1 августа бывшему главному ветврачу ОАО «Новоселки-Лучай» Александру Михалевичу исполнилось 75 лет

Общество

1 жніўня былому галоўнаму ветурачу ААТ «Навасёлкі-Лучай» Аляксандру Міхалевічу споўнілася 75 гадоў. Віншаванні ён прымаў на працягу ўсяго дня. Разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіліем Катовічам і намеснікам галоўнага ветурача раёна Дар’яй Мурзёнак завітала да юбіляра і я.

Гасцям Аляксандравіч быў рады. Нягледзячы на тое, што апошнім часам падводзіць здароўе, жартаваў, успамінаў мінулае, часам настальгаваў і засмучаўся. Ён нарадзіўся ў невялікай вёсачцы Крывы Мост, што недалёка ад Навасёлак. Марыў быць машыністам паравоза. Але ў той час пакінуць сельскую гаспадарку і ўладкавацца на работу ў горадзе было праблемай. Таму паступіў у Віцебскі ветэрынарны інстытут. На другім курсе на танцпляцоўцы пазнаёміўся з ураджэнкай Сянно Лідачкай. Праз год маладыя пажаніліся, знялі кватэру, жылі на зарплату жонкі і стыпендыю мужа.

— Дапамагалі Сашавы бацькі, — расказвала Лідзія Дзмітрыеўна. — І не толькі прадуктамі. Але і дзесяць, дваццаць рублёў заўсёды нам былі вельмі дарэчы.

Практыку будучы ветурач праходзіў па месцы жыхарства — у калгасе імя Суворава. Старшыня гаспадаркі Алег Валодзь­ка разгледзеў у практыканце зацікаўленасць прафесіяй, высокую адказнасць, добрыя арганізатарскія здольнасці. Выпускнік ВНУ павінен быў ехаць на работу ў Пухавіцкі раён, але Алег Адольфавіч дабіўся пераразмеркавання.

— У Навасёлкі я прыехаў з дыпломам, чамаданам, жонкай і двума сынамі, — успамінаў Аляксандр Аляксандравіч. — Абжывацца было няпроста. У многім выручала свая вялікая гаспадарка: у свой час трымалі 6 кароў, некалькі свінаматак.

— Клопатаў у бацькоў хапала, — гаварыла дачка Алена, якая нарадзілася ў Навасёлках, а цяпер жыве ў Мінску і прыехала на юбілей. — Як толькі яны ўсюды паспявалі?! Але заўсёды імкнуліся вярнуцца з ранішняй нарады і адправіць мяне і братоў у школу: мама гатавала сняданак, тата заплятаў мне косы. У іх не было падзелу работы на мужчынскую і жаночую.

У ААТ «Навасёлкі-Лучай» пагалоўе жывёлы заўсёды было самым вялікім у раёне. Вельмі шмат яе ўтрымлівалася ў той час і на падвор’ях вяскоўцаў. У адных толькі Навасёлках у двух гуртах было каля 300 кароў, а яшчэ і ў іншых вёсках гаспадаркі. Калі пачыналіся ацёлы, у ветурача не было ні адной спакойнай ночы: толькі задрэмле — стук у шыбу: трэба збірацца на дапамогу. Не паспее вярнуцца — клічуць іншыя.

На фермах, здавалася б, усё павінна ісці па адпрацаванай схеме: прафілактычны агляд жывёлы, вакцынацыя, лячэнне. Аляксандр Міхалевіч мог беспамылкова візуальна вызначыць стан здароўя жывёлы, правільна паставіць дыягназ і назначыць патрэбнае лячэнне. Але здараліся і неардынарныя выпадкі. Аляксандравіч са сваёй гаспадарскай разважлівасцю, сялянскай мудрасцю тут жа знаходзіў выйсце.

Звычайна кажуць, што жыццё мужчына пражыў недарэмна, калі пасадзіў дрэва, выхаваў сына і пабудаваў дом. А колькі дрэў пасадзіў Аляксандр Міхалевіч, злічыць цяжка: і цяпер паветра каля дома напоўнена водарам спелых яблыкаў. Годны працяг роду — два дарослыя сыны (дарэчы, яны і дачка Алена таксама скончылі Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны). Міхалевічы-старэйшыя пабудавалі не толькі ўласны дом, але побач са сваім — і сынам.

З маленькай вёсачкі Крывы Мост у вялікае жыццё Аляксандр Міхалевіч ішоў простай дарогай. За амаль паўстагоддзя працы ў жывёлагадоўлі заваяваў аўтарытэт у кіраўніцтва гаспадаркі і раёна, калег, аднавяскоўцаў. З любімай работай развітаўся толькі ў 68 гадоў. Чарговым доказам вялікай павагі да чалавека стаў юбілейны дзень нараджэння з мноствам віншавальных званкоў, наведванняў з падарункамі.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.