Якое значэнне ў жыцці чалавека мае сям’я? Гэтым пытаннем карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч напярэдадні свята пацікавілася ў пастаўчан.
Павел Шурпік, 59 гадоў:
Я са сваёй Алінай у шлюбе 34 гады. Галоўнай у нашай сям’і лічу жонку. Яна ўмее ствараць не толькі ўтульнасць у доме, але і цёплую атмасферу. Я заўсёды стаўлю яе ў прыклад нашым тром дочкам. Часта даводзілася чуць, як разважаюць сучасныя дзяўчаты, маўляў, мужчына павінен усё рабіць для сям’і, а яны, такія прыгажуні, нічога нікому не абавязаныя. Я не згодны з гэтым: павінен быць прынцып узаемнасці. Сям’я — гэта падмурак для дзяцей, унукаў. Да нас на святы збіраецца 15 чалавек. Рады, што жывуць традыцыі нашых бацькоў і дзядоў, што ў аснове сем’яў дачок ляжаць каштоўнасці продкаў.
Марыя Лешчык, 40 гадоў:
Сям’я — гэта тое месца, дзе ўсё дзеліцца пароўну — і добрае, і дрэннае. У мяне любячы муж, дзве прыгожыя дачушкі і цудоўны доўгачаканы сынок. У кожнага сваё «я» і ў той жа час мы — адно цэлае. Хораша, калі ёсць надзейнае моцнае мужчынскае плячо. Сям’я — вялікая каштоўнасць: гэта блізкія і родныя людзі, тыя, каго мы любім, з каго бяром прыклад, пра каго клапоцімся.
Марк Дунец, 16 гадоў:
У сям’і мы з братам на прыкладзе бацькоў вучымся клапаціцца пра блізкіх, дараваць крыўды, паважаць старэйшых. Тата — гэта сіла і ўпэўненасць, мы бачым, як ён клапоціцца пра маму і нас. З мамай можна шчыра пагутарыць, падзяліцца тым, у чым сумняваешся. І яна падтрымае, дасць параду, падбадзёрыць. У нашай сям’і пануюць павага і ўзаемаразуменне, таму ўсе адчуваюць сябе шчаслівымі.
Сняжана Януковіч, 12 гадоў:
Мая сям’я — маленькая дзяржава. «Прэзідэнт» у ёй — тата. За ім мы як за каменнай сцяной. Вечарамі збіраемся за вячэрай, абмяркоўваем, як прайшоў дзень, будуем планы, раімся, кожны можа выказаць сваю думку. Калектыўна прымаем рашэнні па тым ці іншым пытанні. Мама — крэатыўны дырэктар, псіхолаг, повар, кулінар. Я і два малодшыя браты шчаслівыя, што маем такіх цудоўных бацькоў. Разам мы шмат падарожнічаем па Беларусі. Былі ў Нясвіжы і Міры, Брэсцкай крэпасці, Гродне. Часта ездзім у Мінск, дзе ходзім на цыркавыя прадстаўленні, у Батанічны сад, маем у сталіцы і іншыя забавы. Заўсёды абедаем у якім-небудзь новым кафэ.
Пётр Волк, 75 гадоў:
Мінулі два гады, як я стаў удаўцом. Кожны дзень успамінаю маю дарагую жонку Ванду. Разам пражылі крыху больш за паўвеку. Выхавалі траіх дзяцей. Рады, што яны таксама стварылі моцныя сем’і, узнагародзілі нас дзевяццю ўнукамі. А вось за іх далейшы лёс хвалююся. Адзін унук жыве ў грамадзянскім шлюбе, унучка ўзяла шлюб у касцёле, але не спяшаецца мець дзяцей. Абгрунтоўвае гэта тым, што яны з мужам хочуць пажыць для сябе. Шлюб — гэта не проста партнёрства, гэта саюз, заключаны па Божым благаслаўленні і павінен быць умацаваны патомствам.
Святлана Зарэцкая, 32 гады:
Жыццё ў сям’і не бывае простым, бо два розныя чалавекі, злучыўшыся разам, імкнуцца разумець адно аднаго. Тут без цярпення і мудрасці не абысціся. У нас з мужам здараліся розныя сітуацыі, але ніколі не ўзнікала думкі, каб разысціся. Нас трымае каханне і прысяга, якую далі адно аднаму падчас вянчання. Сям’я — гэта крыніца невычэрнай любові: да мужа, дзяцей, бацькоў.

