым рынку краіны, мае шырокую рэгіянальную сетку па ўсёй рэспубліцы.
Па-сапраўднаму ўніверсальны
За тры з паловай дзесяцігоддзі Белаграпрамбанк прайшоў вялікі шлях развіцця. Мянялася эканамічнае жыццё дзяржавы і грамадства, а разам з ім мяняліся падыходы ў рабоце ўстановы і абслугоўванні юрыдычных і фізічных асоб, укараняліся перадаваныя тэхналогіі і сучасныя стандарты якасці. Так, 1 сакавіка 1993 года пачалася камп’ютарызацыя аддзяленняў банка. У 2005-м пасля яго ўступлення ў Міжнародную плацежную сістэму VISA International сталі ўкараняцца пластыкавыя карткі VISA, актыўна развівацца інфраструктура: з’явіліся банкаматы, інфакіёскі, плацежныя тэрміналы для абслугоўвання карт.
Белаграпрамбанк сёння — гэта ўніверсальны банк, які працуе з усімі катэгорыямі кліентаў, аказваючы ім шырокі спектр рознічных паслуг і прапануючы вялікую колькасць дыстанцыйных каналаў абслугоўвання. Ён актыўна падтрымлівае малы і сярэдні бізнес, спецыялізуецца на абслугоўванні прадпрыемстваў і арганізацый аграпрамысловага комплексу, удзельнічае ў рэалізацыі маштабных праектаў па тэхнічным пераўзбраенні і мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.
Дапамагае будаваць і развівацца
Усё сказанае вышэй датычыць Цэнтра банкаўскіх паслуг №217 у г. Паставы, які ўпершыню расчыніў свае дзверы 10 верасня 1991 года. Тады ў ім, а дакладней у аддзяленні ААТ «Белаграпрамбанк», як першапачаткова называлася ўстанова, пачалі абслугоўвацца ўсе бюджэтныя арганізацыі горада і раёна, воінскія часці, насельніцтва. Асноўнымі паслугамі былі крэдытаванне, разліковае і касавае абслугоўванне, прыём розных відаў плацяжоў і дзяржпошлін.
Ужо шмат гадоў Белаграпрамбанк рэалізуе дзіцячую ашчадную праграму «Расти большой», удзельнікамі якой з’яўляюцца больш за 200 пастаўчан ва ўзросце да 16 гадоў, на чыё імя бацькі адкрылі грашовыя ўклады. Усе яны атрымліваюць на кожны свой дзень нараджэння падарунак ад банка. Некаторыя бацькі робяць дзецям карткі да сваіх рахункаў (гэта магчыма з 6-гадовага ўзросту). А ўжо ў 14 гадоў дзіця можа адкрыць уласны рахунак у банку. Для такіх цінейджараў распрацаваны дзіцячы дадатак FinTeam, які дазваляе самастойна аплачваць паслугі і сачыць за грашыма на картцы.
Не менш, чым пра дзяцей, клапоціцца банк пра пенсіянераў. У ЦБП створана «Академия заботы», і работнікі ўстановы сустракаюцца з пажылымі людзьмі, расказваюць ім пра банкаўскія паслугі па пенсійным абслугоўванні. А картку «Забота» маюць практычна ўсе жыхары раёна пенсійнага ўзросту.
Сёння ЦБП №217 – надзейны партнёр для больш чым 300 юрыдычных і 9 000 фізічных асоб Пастаўшчыны. Яго кліенты – не толькі работнікі шэрага прадпрыемстваў і арганізацый, але і прадстаўнікі бізнесу, дзеці, пенсіянеры.
Вялікую работу праводзіць Белаграпрамбанк з прадстаўнікамі малога, сярэдняга і буйнога бізнесу.
— Мы запрашаем іх да сябе на абслугоўванне і аказваем спектр паслуг: адкрыццё разлікова-касавага рахунка, крэдытаванне, эквайрынг, выпуск карпаратыўных картак, — расказваў дырэктар ЦБП №217 Дзмітрый Собаль. — Што да крэдытавання, то ў нас маецца шэраг прадуктаў для падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу. Атрыманыя сродкі прадпрымальнікі могуць выкарыстаць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы сваіх прадпрыемстваў або ўкласці ў бягучую дзейнасць. У ролі крэдытадаўца выступае як сам Белаграпрамбанк, так і Банк развіцця, з якім заключана партнёрскае пагадненне.
На разлікова-касавым абслугоўванні ЦБП знаходзяцца і ўсе 8 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. 7 з іх карыстаюцца крэдытнай падтрымкай Белаграпрамбанка. Ён дапамагае рэалізоўваць інвестыцыйныя праекты па будаўніцтве малочнатаварных ферм, жылля ў вёсцы, закупляць мінеральныя ўдабрэнні, гаруча-змазачныя матэрыялы, тэхніку і запчасткі да яе. З удзелам банка пабудаваны і мадэрнізаваны фермы «Коўзаны», «Волахі», «Пагарцы», «Кураполле», «Буцавічы», «Лынтупы», узведзены два 12-кватэрныя дамы ў Хацілах і адзін — у Навасёлках, рэканструявана некалькі катэджаў у Коўзанах. Таксама Белаграпрамбанк прафінансаваў будаўніцтва новага дзіцячага сада ў Паставах і дапамог лясгасу мадэрнізаваць лінію лесапілавання.
Асобная льготная праграма крэдытавання ёсць для тых, хто займаецца аграэкатурызмам або плануе яго развіваць, і спецыяльная мэтавага крэдытавання для жыхароў сельскай мясцовасці, накіраваная на развіццё асабістых падсобных гаспадарак. Максімальная сума крэдыту, які можна ўзяць на тэрмін да 7 гадоў пад 5% гадавых, складае да 2 000 базавых велічынь. Выдаецца крэдыт у беларускіх рублях.
Галоўны актыў – людзі
Белаграпрамбанк адыгрывае важную ролю не толькі ў сацыяльна-эканамічным жыцці Пастаўшчыны. Яго работнікі — пастаянныя ўдзельнікі рэспубліканскіх дабрачынных акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы», галіновага турыстычнага злёту, свята вуліцы Юбілейнай, дзе знаходзіцца ўстанова, іншых мерапрыемстваў. Падчас правядзення ў Паставах фестывалю «Вытокі» ЦБП выстаўляў сваю інтэрактыўную пляцоўку з забавамі і прызамі для дзяцей, раздачай прэзентацыйных матэрыялаў дарослым, паколькі банк з’яўляецца генеральным спонсарам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, які арганізуе спартыўна-культурнае свята.
— Супрацоўнікі — найвялікшая каштоўнасць для банка, наш галоўны актыў, — кажа Дзмітрый Собаль. — Дзякуючы ім, сапраўдным прафесіяналам сваёй справы, мы змаглі многага дасягнуць. На жаль, лічбавыя тэхналогіі скарачаюць штат. Калі раней у ЦБП было амаль чатыры дзясяткі чалавек, то зараз — усяго 16. З улікам працэсаў аўтаматызацыі засталіся толькі два падраздзяленні: аддзел рознічнага продажу і сектар карпаратыўнага бізнесу. Пры гэтым многія з цяперашніх работнікаў адпрацавалі ў банку 20 і больш гадоў. Ёсць таксама моладзь, якая вучыцца ў старэйшых калег.
Памятаюць у калектыве і ветэранаў, праводзячы для іх штогод Дзень дабра і павагі. Ветэранам сучаснае пакаленне белаграпрамаўцаў удзячнае за закладзены трывалы фундамент установы.
Алена Шапавалава



