У апошнія дні ўсталявалася сонечнае надвор’е, што дае магчымасць сельгаспрадпрыемствам актыўна разгарнуць работы па нарыхтоўцы кармоў. З раніцы да позняга вечара не сціхае рокат матораў на сенажацях Пастаўшчыны. Механізатары сельгаспрадпрыемстваў стараюцца як мага эфектыўней выкарыстоўваць замацаваную за імі тэхніку і нарыхтаваць больш сенажу і сена.
Травы першага ўкосу ўбраны амаль на 80% запланаванай плошчы. Гэта на 11% больш, чым было ў такі час летась, што сведчыць пра добрую арганізацыю тэхналагічнага працэсу. У ААТ «Навасёлкі-Лучай» першы ўкос завяршылі, але нарыхтоўку кармоў прадаўжаюць. Набліжаюцца да фінішу ў ААТ «Сцяг Перамогі-агра» (91%), СП «Дунілавічы-агра» (90%).
Сенажу на Пастаўшчыне нарыхтавана ўжо звыш 56 000 тон, што ледзь не на 10 000 тон больш, чым у адпаведны перыяд мінулага года. Але самы наглядны паказчык эфектыўнасці — забяспечанасць травянымі кармамі ў разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы. На 23 чэрвеня ён складае 5,77 цэнтнера кармавой адзінкі, у мінулым годзе на гэту дату мелі 4,72 ц к.адз.
Корманарыхтоўка — адзін з найважнейшых перыядаў у гадавым цыкле, бо ад колькасці і якасці нарыхтаваных кармоў залежыць тое, як пройдзе зімоўка жывёлы. Аграрыі Пастаўшчыны ўпэўненыя, што пры належным выкананні ўсіх работ і спрыяльным надвор’і яны змогуць забяспечыць патрэбы сельгаспрадпрыемстваў у кармах і атрымаць добрыя паказчыкі ў жывёлагадоўлі.
Анна Анішкевіч

