Слесарь-сантехник УП ЖКХ Юрий Каспер победил в областном конкурсе профмастерства

Общество

Слесару-сантэхніку УП ЖКГ Пастаўскага раёна Юрыю Касперу прысуджана 1-е месца ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства камунальшчыкаў Віцебшчыны.

У папярэднім аналагічным конкурсе, які праводзіўся ў 2024 годзе, ён быў на 2-м месцы.

— Дачушка-дашкольніца тады засмуцілася: «Тата, чаму ты не першы?», — расказваў Юрый з усмешкай. — Вырашыў парадаваць яе сёлета. А калі сур’ёзна, стараўся не падвесці калектыў, грунтоўна рыхтаваўся да саперніцтва. Безумоўна, хваляваўся, але з усімі заданнямі справіўся паспяхова.

Конкурс праходзіў 14 мая на базе Наваполацкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Яго арганізатары — галоўнае ўпраўленне ЖКГ Віцебскага аблвыканкама і абласная арганізацыя галіновага прафсаюза. Больш за 40 работнікаў з 20 прадпрыемстваў вобласці спаборнічалі ў тэорыі і практыцы. Ад нашага ЖКГ у конкурсе таксама ўдзельнічалі майстар па арганізацыі эксплуатацыі і рамонту жыллёвага фонду Дзмітрый Татыржа і электраманцёр Валерый Антух. Ім не пашанцавала ўвайсці ў тройку прызёраў у сваіх намінацыях. Аднак дадому вярнуліся з дыпломамі ўдзельнікаў і новымі ведамі і ўражаннямі.

Слесарь-сантехник УП ЖКХ Юрий Каспер победил в областном конкурсе профмастерства

А вось у Юрыя Каспера — найвышэйшая ўзнагарода.

— Вельмі прыемна, калі нашы работнікі займаюць прызавыя месцы ў вобласці, што сведчыць пра іх высокі прафесіяналізм, — гаварыў дырэктар УП ЖКГ Фёдар Танана. — Юрый Каспер, нягле­дзячы на малады ўзрост, — прафесіянал з вялікай літары. Ганаруся такімі кадрамі і ўдзячны, што застаюцца ў калектыве, хоць цяжкасцей у нас шмат і вымушае жадаць лепшага зарплата.

Але вернемся да конкурсу.

— Журы ацэньвала час, правільнасць і акуратнасць выканання заданняў, — расказваў Юрый. — За 20 хвілін мне трэба было адказаць на 20 пытанняў па эксплуатацыі сантэхнічнага абсталявання і тэхніцы бяспекі. Справіўся раней. На практычнай частцы выпала заданне якасна і хутка сабраць вадамерны вузел. І тут не ўзнікла ніякіх праблем.

А калі яны ўзнікаюць у жыхароў дамоў, якія абслугоўваюць камунальшчыкі, то многія просяць у дыспетчарскай, каб па заяўцы да іх прыйшоў менавіта Каспер, які працуе ў аварыйнай брыгадзе. Ведаюць: ён, слесар-сантэхнік найвышэйшага, 5-га разраду, якасна і хутка справіцца з любой задачай.

Юрый імпануе людзям не толькі як прафесіянал, але і як проста чалавек — сціплы, уважлівы, гаспадарлівы і працавіты. У яго дружная сям’я. З жонкай і дачушкай любяць падарожнічаць па Беларусі, пазнаюць у сваёй краіне шмат цікавых мясцін.

Фаіна Касаткіна
Фота Аляксандра Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.