Их жизнь и призвание — школа. Семья Геннадия и Леонарды Ромбальских

Образование

Іх жыццё і прызванне – школа

Пражыўшы дзяцінства і юнацтва на Пастаўшчыне, Генадзій і Леанарда пазнаёміліся ў Віцебску. Больш за 40 гадоў таму іх лёсы звёў педагагічны інстытут, пасля якога ў статусе сям’і Рамбальскія вярнуліся ў родны раён, каб несці святло ведаў сваім вучням.

Працоўную дзейнасць Генадзій распачаў раней. Леанарда далучылася да яго праз год пасля заканчэння інстытута. Шлях маладых настаўнікаў пачаўся з Масленіцкай 8-гадовай школы, якая знаходзілася на мяжы з Літвой за Лынтупамі. Ён — настаўнік фізікі і матэматыкі, яна — беларускай мовы і літаратуры. Шчыра аддаваліся рабоце, любілі ўтульную школу, захапляліся прыгожымі краявідамі прыроды.

— Праз 2 гады мне прапанавалі пасаду дырэктара Мулярскай 8-гадовай школы, — расказваў Генадзій Альбінавіч. — Рушыла ўслед за мной і жонка, і мы пераехалі ў Муляры. Адпрацаваўшы там 5 гадоў, лёс прывёў нас у Камаі. Вось ужо больш за 30 гадоў з’яўляюся дырэктарам камайскай школы.

Чакаюць сустрэчы з выпускнікамі Генадзій Альбінавіч і Леанарда Міхайлаўна Рамбальскія

Цікаўлюся, як маладыя пазнаёміліся.

— Усё пачалося з магнітафона, — смяецца Леанарда Міхайлаўна. — У інтэрнаце мяне падсялілі да дзяўчат з яго групы. У дзень нараджэння адной з іх вырашылі паклікаць хлопца, які на той момант меў свой магнітафон. Сустрэча была мімалётнай: ён прыйшоў, пакінуў нам музычны апарат і пайшоў па сваіх справах. Тады мне здалося, што ён зусім не звярнуў на мяне ўвагу. Але як высветлілася потым — памылялася.

Паступова маладыя людзі сталі цікавіцца жыццём адно аднаго. Даведаліся, што яны землякі і нават бацька Гена­дзія родам з вёскі, дзе вырасла Леанарда. Пачалі сустракацца. Настаўніца прызнаецца, што сумна з ім не было — вельмі рознабаковыя інтарэсы былі ў яе выбранніка: граў на гітары, акардэоне, любіў рабіць фатаграфіі, вучыўся ў аўташколе, хоць свайго транспарту не меў. А яшчэ паспяваў сумяшчаць вучобу і работу ў будатрадах, дзякуючы якім і набыў навамодны магнітафон. І дагэтуль ён знаходзіцца ў сям’і як сямейная рэліквія.

За выбар будучых прафесій Рамбальскія бясконца ўдзячныя педкалектывам школ, якія скончылі, — варапаеўскай і лукашоўскай.

— Асабліва мне помніліся словы настаўніцы фізікі Ніны Серафімаўны Каспяровіч: «Вы многа прапусціце ў жыцці, калі не станеце студэнтамі дзённага навучання», — успамінала Леанарда Міхайлаўна. — Для мяне гэта быў асаблівы стымул да паступлення. 

Прафесія настаўніка патрабуе ад чалавека не толькі вялікіх ведаў, але і духоўных сіл, вытрымкі і нават мужнасці.

А знаходзячыся пастаянна побач, як у выпадку Генадзія і Леанарды, — яшчэ і выпрабавання сямейных адносін. З разуменнем і мудрасцю пара паспяхова спраўляецца і з гэтым. Галоўнае для сябе яны вызначылі даўно — адно аднаму не перашкаджаць.

Гады ляцяць. Сёння Камайская сярэдняя школа 69-ы раз збярэ выпускнікоў. Для Генадзія Альбінавіча як дырэктара гэта 34-я сустрэча. Для Леанарды Міхайлаўны свята падвоенае: як былы класны кіраўнік яна з нецярпеннем чакае сустрэчы з адным са сваіх выпускаў, які адзначае 10-гадовы юбілей, а таксама святкуе асабісты — 45 гадоў пасля заканчэння школы.

— Сярод выпускнікоў нашай школы ёсць тыя, чые імёны добра вядомыя ў раёне, — не без гонару працягваў дырэктар. — Юрый Кісялёў, Марына Нагановіч, Аляксандр Сварцэвіч, Генадзій Урбанайць, Іна Дангель, Алег і Аляксандр Півавары — вось толькі некаторыя з іх. Таксама прыемна, што сярод сённяшняга педкалектыву школы ёсць родныя выхадцы. Заўсёды з цеплынёй успамінаем сваіх ветэранаў працы Казіміра і Веру Пракопаў, Лідзію Андрон, Галіну Ермачкову, Клаўдзію Антух, Таісію Кулеш і Вольгу Яцыну, Марыну Давідоўскую. У школе яны заўсёды шаноўныя госці.

Напрыканцы размовы Гена­дзій Альбінавіч перадаў шчырае прывітанне ўсім, хто не зможа прысутнічаць у святочнай зале. А тым, хто стаіць на парозе выпуску 2023 года, пажадаў не памыліцца з выбарам прафесіі, каб у далейшым хацелася ісці на работу, як на свята. Леанарда Міхайлаўна сціпла дапоўніла пажаданні мужа радкамі з верша Петруся Броўкі:

Дарог на свеце вельмі многа,
А ты між іх сваю найдзі.
Няхай нялёгкая дарога,
А ты ідзі, а ты ідзі!..

Крысціна Рубель



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.