Чатыры сэрцы, якія біліся ва ўнісон: гісторыя кахання, страты і адраджэння Наталіі Карнілавай

Общество

Хто з пастаўчан не ведае Зюзю Паазерскага, Дзеда Бая і іншых міфалагічных герояў, якія пасяліліся на СТК «Азяркі» і кожную зіму прывабліваюць да сябе гасцей? Чаму я ўзгадваю пра гэта напярэдадні лета? Таму што сённяшняя мая гераіня — спецыяліст турінфацэнтра Пастаўскага раёна, атэставаны экскурсавод па маршруце «Край азёр, касцёлаў, паркаў» Наталія Карнілава. Яна ж — аўтар ідэі і сцэнарыяў праекта «Дзед Бай», іншых цікавых праграм, таленавітая мясцовая паэтэса. А яшчэ — нязменны старшыня прафкама аддзела спорту райвыканкама.

Чатыры сэрцы, якія біліся ва ўнісон: гісторыя кахання, страты і адраджэння Наталіі Карнілавай

Зярняткі творчасці прараслі ў сэрцы маленькай Наташы дзякуючы яе бацькам. Маці, Ганна Паўлаўна, была настаўніцай пачатковых класаў. Бацька, Яўгеній Генадзьевіч Януш, выкладаў фізічную культуру, чарчэнне і выяўленчае мастацтва. Дзяўчынка ўжо ў тры гады ведала алфавіт, лічбы і шмат іншага, чаму вучаць у пачатковых класах (тут мама пастаралася), а дзякуючы тату пераказвала без замінкі казкі і вершы. Бацька быў цудоўным апавядальнікам. Штовечар ён артыстычна чытаў на памяць сваёй любімай дачушцы не толькі казкі, але і класічныя творы Пушкіна, Маякоўскага, Твардоўскага, беларускіх аўтараў, прывіваў любоў да роднай мовы і прыгожага паэтычнага слова. А яшчэ вучыў яе маляваць, прычым гэта дазвалялася рабіць усюды. Печ, шпалеры, шафы — усё было ў «шэдэўрах» юнага мастака, што толькі замілоўвала родных: дзіця ж развіваецца!

Чатыры сэрцы, якія біліся ва ўнісон: гісторыя кахання, страты і адраджэння Наталіі Карнілавай

У школе (яна скончыла пастаўскую СШ №2) Наташа вучылася выдатна. Больш за ўсё яе захаплялі гуманітарныя прадметы. Акрамя таго, добра малявала, пісала вершы, артыкулы, сцэнарыі школьных вечароў, узначальвала рэдкалегію школьнай насценгазеты, друкавалася ў раёнцы, актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, вяла школьныя мерапрыемствы. Марыла пра журналістыку, але паступіць на журфак Белдзяржуніверсітэта не ўдалося — не хапіла аднаго бала.

Чатыры сэрцы, якія біліся ва ўнісон: гісторыя кахання, страты і адраджэння Наталіі Карнілавай

17-гадовая дзяўчына пачала працоўную дзейнасць, стаўшы культарганізатарам Пастаўскага раённага Дома піянераў і школьнікаў. Акрамя арганізацыі мерапрыемстваў для дзяцей, вяла два гурткі — юных карэспандэнтаў і драматычны. А праз год Наталія без цяжкасцей стала студэнткай мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута. Маланкай праляцелі пяць гадоў вучобы. Скончыўшы ВНУ, малады педагог уладкавалася ў пастаўскую СШ №5 настаўніцай чарчэння, выяўленчага мастацтва і сусветнай мастацкай культуры. Школа і калектыў былі добра вядомыя дзяўчыне, таму што з самага адкрыцця гэтай школы тут працавала настаўніцай яе мама.

