Шлюб — гэта ахвяра на адзін алтар: размова з ксяндзом Чэславам Куцмежам

Духовность

Пра значэнне сям’і, тую адказнасць, якая кладзецца на плечы мужа і жонкі пры ўступленні ў шлюб, па просьбе карэспандэнта «ПК» Анны Анішкевіч разважае ксёндз Чэслаў Куцмеж, адказны за духоўную дапамогу сем’ям парафіі Святога Антонія Падуанскага ў Паставах:

— Сям’я — гэта мужчына і жанчына, якія перад Богам прысягаюць адно аднаму на любоў, вернасць і сужэнскую павагу, а таксама абяцаюць, што не пакінуць адно аднаго ажно да смерці. Прысягу заканчваюць просьбай аб дапамозе Усемагутнага Бога і ўсіх святых. Сакрамант сужэнства — бачны знак нябачнай Божай ласкі. Аўтарытэтам у сям’і павінен быць Бог. Шкада, што сучасны чалавек сам для сябе аўтарытэт. Людзі баяцца праблем і цяжкасцей, а задавальненне хочуць атрымліваць пастаянна. Але ў сям’і трэба быць адказным за іншага чалавека, гатовым на адрачэнні ў імя яго, прабачаць і любіць бескарысліва да канца жыцця.

Евангелле перадае словы Хрыста, у якіх выразна сказана, як Бог глядзіць на кожную сям’ю: «Пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае!» Бог паклікаў сужэнцаў перадаваць наступным пакаленням новае жыццё як плён узаемнай любові і як праяву любові Бога-Творцы.

Шлюб — гэта ахвяра на адзін алтар: размова з ксяндзом Чэславам Куцмежам

Каб сям’я была моцнай, маладым людзям варта перад уступленнем у шлюб прысвяціць адпаведны час духоўнай падрыхтоўцы з мэтай паглыблення ведаў пра сужэнства. А ўвогуле падрыхтоўка да яго пачынаецца яшчэ ў дзяцінстве, калі дзеці на прыкладзе ўласнай сям’і адкрываюць для сябе сямейныя каштоўнасці.

Часам людзі задаюць пытанне: чаму сёння дзеці часта бездапаможныя ў сваім жыцці, не могуць знайсці яго сэнс? Безумоўна, вельмі добра, што бацькі клапоцяцца пра сваіх дзяцей, стараюцца, каб яны ні ў чым не адчувалі недахопу. Але ці ёсць ва ўсім гэтым месца для Бога? Калі ў сем’ях не хапае веры, малітвы бацькоў і сумеснага ўдзелу ў святой Імшы, тады пачынаюцца праблемы, з якімі самастойна не справіцца. Наша грамадства будзе такім, якімі каштоўнасцямі мы надзелім сваіх дзяцей. Важную ролю ў гэтым адыгрываюць катэхетычныя заняткі. На жаль, не ўсе каталіцкія дзеці і моладзь на іх ходзяць.

Аднаго пачуцця закаханасці для заключэння шлюбу недастаткова. Эмоцыі і пачуцці мяняюцца. Шлюб — гэта сумесная ахвяра на адзін алтар. Лічу, што ў сучасных сем’ях не хапае той любові, пра якую казаў апостал Павел: доўгацярплівай, ласкавай, якая не зай­здросціць, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, а радуецца разам з праўдай. Усё вытрымлівае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць.

Ключ да гармоніі — гэта не адсутнасць непаразуменняў, а супольная праца над іх прадухіленнем. У нашай парафіі ў першы панядзелак кожнага месяца ў 19 гадзін ў доме ДЭОН (каля касцёла) праводзяцца сустрэчы сем’яў. На іх разглядаем розныя пытанні і сітуацыі. Прыходзяць не толькі католікі, але і праваслаўныя, ёсць пары, якія не маюць касцельнага шлюбу. Кожны чэрпае для сябе штосьці карыснае. Таму запрашаю ахвотных далучацца. Умова: прыходзіць у пары.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.