Поставской средней школе №2 присвоено имя партизанки Надежды Осененко

Образование

З надзеяй на доўгую памяць

Сёлетняй вясной пастаўскай СШ №2 прысвоена імя Надзеі Асяненкі.  З гэтай нагоды 20 мая ў школе адбылася ўрачыстасць, у якой удзельнічалі не толькі настаўнікі і вучні, але і родныя забітай фашыстамі партызанкі.

Госцем мерапрыемства таксама стаў начальнік аддзела па адукацыі Пастаўскага райвыканкама Павел Трава. Ён першым звярнуўся да прысутных:

— Зусім нядаўна наша краіна святкавала чарговую гадавіну Вялікай Перамогі. Напярэдадні гэтай святой для кожнага беларуса даты другой школе была ўручана копія Сцяга Перамогі. Гэта невыпадкова: на працягу многіх гадоў  дырэктар установы Аляксандр Кузняцоў разам з вучнямі вывучае падзеі Вялікай Айчыннай вайны, вяртае з небыцця імёны яе ахвяр. Школьны музей баявой і працоўнай славы ў раёне лічыцца ўзорным і з’яўляецца цэнтрам патрыятычнага выхавання школьнікаў. Таму рашэнне аб прысваенні навучальнай установе імя Надзеі Асяненкі было прынята адзінагалосна і зацверджана на ўсіх узроўнях. Я ўпэўнены, што школа пад новым імем працягне свае слаўныя традыцыі па ўвекавечанні памяці пра загінулых і прымножыць поспехі ў сваёй няпростай і вельмі патрэбнай дзейнасці.

Павел Трава ўручыў дырэктару СШ №2 пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі, пасля чаго слова было перададзена нашчадкам Надзеі Асяненкі. Іх на ўрачыстасці прысутнічала трое, і ўсе яны — траюрадныя пляменнікі славутай партызанкі.

— Найперш мы хочам падзякаваць кіраўніцтву школы за запрашэнне на такое значнае і хвалюючае для нашай сям’і мерапрыемства, — гаварыў Віктар Тарасаў, які ў Паставы прыехаў з Мачулішчаў Мінскага раёна. — Мы ўдзячныя ўсім, хто прымаў рашэнне такім чынам увекаве­чыць памяць Надзеі Асяненкі. Яна была роднай сястрой маёй бабулі. Дома ёсць кніга, дзе апісваецца дзейнасць Надзеі Міхайлаўны ў гады вайны, захоўваецца і выразка з газеты пра яе.

Знакава, што менавіта ў гэтай школе вучылася мая мама Феафанія (пляменніца Н. Асяненкі — аўт.). Яна вельмі перажывала, што не змагла прыехаць на ўрачыстасць, і перадавала ўсім прывітанне. Мама, як і мы, узрушаная гэтай навіной і спадзяецца, што некалі сама зможа зноў сюды наведацца.

Прагучалі на ўрачыстасці і шматлікія факты пра партызанку-зямлячку, якая была ўзнагароджана медалём «Партызану Айчыннай вайны» І ступені. Яна нарадзілася ў 1918 годзе ў вёсцы Ліпнікі Пастаўскага раёна. У 1939-м, пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, прымала ўдзел у калгасным будаўніцтве. Па яе ініцыятыве ў вёсцы была адкрыта хата-чытальня, створана камсамольская агітбрыгада.

У барацьбу супраць ворага Надзея Асяненка ўключылася з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны. Ужо ў ліпені 1941 года яна ўзначаліла падпольную камсамольскую арганізацыю, створаную ў роднай вёсцы.

«У снежні 1941 года гестапаўцы арыштавалі камсамольскую групу з вёскі Ліпнікі. За краты трапіла і Надзя. Допыты, жорсткія пакуты, але каты не здолелі нічым прымусіць мужную дзяўчыну сказаць словы праўды, здрадзіць таварышам па агульнай барацьбе. З-за адсутнасці прамых доказаў яе адпусцілі»  (з успамінаў партызана атрада імя Суворава Я. Пронькі).



Цяпер мы павінны апраўдаць аказаны давер і сваімі справамі даказаць, што школа сапраўды вартая насіць імя нашай гераічнай зямлячкі.

Аляксандр Кузняцоў



27 сакавіка 1944 года 4 разведчыкі, у ліку якіх была і Асяненка, конна адправіліся ў раён Параф’янава. Ім трэба было даведацца, калі з гэтай вёскі ў Мядзел прыбудзе група карнікаў. Каля в. Баяры Слабадскога сельсавета разведчыкі наткнуліся на засаду. Вікенцій Лукашэвіч быў забіты, Мацвей Клебан — цяжка паранены. Каб не трапіць у палон да ворага, ён падарваў сябе гранатай.

Надзея Асяненка

Пасля гібелі двух таварышаў Надзея Асяненка даставіла да бліжэйшага хутара трэцяга параненага — Бародзіча. Наказаўшы гаспадару адвезці яго да партызан, сама агнём затрымала гітлераўцаў. Пры спробе заскочыць на каня была параненая ў нагу і ўпала. Тым не менш змагла ўкрыцца за вуглом пабудовы і адтуль працягваць змагацца. Калі ў Надзею трапіла яшчэ адна куля, яна страціла прытомнасць. Пасля здзекаў фашысты дабілі параненую партызанку.

…Пасля прысваення школе імя Н. Асяненкі пра яе гераічныя справы тут будуць узгад­ваць яшчэ часцей. А значыць, яшчэ большая колькасць школьнікаў назаўжды запомніць, колькі мужнасці, гераізму і чалавечай трагедыі стаіць за словам «Перамога».

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Читайте также:
В Новосёлковской СШ открыли аграрную группу
В СШ №1 создана образовательная площадка для совершенствования обучения и изучения английского языка
С 12 по 16 апреля в Поставском районе работала диалектологическая экспедиция



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.