Лынтупчанка Зінаіда Зубанава ў чэрвені адзначыла 95 гадоў з дня нараджэння. Прымала віншаванні ад родных з розных куточкаў Беларусі, Латвіі, Літвы, Расіі. За сталом сабралася блізкая радня. Гучалі тосты, і ў кожным былі словы шчырай удзячнасці юбілярцы за яе дабрыню. Сёння Зінаіда Афанасьеўна жыве ў акружэнні вялікай і дружнай сям’і. Але шлях да гэтага шчасця быў вельмі цяжкім.
Выпрабаванні з дзяцінства
Зінаіда выхоўвалася ў мнагадзетнай сям’і: маці мела шасцёра дзяцей ад першага шлюбу (муж раптоўна памёр) і нарадзіла яшчэ пецярых у другім замустве. Зіна была наймалодшай, але не спешчанай: рана навучылася прасці і ткаць, дапамагала старэйшым па гаспадарцы і ведала цану кавалку хлеба.
Вочы жанчыны туманяцца слязьмі ад успамінаў пра ваеннае ліхалецце. На хутар каля Жвойрышак, дзе жыла сям’я, днём заглядвалі немцы, ноччу прыходзілі партызаны. Хатнюю жывёлу прыйшлося хаваць у лесе, самім — хавацца ў акопе, бо баяліся, што немцы вывезуць на прымусовыя работы ў Германію. А як цяжка было ў першы мірны, але галодны год!
— Усё маё жыццё напоўнена нялёгкай працай і неймавернымі выпрабаваннямі, — гаварыла юбілярка. — Думала, лягчэй стане, калі выйду замуж. Муж сапраўды браў на сябе асноўны цяжар. Спачатку жылі ў маёй сястры, абое працавалі на цагельным заводзе, будавалі дом. З розніцай у два гады я нарадзіла Трафіма, Таццяну, Марыю, Усцінню. Апошняя двойня — сын Аляксей і дачка Марына — з’явіліся на свет за тры гады да таго, як аўдавела.
Адзін на адзін з клопатамі
Страта надзейнага спадарожніка жыцця стала для Зінаіды сапраўдным выпрабаваннем. На яе кволыя жаночыя плечы ляглі ўсе цяжкасці. Чакаць падтрымкі не было ад каго. Дапамога па страце кармільца — 15 рублёў, нават па 2 рублі на дзіця не атрымлівалася. Людзі шапталіся: «Не справіцца, прападзе». Але яна не здалася. Падняць на ногі адной шасцёра дзяцей — гэта штодзённы подзвіг. У далікатнай з выгляду жанчыне жыла жалезная воля. Раніцай, калі ўсе яшчэ спалі, яна спяшалася на калгасную ферму, дзе працавала даяркай. Уручную раздавала кармы, чысціла стойлы, даіла і парадкавала малако, мыла посуд. Дадому вярталася ледзь жывая. А там чакалі свая вялікая гаспадарка, агарод і, вядома, дзеці, якіх трэба было ахінуць любоўю. Яна слухала іх праблемы, давала парады, суцяшала ў горы і радавалася поспехам.
Адкуль брала сілы? Са шчырай малітвы. Прасіла дапамогі ў Бога дома, ехала ў царкву ў Апідамы, Швянчоніс. І Ён яе падтрымліваў. Не давала расслабіцца і адказнасць за сыноў і дачок. Для іх была і за маці, і за бацьку, вучыла галоўнаму — працавітасці, сумленнасці, еднасці. Дзеці з маленства бачылі, як цяжка маці, таму раслі паслухмянымі і дапамагалі ва ўсім.
Дадатковым заробкам быў збор ягад. Разам з дзецьмі адпраўлялася ў лес, там набіралі вёдры чарніц, журавін, брусніц. А потым жанчына везла іх ажно ў Каўнас прадаваць. Стойкасць і любоў Зінаіды Афанасьеўны дазволілі ёй не тольківы гадаваць дзяцей, але і даць ім добры старт у жыцці. Кожнаму змагла справіць вяселле.
