Дысплазія, рак шыйкі і міёма маткі, эндаметрыёз, бясплодднасць — з такімі праблемамі жаночага здароўя ўсё часцей сутыкаюцца ў сваёй практыцы акушэры-гінеколагі. Тэндэнцыя іх росту характэрная ў тым ліку для нашага раёна. Што асабліва насцярожвае: сярод цяжарных жанчын практычна няма абсалютна здаровых, амаль у кожнай — букет захворванняў.
— Пазбегнуць сур’ёзных праблем са здароўем дапамагае дыспансерызацыя, якую нельга ігнараваць, — кажа загадчык радзільнага аддзялення Пастаўскай ЦРБ Кацярына Ільчанка. — Часам маленькі аналіз можа папярэдзіць пра вялікае захворванне. А прафілактаваць яго заўсёды лягчэй і танней, чым потым лячыць. У рамках дыспансерызацыі жанчын ва ўзросце ад 49 гадоў мы накіроўваем на мамаграфію — яе абавязкова трэба праходзіць кожныя 3 гады. У тых, каму ад 30 да 60 гадоў, бяром аналіз на вірус папіломы чалавека, які з’яўляецца адной з прычын раку шыйкі маткі. 21—29-гадовым дзяўчатам у апошні час пачалі рабіць вадкасную цыталогію. Гэта яшчэ адзін від скрынінгу раку шыйкі маткі.
Сёння вірус папіломы чалавека — сапраўдная праблема для медыкаў. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, ім заражана каля 90% насельніцтва планеты. Інфекцыя перадаецца ў тым ліку палавым шляхам, і ад яе не засцерагае нават прэзерватыў.
Вялікім укладам у здароўе беларускіх жанчын стала ўключэнне вакцынацыі супраць ВПЧ у Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак. Яна праводзіцца бясплатна ўсім дзяўчынкам 11 гадоў, бо прышчапіцца пажадана да пачатку палавога жыцця.
Тым не менш зрабіць гэта медыкі рэкамендуюць і старэйшым дзяўчатам, а таксама жанчынам. Але ім давядзецца заплаціць за прышчэпку. Як паказвае практыка, у тых краінах, дзе прадстаўніц прыгожай паловы масава вакцынуюць ад названага віруса, выпадкаў раку шыйкі маткі практычна няма.
Паклапаціцца пра сваё здароўе ў першую чаргу неабходна тым жанчынам, якія ў хуткім часе збіраюцца стаць мамамі. Паколькі ад іх фізічнага стану залежыць здароўе будучага дзіцяці.
— Такіх жанчын мы запрашаем на прагравідарную падрыхтоўку, — працягвае Кацярына Ільчанка. — Звяртайцеся ў жаночую кансультацыю паліклінікі і, прыйшоўшы на прыём да гінеколага, скажыце яму пра свой намер зацяжарыць. Урач дасць накіраванні на ультрагукавое даследаванне і аналізы. Калі ёсць захворванні, спачатку трэба вылечыць іх або перавесці ў рэмісію хранічныя. Пры наяўнасці дэфіцытаў — жалеза, вітаміну D і інш. — папоўніць недахоп. Важна таксама загадзя пачаць прымаць фоліевую кіслату. Усё гэта дапаможа лепш вынасіць цяжарнасць. І не адкладвайце намер стаць мамай на потым, займаючыся кар’ерай або стварэннем матэрыяльнай базы. Нараджаць дзяцей трэба своечасова, пакуль няма букета хвароб.
Алена Шапавалава

