Учительница истории Воропаевской СШ Лилия Бресская — Человек года Поставщины

Главное Образование

Спаўна аддае сябе вучням

Настаўніцу гісторыі Варапаеўскай СШ Лілію Брэскую ведаюць многія жыхары раёна. Яе вучні не раз перамагалі ў абласным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, пра што расказвала наша газета. На раённых святах апошняга званка таленавітых дзяцей і педагога штогод адзначаюць граматамі і падзякамі старшыні райвыканкама і грашовымі прэміямі. А сёлета Ліліі Аляксандраўне прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Пастаўшчыны».

Між тым станавіцца гісторыкам Лілія Брэская не збіралася. Закончыўшы Ляхаўшчынскую базавую школу, разам з сястрой-двайняткай падала дакументы ў аграрна-эканамічны каледж у Полацку. А калі вярнулася дамоў, старэйшы брат заўважыў: «Нешта шмат бухгалтараў будзе ў нашай сям’і. Няхай бы адна з вас паступіла на іншую спецыяльнасць». Гэтыя словы прымусілі дзяўчыну, абсалютнага гуманітарыя па натуры, задумацца над правільнасцю выбару прафесіі і перанесці дакументы ў Полацкі педагагічны каледж.

Атрымаўшы спецыяльнасць выхавальніка, уладкавалася на работу ў дзіцячы сад №2 побач з раённым аддзелам па адукацыі і паступіла на завочнае аддзяленне Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, выбрала беларускую мову і літаратуру з гісторыяй. Пасля заканчэння ВДУ занялася пошукам работы ў школе і знайшла яе ў роднай Ляхаўшчынскай БШ, дзе якраз вызвалілася месца настаўніка гісторыі. Там адпрацавала 2 гады, да дэкрэтнага водпуску. А затым перайшла ў Варапаеўскую СШ, дзе таксама не было каму выкладаць гісторыю. Так з 2000 года і вядзе гэты прадмет.

Сваю прафесію Лілія Аляксандраўна па-сапраўднаму любіць і спаўна аддае сябе вучням, імкнучыся даць ім глыбокія веды, зацікавіць гісторыяй. З гэтай мэтай актыўна выкарыстоўвае на ўроках інфармацыйныя тэхналогіі і разнастайныя сродкі візуалізацыі: карты, ілюстрацыі, карціны, відэа і інш., якія дапамагаюць лепш засвоіць інфармацыю. Некалькі гадоў назад яна ўдзельнічала ў эксперыменце Нацыянальнага інстытута адукацыі па прымяненні візуалізацыі на ўроках гісторыі ў школе і з таго часу развівае гэту тэму. Крыху пазней настаўніцы прапанавалі ўвайсці ў экспертную групу па апрабаванні новых падручнікаў — даць экспертную ацэнку падручніку па гісторыі Беларусі для 8 класа. Сёлета яна згадзілася ўдзельнічаць у апрабаванні падручніка па вывучэнні на павышаным узроўні гісторыі Беларусі ў 10 класе. Акрамя таго, ужо некалькі гадоў Лілія Брэская ўзначальвае творчую групу настаўнікаў гісторыі раёна, з задавальненнем ездзіць на розныя курсы і семінары.

Калі я бачу там маладых педагогаў, у якіх гараць вочы, сама загараюся ад іх. І, вярнуўшыся дамоў, з яшчэ большым энтузіязмам бяруся за работу, хочацца дзяліцца з іншымі сваімі ведамі, — кажа яна. — Мне ў радасць тое, чым займаюся. Ніколі не цяжка прыйсці вечарам і папрацаваць з дзецьмі, каб падрыхтаваць іх да алімпіяды.

Прымаць удзел у прадметнай алімпіядзе вучні Ліліі Аляксандраўны пачалі яшчэ ў пачатку 2000-х. Некаторы час поспехаў не было. Затое апошнія гадоў 7 юныя гісторыкі з варапаеўскай школы рэгулярна становяцца прызёрамі не толькі на раённым, але і на абласным узроўнях, выходзяць на «рэспубліку». Праўда, заняць там прызавое месца пакуль не ўдаецца, хоць у дзяцей і педагога дастаткова ведаў і майстэрства для гэтага. Заваяваць дыплом заключнага этапа інтэ­лектуальнага спаборніцтва — такую мэту ставіць перад сабой настаўніца.

Будучых алімпіяднікаў яна пачынае шукаць яшчэ ў 5 класе, прыглядаючыся, хто з дзяцей валодае патрэбнымі якасцямі. А калі надыходзіць час брацца за падрыхтоўку, заўсёды пытаецца ў вучняў, ці згодныя тыя ўдзельнічаць і шмат займацца.

Выгадаваць прызёра алімпіяды вельмі няпроста, — заўважае Лілія Брэская. — Гэта вялізная праца педагога. Яму перш за ўсё трэба назапасіць і сістэматызаваць неабходны матэрыял, а потым правільна паднесці яго вучню. Сваіх дзяцей я заўсёды арыентую на поспех. Адпраўляючыся на спаборніцтва, кажу ім: «Мы едзем толькі перамагаць!» І вельмі ганаруся іх поспехамі. Радуюся, што адзін з алімпіяднікаў, Мацвей Бяззубенка, думае паступаць на гістарычны факультэт, хоць сам з сям’і ўрачоў. Значыць, работа з ім была не дарэмнай.

Акрамя гісторыі ва ўсіх класах, трэці год Лілія Брэская выкладае яшчэ і грамадазнаўства. І хоць гэты прадмет для яе новы, рыхтуе вучняў да ўдзелу ў алімпіядзе па ім таксама. Пакуль удаецца займаць прызавыя месцы толькі ў раёне. «Узяць» дыплом у вобласці — яшчэ адна мэта таленавітага педагога.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.