На наступным тыдні нас чакае адна з галоўных падзей у культурным жыцці Пастаўшчыны — міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». Сёлета любімае многімі гараджанамі і гасцямі горада свята будзе юбілейным, 35-м па ліку, і падорыць нямала яркіх уражанняў.
Як расказала начальнік аддзела культуры райвыканкама Ірына Лойка, свой удзел у музычным форуме пацвердзілі творчыя калектывы з усіх абласцей Беларусі. Запрашэнні на фестываль былі адпраўлены, па традыцыі, і за мяжу. На іх адгукнуліся калектывы з горада-пабраціма Пастаў Пушкіна, прадстаўнікі якога прыязджаюць да нас не першы год, з Рэспублікі Карэлія Расійскай Федэрацыі, а таксама з Рэспублікі Сербія.
Што да праграмы фестывалю, то ў ёй з’явіліся новыя цікавыя мерапрыемствы і змянілася месца правядзення некаторых традыцыйных. Так, абласны конкурс эстраднай музыкі «ВІАton» пройдзе ў пятніцу не ў гарадскім парку, а на плошчы Леніна ў Паставах. Тут будзе ўстаноўлена вялікая сцэна, якая стане эпіцэнтрам амаль усіх фестывальных падзей. Упершыню будзе арганізаваны летні кінатэатр, дзе яго наведвальнікі змогуць убачыць мастацкі фільм беларускай вытворчасці па рамане Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Увагу юных пастаўчан павінна прыцягнуць дзіцячая шоу-праграма з удзелам папулярных відэаблогераў-падлеткаў, а моладзь асабліва парадуе моташоу і канцэрт рок-выканаўцаў. Запамінальным абяцае быць і адкрыццё фестывалю.
Алена Шапавалава

