З кожным годам усё больш развіваецца інфраструктура аграгарадка Навасёлкі, што садзейнічае паляпшэнню якасці жыцця мясцовых жыхароў. Немалаважную ролю ў фарміраванні камфортнага асяроддзя адыгрывае сельвыканкам. А на мінулым тыдні яго работнікі запрасілі на наваселле да сябе ў абноўлены будынак.
Доўгі час гэта ўстанова цяснілася ў невялікіх кабінетах пад адным дахам з сярэдняй школай. Нязручнасцей хапала ўсім. У мінулым годзе кіраўніцтва ААТ «Навасёлкі-Лучай» бязвыплатна перадало сельвыканкаму будынак, дзе размяшчаўся комплексны прыёмны пункт. Для КПП падрыхтавалі месца там, дзе знаходзіцца Навасёлкаўская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі і стацыянарны сацыяльны пункт ТЦСАН.
Перамена месца далася няпроста: некаторыя былі супраць, бо шмат гадоў хадзілі сюды да бытавікоў. Яно і зразумела, не кожнаму лёгка рашыцца на перамены. Толькі старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета Дзіяна Пякарская да такой катэгорыі не належыць. Наадварот, яна ініцыятар і наватар. Пайшла па інстанцыях, шукаючы падтрымкі і спонсарскай дапамогі ў рамонце, набыцці мэблі, аргтэхнікі. І ўсё ў яе атрымалася.
Цяпер, калі ўжо за плячыма капітальны рамонт і ў памяшканні КПП, і ў сельвыканкаме, яны абжытыя і тут кіпіць работа, няма сумненняў, што рашэнне было правільным. У гэтым упэўніліся ўсе, хто наведаўся ў навасёлкаўскі цэнтр медыцынскіх і сацыяльна-бытавых паслуг, а таксама ў сельвыканкам. У іх ліку — старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чэпік і старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Кісялёў. Наведвальнікі стацыянарнага сацыяльнага пункта гасцей сустрэлі музыкай, расказалі пра заняткі і інтарэсы, падзякавалі за тое, што людзі сярэбранага ўзросту маюць тое месца, дзе ім цікава праводзіць вольны час і адпачываць душой.
Утульна і ў абноўленым памяшканні, дзе размясціўся комплексны прыёмны пункт. Яго загадчыца Эма Касцюк у той дзень якраз была на выездзе: кожны чацвер яна на машыне райбыткамбіната адпраўляецца па населеных пунктах сельсавета, прапануе іх жыхарам пасцельную бялізну, забірае ў пральню і хімчыстку розныя рэчы. Два разы на месяц на КПП прыязджае цырульнік. Хапае спраў у швачкі Раісы Еўдакімавай. Вяскоўцы прыносяць у рамонт адзенне, шыюць рэчы па індывідульных заказах. Юрый Кісялёў падзякаваў работнікам КПП за іх прафесіяналізм, добрасумленную працу і ўручыў Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў.
Прыемна ўразілі кабінеты сельвыканкама. Там усё зроблена з густам. Убачыць абноўленае памяшканне прыйшлі работнікі сярэдняй і музычнай школ, культуры, мясцовыя жыхары.
— Сельскі Савет — гэта такая палачка-выручалачка, — гаварылі вяскоўцы. — Перагарэла лямпачка ў вулічным ліхтары, патрэбны дровы ці дапамога ў чым іншым — звяртаемся да старшыні. І яна заўсёды ўважліва выслухае і пастараецца дапамагчы.
Па словах Дзіяны Пякарскай, работа з людзьмі — адна з самых няпростых. Важна не толькі выслухаць чалавека, але і зразумець яго, дапамагчы разабрацца ў праблеме, якая яго непакоіць.
— Не заўсёды магу справіцца сама, — казала старшыня. — Таму часта звяртаюся па дапамогу да дэпутатаў, кіраўнікоў розных прадпрыемстваў і арганізацый. Удзячная вяскоўцам, якія наводзяць парадак на сваіх падворках, актыўна ўдзельнічаюць у суботніках па добраўпарадкаванні. Навядзенне парадку на зямлі — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці сельвыканкама, дэпутатаў, старэйшын вёсак. Упэўненая, калі ўсе разам прыкладзём пэўныя намаганні, то наш аграгарадок і іншыя населеныя пункты сельсавета стануць яшчэ прыгажэйшымі.
— У першую чаргу я і мае калегі ўдзячныя Сяргею Чэпіку за тое, што выслухаў, падтрымаў ідэю нашага пераезду і аказаў дапамогу. Разам з Юрыем Кісялёвым мы разгледзелі мноства варыянтаў рашэння гэтага пытання, пакуль не знайшлі найбольш аптымальны і эканамічна выгадны. Зрабілі якасны рамонт будаўнікі на чале з Аляксандрам Галяшом. Дзякуй кіраўнікам малочнага завода, Пастаўскага мэблевага цэнтра, ААТ «Паставымэбля», ЦБП №17 Белаграпрамбанка, Старадворскага лясніцтва, рыбгаса «Навінкі», РАУС, шматлікім індывідуальным прадпрымальнікам за спонсарскую дапамогу. І, вядома, Юрыю Шымчыку, які, як старэйшы брат, заўсёды падстаўляе сваё плячо.
Дзіяна Пякарская, старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета
Анна Анішкевіч






