На мінулым тыдні сталі вядомыя вынікі абласнога відэаконкурсу літаратурна-музычных кампазіцый «Галасы роднага краю». У ім наш «Світанак» заваяваў званне лаўрэата ІІ ступені ў намінацыі «Роднаму краю прысвячаецца».
Да стварэння відэароліка «світанкаўцы» падышлі вельмі творча. Паэзію яны ўвязалі з выяўленчым і інструментальным мастацтвам, харэаграфіяй, рамесніцтвам, у прыватнасці з ткацтвам, саломапляценнем, апрацоўкай ільну, прадставіўшы мясцовыя традыцыі. Здымачным павільёнам выбралі выставачную залу Дома рамёстваў «Стары млын», дзе зрабілі адпаведныя дэкарацыі. У здымках удзельнічалі Марына Кавалёнак, Наталія Карнілава, Вольга Лісіцкая, Валянціна Гірвель, Сафія Скабёлкіна, Людміла Малевіч, Марына Трушына і Таццяна Куцуха, а таксама вучаніцы Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза.
— Сваю кампазіцыю мы назвалі «Вяночак роднаму краю», — расказвала Марына Кавалёнак. — Чытаючы ў народных касцюмах вершы, прысвечаныя Пастаўшчыне, мы перадавалі сплецены вянок як спадчыну маленькім дзяўчаткам. А яны, надзеўшы яго на галаву, ткалі, гралі на музычных інструментах, танцавалі, малявалі.
Здымала і манціравала ролік вядучы спецыяліст Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Вікторыя Курто. У тым, што відэа пастаўчан прызналі адным з найлепшых, яе несумненная заслуга.
Алена Шапавалава
Фота даслала Марына Кавалёнак