Чатыры сэрцы, якія біліся ва ўнісон: гісторыя кахання, страты і адраджэння Наталіі Карнілавай

У 1995 годзе Наталія сустрэла сваю другую палавінку. Гэта было каханне з першага погляду. Пазнаёміліся маладыя людзі на дні нараджэння іх агульнага сябра. Пасля вечарыны Станіслаў право­дзіў дзяўчыну, яны некалькі гадзін гулялі па начных Паставах і не маглі нагаварыцца.

Здавалася, мы былі знаёмыя ўсё жыццё, — узгадвае Наталія Карнілава. — Стас адразу захапіў мяне сваім інтэ­лектам і пачуццём гумару. Прыгожы, дужы, разумны, вясёлы, уважлівы… Той, з кім нічога не страшна. Той, з кім хацелася ісці рука ў руцэ праз усё жыццё і каб сыны абавязкова былі падобныя на яго — сапраўднага Мужчыну з вялікай літары.

Чатыры сэрцы, якія біліся ва ўнісон: гісторыя кахання, страты і адраджэння Наталіі Карнілавай

Ужо праз месяц яны вырашылі пажаніцца і ў хуткім часе згулялі вяселле. У 1996 годзе ў маладой сям’і нара­дзіўся першынец Глеб. Праз дзесяць гадоў з’явіўся на свет малодшы сынок, Якаў.

І наша шчасце памножылася ўдвая, — дзялілася Наталія. — Чатыры сэрцы біліся ва ўнісон, здавалася, агульная радасць будзе бясконцай. Але раптоўна мужу абвясцілі страшны дыягназ — меланома. Некалькі аперацый, хіміятэрапія, упартая барацьба за жыццё, бальнічныя палаты, бяссонныя ночы, слёзы і надзея, што ўсё будзе добра… Мы верылі ўсе… Гэту веру падтрымліваў прыклад маіх бацькоў: мама і тата раней хварэлі на анкалогію, перанеслі аперацыі, усе віды складанай тэрапіі і змаглі пераадолець каварную хваробу. Мы да апошніх хвілін спадзяваліся, што і Стас паправіцца… Незадоўга да смерці ён сказаў мне: «Каханая мая, ты моцная, ты ўсё вытрымаеш… Табе яшчэ нашых сыночкаў гадаваць… Памятай, я вас вельмі люблю і я заўсёды з вамі».

Чатыры сэрцы, якія біліся ва ўнісон: гісторыя кахання, страты і адраджэння Наталіі Карнілавай

У 36 гадоў Наталія аўдавела. Старэйшаму сыну тады ішоў дванаццаты год, малодшаму яшчэ не было і двух.

Апускаліся рукі, здавалася, што няма больш сіл, — узгадвае жанчына той цяжкі час. — Але дзве мае крывіначкі, два цудоўныя хлопчыкі глядзелі на мяне карымі вачыма, такімі ж, якія былі ў іх таты, і я чула зноў: «Ты моцная, ты ўсё вытрымаеш…» і жыла далей. Ва ўсім мне дапамагалі мае бацькі, побач быў брат. Не засталіся ўбаку і родныя мужа. Падтрымлівалі сябры. Бясконца ўдзячная ўсім.

Чатыры сэрцы, якія біліся ва ўнісон: гісторыя кахання, страты і адраджэння Наталіі Карнілавай

А яшчэ своеасаблівым паратункам для Наталіі стала яе новая цікавая работа. У маладосці яна шмат падарожнічала. Пабывала ў Крыме, Стаўрапольскім краі, Маскве, Польшчы, Чэхіі, Італіі, многіх іншых цудоўных мясцінах. Але ніколі не думала, што з часам і сама будзе займацца прыёмам турыстаў. А пачалося ўсё ў 2009 годзе, калі яна пазнаёмілася з вядомым на Пастаўшчыне праектам «Зюзя Паазерскі». Наталія пачала актыўна ўдзельнічаць у ім. Напісала больш за дзясятак арыгінальных вершаваных сцэнарыяў-казак на беларускай мове. Аўтар зборніка «Радуга-вясёлка», які выйшаў у выдавецкім цэнтры БДУ. Напісала шмат вершаў, якія ўвайшлі ў сцэнарыі гарадскіх і раённых свят. Яе творы друкуюцца ў раённай газеце і абласных выданнях, выходзілі і ў калектыўных паэтычных зборніках, некалькі вершаў сталі песнямі. На музыку іх паклалі Алег Жаўноў і Мікалай Карпенка. У 2024 годзе на верш Наталіі «Я вярнуся» песню напісаў Віталь Карпанаў.

