Ледзь толькі заканчваецца навучальны год у школах, у краіне пачынаецца летняя аздараўленчая кампанія. Сёлета яна павінна ахапіць 886 юных жыхароў нашага раёна. У лагерах з дзённым знаходжаннем змогуць адпачыць і ўмацаваць сваё здароўе 619 дзяцей, з кругласутачным — 267.
Адной з асаблівасцей аздараўленчай кампаніі-2026 на Пастаўшчыне стане тое, што яна стартуе раней, чым звычайна, — 26 мая. Гэта звязана з тым, што ў яе рамках будзе працаваць кругласутачны палатачны неперасоўны лагер «Прызыўнік». Там будуць аздараўлівацца і адначасова праходзіць вучэбна-палявыя зборы 67 юнакоў — навучэнцаў 10-х класаў усіх школ раёна. Размесціцца лагер на базе 1-га радыётэхнічнага цэнтра, працягласць яго змены складзе 12 каляндарных дзён.
Па традыцыі 1 чэрвеня пачнуць работу прышкольныя лагеры. Яны расчыняць дзверы практычна ва ўсіх установах адукацыі, за выключэннем СШ №2 імя Н. М. Асяненкі і СШ №3, дзе будуць праводзіцца рамонтныя работы. Але дзеці, якія вучацца ў гэтых школах, не застануцца без увагі. 65 вучняў другой гарадской змогуць адпачыць у лагеры СШ №1, а 60 хлопчыкаў і дзяўчынак з трэцяй школы — у лагеры Пастаўскай гімназіі.
Не першы год у райцэнтры працуюць міжшкольныя дзённыя лагеры — духоўна-маральны «Дружба» на базе СШ №4 імя В. Ф. Франтова (ён ладзіцца ў супрацоўніцтве з храмам Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў г. Паставы) і экалагічны «Следапыт» СШ №2, які размяшчаецца на базе СТК «Азяркі». Адкрыюцца яны і сёлета. Будзе арганізавана работа таксама дзённага лагера працы і адпачынку. У трох яго атрадах — у СШ №1, №4 і гімназіі — з карысцю правядуць час 30 старшакласнікаў. У раённым цэнтры дзяцей і моладзі таленавітых падлеткаў з усіх школ горада, як заўсёды, збярэ «Акадэмія зорак». Яна будзе працаваць у другую і трэцюю змену да пачатку жніўня.
Што да лагераў з кругласутачным знаходжаннем, то іх будзе два. На базе в/ч 74384 у Азёрках школьнікаў ад 11 да 17 гадоў у чацвёрты раз прыме «Абаронца Айчыны». Гэты лагер карыстаецца вялікай папулярнасцю ў бацькоў і дзяцей. Таму колькасць вучняў, якія змогуць у яго трапіць, сёлета ў параўнанні з мінулым годам павялічана ўдвая і складзе 40 чалавек. Сярод іх будуць і 5 дзяўчынак. Для дзяцей арганізуюць дзве змены. Першая пачнецца 22 чэрвеня. А завершыць сваю работу лагер 23 ліпеня.
Упершыню на базе Дунілавіцкай СШ адкрыецца стацыянарны кругласутачны лагер «Васількі». У ім за чатыры змены плануецца аздаравіць 160 дзяцей з усяго раёна.
— Змены будуць мець тэматычны характар, — расказвала галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Марына Танона. — Першая — грамадзянска-патрыятычная пад назвай «Нам ёсць чым ганарыцца». Другая — культурна-забаўляльная «Адпачывай з карысцю». Трэцяя — прысвечаная прававому выхаванню і будзе мець назву «Акадэмія бяспекі». А чацвёртая — спартыўна-аздараўленчая «Аздараўленне і здаровы лад жыцця». Падчас іх дзеці пазнаёмяцца з ваколіцамі Дунілавіч і цікавымі мясцінамі побач з аграгарадком. Пачатак першай змены — 13 чэрвеня. Інфармацыя пра парадак змен і кошт пуцёвак размешчана на сайце аддзела па адукацыі.
Бацькоўская даплата ў «Васількі» за дзяцей ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў складзе 298 рублёў, ад 11 да 13 гадоў — 303 рублі, ад 14 да 17 гадоў — 313 рублёў. У адпаведнасці з рашэннем райвыканкама, прафсаюзным арганізацыям, дзе працуюць законныя прадстаўнікі дзяцей, рэкамендавана кампенсаваць бацькам грашовыя выдаткі на аздараўленне. Райвыканкам паклапаціўся і пра матэрыяльную базу лагера. Для яго закуплены новыя ложкі, тумбачкі і шафы для рэчаў. Па пытаннях набыцця пуцёвак у лагер можна звяртацца па тэлефоне 5-79-13.
Алена Шапавалава