Залатая восень жыцця
Сёння Зінаіда Зубанава можа з гордасцю глядзець на пройдзены шлях: дзеці выраслі годнымі людзьмі, разляцеліся па свеце, але не забываюць маці, пастаянна тэлефануюць, па магчымасці прыязджаюць. Абавязкова — на Тройцу, калі ўсе разам збіраюцца на апідамскіх могілках, моляцца, успамінаюць дарагіх людзей, якія знайшлі там вечны спачын. А потым едуць у Лынтупы да малодшай, Марыны, у якой цяпер жыве Зінаіда Афанасьеўна.
Дзеці — самае вялікае багацце маці. На жаль, 9 гадоў таму пахавалі старэйшага, Трафіма. Няма ў жывых ніводнага зяця. Як да родных дачок, жанчына адносіцца да нявестак. І яны яе любяць і паважаюць. Дом малодшага сына, Аляксея, і яго жонкі Аксаны стаіць непадалёк ад Марынінага, таму яны наведваюцца найчасцей.
Да дачкі ў Лынтупы Зінаіда Зубанава пераехала сёлетняй зімой. Да гэтага некалькі гадоў дапамагала старэйшай, Марыі, якая большасць часу праводзіць не ў добраўпарадкаванай кватэры, а на дачы. Дачка зламала нагу, і яна палола градкі, кветнікі, займалася іншай работай. Марына ад фізічнай працы маці ахоўвае. Але тая не можа без справы, таму вяжа шкарпэткі, робіць свечкі з воску і шмат моліцца.
Родныя ахінаюць жанчыну такой цеплынёй і клопатам, пра якія можна толькі марыць. Кожны імкнецца прывезці ёй гасцінцаў, пасядзець побач, патрымаць за працавітыя рукі, расказаць пра свае справы і распытаць яе пра здароўе.
На здароўе 95-гадовая юбілярка не наракае. Хаця ў маладосці некалькі разоў ламала левую руку. Цяпер дзеці настойваюць, кааб яна раз на год паляжала ў бальніцы, папрымала кропельніцы з вітамінамі. Маці слухаецца.
Шчырую ўвагу з боку родных Зінаіда Зубанава заслужыла сваім жыццём. Калі жанчына апавядала мне пра сваіх дзяцей, 16 унукаў і 21 праўнука, яе вочы свяціліся асаблівым святлом. Яна часта паўтарала, што ніколі не адчувала сябе адзінокай, бо дзеці — гэта яе крылы і яе працяг. Ім змагла перадаць галоўнае — душэўную шчодрасць, працавітасць. У нашчадках бачыць плён сваёй працы, любові, сваіх малітваў.
Зінаіда Афанасьеўна Зубанава — моцная жанчына, сапраўдны сімвал сілы духу. Яна прайшла праз стомленасць, адчай і ніколі не скардзілася на лёс. Яе жыццё — прыклад мужнасці, самаахвярнасці, працавітасці і невычэрпнай мацярынскай любові, доказ таго, што нават у самыя цяжкія часы варта верыць у сябе і давяраць Богу. І тады, пераадолеўшы любыя перашкоды, можна дажыць да шчаслівай і паважанай старасці.
Бліц-апытанне
— Што важней — кар’ера або сям’я?
— У гады маёй маладосці ніхто не задумваўся пра кар’еру. Галоўнае было выжыць. Калі б у мяне была магчымасць выбіраць, я выбрала б сям’ю. Лічу, што большага багацця на свеце няма.
— У яе дабрыні, спагадзе, чуласці, вернасці.
— Зрабіла б так, кааб нашым нашчадкам не давялося прайсці праз тыя выпрабаванні, якія выпалі на долю майго пакалення.
Анна Анішкевіч






