25 гектаров, элитные сорта и преданность земле: картофельная страда в ОАО «Новоселки-Лучай»

Сельское хозяйство

Вячэру ці абед большасць беларусаў нават не могуць уявіць без бульбы. Яна ў меню круглы год. З яе гатуюць мноства страў. У раёне другі хлеб вырошчваюць толькі ў ААТ «Навасёлкі-Лучай».

На мінулым тыдні механізатар Сяргей Гіль пасадзіў апошнія гектары (на жаль, фатаграфавацца ён катэгарычна адмовіўся). На саджалцы за якасцю пасадкі сачыў Сяргей Татун.

— Мае абавязкі не такія і складаныя, але патрабуюць пільнасці, — казаў Сяргей Татун. — Поле пасля меліярацыі, трапляецца карэнне дрэў, таму сачу, каб пры пасадцы не здаралася агрэхаў.

25 гектаров, элитные сорта и преданность земле: картофельная страда в ОАО «Новоселки-Лучай»

На падвозе клубняў заняты ветэран сельскагаспадарчай вытворчасці Мацвей Рубель. Добра памятаю, як гэтаму вопытнаму і паважанаму механізатару на 70-годдзе з дня нараджэння кіраўніцтва ААТ «Навасёлкі-Лучай» падарыла МТЗ-82 і прапанавала працаваць датуль, пакуль будуць сілы і жаданне. Мінула амаль 5 гадоў. Мацвею Аркадзь­евічу работа па-ранейшаму ў радасць. Трактар служыць 35-ы год. На ім выконвае розныя работы на сваім прысядзібным участку і працягвае дапамагаць гаспадарцы. З’яўляецца прыкладам працавітасці і адданасці зямлі для маладых.

На бульбяным полі сустрэла і Аляксандра Муляронка, які працаваў на трактары з акучнікам.

— На ўраджайнасць бульбы, безумоўна, уплывае тэхналагічны падыход да пасадкі культуры і якасць догляду раслін на працягу ўсяго перыяду росту, — гаварыў механізатар. — І таго, і другога ў гаспадарцы прытрымліваюцца. Я наразаў барозны. Цяпер раблю сляпое акучванне. Усё ідзе згодна з планам.

25 гектаров, элитные сорта и преданность земле: картофельная страда в ОАО «Новоселки-Лучай»

Каб трава не заглушыла бульбу, акучваць яе неабходна шмат разоў. А яшчэ адзін немалаважны складнік ураджаю — надвор’е, з якім не паспрачаешся. Мінулае лета выдалася дажджлівым, таму бульбаводы былі вымушаны «лавіць» пагодлівы дзень, каб уз’ехаць на поле, падкарміць, унесці фунгіцыды, правесці іншыя доглядныя работы.

Тым не менш накапанай у ААТ «Навасёлкі-Лучай» бульбы хапіла і на ўласныя мэты, і для забеспячэння школ і дзіцячых садоў раёна, і для рэалізацыі ў магазінах як сельгаспрадпрыемства, так і ў іншых.

Сёлета пад другі хлеб у гаспадарцы адвялі 25 гектараў, набылі 10 тон элітнага сорту «баярскі» і 5 тон суперэлітнага «вектар». Пакуль што не адмовіліся і ад прывычных для пакупнікоў сартоў — ранняга «ювел», пазнейшых — «скарб» і «гала».

Паназірала за тым, як акуратна і прафесійна механізатары выконваюць работу на бульбяным полі, і ўпэўненая, што другі хлеб на нашым стале будзе!

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.