Пастаўчанін Уладзімір Магільніцкі выдаў кнігу «Лынтупшчына»

Общество

Пастаўчанін Уладзімір Магільніцкі выдаў кнігу «Лынтупшчына»

У кожнага чалавека ёсць месца, якое застаецца ў сэрцы самым цёплым куточком. Для нашага земляка Уладзіміра Магільніцкага ім з’яўляецца маляўнічая вёска Вайшкуны ў Лынтупскім сельсавеце, дзе ў 1943 годзе ён нарадзіў­ся. Скончыў Лынтупскую сярэднюю школу, працаваў у былым калгасе імя Леніна, на камсамольскай і партыйнай рабоце. На працягу 15 гадоў быў начальнікам Пастаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Бязмежная любоў да роднага краю з гадамі перарасла ў жаданне сабраць неабходны матэрыял і выдаць унікальную гісторыка-краязнаўчую кнігу «Лынтупшчына».

У ёй не проста збор архіўных звестак, а сапраўдны жывы летапіс чалавечых лёсаў. На працягу 8 гадоў Уладзімір Магільніцкі па крупінках збіраў тое, што магло б назаўжды знікнуць у віры гістарычнага часу. Ён сустракаўся з землякамі, запісваў іх успаміны, працаваў з архіўнымі дакументамі, гартаў сямейныя фотаальбомы. Кніга стала вынікам глыбокай павагі да сваіх каранёў і прагнення захаваць памяць для наступных пакаленняў.

Пастаўчанін Уладзімір Магільніцкі выдаў кнігу «Лынтупшчына»

Галоўная каштоўнасць выдання заключаецца ў жывой чалавечай праўдзе. Старонка за старонкай аўтар унікальна ўвекавечыў багатую гісторыю рэгіёна ў канкрэтных фактах і вобразах людзей. Тут няма сухіх навуковых фармулёвак — кожная падзея падаецца праз прызму ўспрымання звычайных жыхароў Лынтупшчыны, якія прайшлі праз розныя выпрабаванні, радаваліся, кахалі і рупліва працавалі на сваёй зямлі. Новая кніга дазваляе сучаснаму чытачу літаральна зазірнуць за заслону часу і разглядзець мінулую эпоху ва ўсіх яе найдрабнейшых дэталях.

Гартала старонкі «Лынтупшчыны» — і нібы праходзілася па старадаўніх вясковых вуліцах, адчувала непаўторную атмасферу таго жыцця. Асобнай увагі заслугоўваюць фотаздымкі. Зірнуўшы ў вочы людзей, якія жылі тут дзесяцігоддзі назад, пачынаеш глыбей разу­мець іх адметны характар, уклад жыцця. Гэтая кніга — своеасаблівы духоўны мост паміж мінулым і будучыняй. Уладзімір Магільніцкі здолеў перадаць той непаўторны каларыт Лынтупшчыны, які фарміраваўся стагоддзямі на скрыжаванні розных падзей. Чытаючы пра лёсы простых вяскоўцаў, разумееш, што менавіта на такіх людзях, на іх штодзённай працы і вернасці сваім вытокам трымаецца падмурак нашай нацыянальнай самасвядомасці.

Кніга «Лынтупшчына» вучыць цаніць сваю малую радзіму, паважаць старэйшае пакаленне і берагчы тое, што мы маем сёння. Карпатлівая праца аўтара будзе жыць доўга, яна пакіне глыбокі след у душы кожнага, хто возьме ў рукі выданне, пачытае артыкулы. Яны абавязкова знойдуць водзыў у сэрцах тых, хто неабыякавы да мінулага і будучыні нашай роднай зямлі.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.