Чатыры сэрцы, якія біліся ва ўнісон: гісторыя кахання, страты і адраджэння Наталіі Карнілавай

Наталія засталася верная памяці любага Стаса і больш не выйшла замуж. Ужо дарослыя іх сыны. Глеб скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага пед­універсітэта імя М. Танка, потым — курсы праект-менеджараў. Працуе ў менеджменце. Якаў ажыццявіў школьную мару маці. Ён зараз заканчвае трэці курс факультэта журналістыкі БДУ па спецыяльнасці «Глабальнае медыя­асяроддзе і інфармацыйная бяспека» і ўжо працуе на спартыўным канале ў Бел­тэлерадыёкампаніі.

Абодва мае хлопчыкі шчырыя, добрыя, працавітыя, — прызнаецца маці. — Калі яны прыязджаюць з Мінска ў Паставы, тыя дні для мяне самыя шчаслівыя. Мы ўсё робім разам: займаемся хатнімі справамі, гатуем ежу, працуем на прысядзібным участку ў вёсцы, глядзім фільмы або спартыўныя спаборніцтвы, шчыра гутарым.

Чатыры сэрцы, якія біліся ва ўнісон: гісторыя кахання, страты і адраджэння Наталіі Карнілавай

Здавалася б, вось яно, ціхае сямейнае шчасце. Але на Наталію зноў абрынулася гора. У красавіку 2024-га ў яе маці здарыўся інсульт, а праз некалькі месяцаў жанчыны не стала. Роўна праз год пасля адыходу маці сям’я навечна развіталася і з бацькам. Ён вельмі цяжка перажываў страту жонкі, вярнулася анкалогія. Наталія з братам Ігарам, які прыехаў з Санкт-Пецярбурга, і з сынамі да апошняй хвіліны былі побач з хворым, як маглі аблягчалі яго пакуты.

Колькі б табе ні было гадоў, а страчваючы бацькоў, ты сірацееш, — набягаюць слёзы на вочы маёй суразмоўцы. — Але жыццё працягваецца. У ім шмат светлых дзён і яскравых падзей, таму я — шчаслівая жанчына. Мару, каб было ўсё добра ў сыноў, каб яны сустрэлі сапраўднае каханне і падарылі мне ўнукаў. Сама шмат чытаю, пішу вершы, вельмі люблю вырошчваць кветкі. Умею шыць, вязаць, вышываць, валодаю іншым відамі рукадзелля. Вось толькі часу на ўсё не хапае…



Бліц-апытанне

Чатыры сэрцы, якія біліся ва ўнісон: гісторыя кахання, страты і адраджэння Наталіі Карнілавай— Што важней — кар’ера або сям’я?

Заўжды на першым месцы сям’я.

Чатыры сэрцы, якія біліся ва ўнісон: гісторыя кахання, страты і адраджэння Наталіі Карнілавай— У чым прывабнасць жанчыны?

— У шчырасці, адкрытасці, эмпатыі, пачуцці гумару, харызме.

Чатыры сэрцы, якія біліся ва ўнісон: гісторыя кахання, страты і адраджэння Наталіі Карнілавай— Калі б вы сталі феяй?

— Усталявала б мір ва ўсім свеце і знішчыла б усе хваробы.



Фаіна Касаткіна
Фота з архіва Наталіі Карнілавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.