17 июля исполнилось бы 80 лет замечательному аграрию, настоящему хозяину Олегу Володько

Общество

У гісторыі Пастаўшчыны ёсць імёны, якія сталі сапраўднымі сімваламі працавітасці, мудрасці і адданасці роднай зямлі. Сярод іх асаблівае месца займае Герой Сацыялістычнай Працы Алег (Адольф) Адольфавіч Валодзька, які больш за 40 гадоў узначальваў былы калгас імя Суворава (цяпер ААТ «Навасёлкі-Лучай»). 17 ліпеня выдатнаму аграрыю, сапраўднаму гаспадару пастаўскай зямлі споўнілася б 80 гадоў. Гэты юбілей —  нагода зноў узгадаць чалавека-эпоху, чый розум, смеласць і гаспадарскі талент праславілі Пастаўшчыну на ўсю краіну.

Малады старшыня з прыроднай мудрасцю

Алег Валодзька нарадзіўся ў вёсцы Старчуны. Працоўную біяграфію распачаў трактарыстам калгаса імя Дзяржынскага. Пасля заканчэння Гарадоцкага сельскагаспадарчага тэхнікума лёс зрабіў нечаканы паварот: у 1968 годзе яго абралі старшынёй калгаса імя Суворава.

17 июля исполнилось бы 80 лет замечательному аграрию, настоящему хозяину Олегу Володько

Гэта быў выключны выпадак, калі 21-гадоваму хлопцу даверылі ўзначаліць адсталую гаспадарку. Многія старэйшыя людзі ўспрынялі яго назначэнне з недаверам, лічылі рызыкай, маўляў, малады, неспрактыкаваны. Але Алег Адольфавіч з першых дзён паказаў, што яго маладосць — гэта не недахоп, а велізарная сіла. Ён меў тое, што дадзена не кожнаму: жалезную волю, прыродную мудрасць і імкненне да наватарства, здольнасць бачыць перспектыву там, дзе іншыя бачылі толькі праблемы.

Алег Валодзька адразу зразумеў, што поспех залежыць ад двух фактараў: тэхналогій і клопату пра чалавека працы. Паступова да калгаса далучалі суседнія, больш слабыя гаспадаркі — «Гігант», «Ударнік», саўгас «Пастаўскі».

Наватар, які апярэдзіў час

Старшыня хутка даказаў, што моладзевы імпэт у спалучэнні з працавітасцю здольны тварыць цуды. Пад яго кіраўніцтвам калгас імя Суворава пачаў імкліва развівацца. Колькі новага і перадавога было прывезена і ўкаранёна ў Навасёлках: першая ў Віцебскай вобласці даільная зала, замежная тэхніка, сучасная паліклініка з найноўшым медыцынскім абсталяваннем, дзіцячы сад з басейнам і іншае. Сюды ехалі розныя дэлегацыі, і не толькі па вопыт, але і каб проста пагутарыць са старшынёй, параіцца з ім.

У 1988 годзе за выдатныя дасягненні ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі Алегу Валодзьку было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат». Але гэта не зрабіла яго ганарлівым. Ён па-ранейшаму заставаўся простым і адкрытым. На той момант Алегу Валодзьку было 42 гады — узрост росквіту сіл і таленту. Акрамя таго, ён быў удастоены звання «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР», выбіраўся дэпутатам абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў.

17 июля исполнилось бы 80 лет замечательному аграрию, настоящему хозяину Олегу Володько

Калі ў яго пыталіся пра сакрэт поспеху, ён паўтараў: галоўнае — гэта вытворчасць і людзі. Для яго галоўнымі былі не ордэны і высокія трыбуны. Сэрца старшыні заўсёды балела за простых рабочых. Ён лічыў, што чалавек на зямлі павінен жыць у камфорце і прыгажосці. Дзякуючы намаганням старшыні вёска змянілася да непазнавальнасці: будавалася сучаснае жыллё, добраўпарадкоўваліся вуліцы. Валодзька ўмеў разгле­дзець талент у маладых кадрах, запрашаў у вёску настаўнікаў, мастакоў і майстроў, забяспечваючы іх жыллём. Сімвалам яго шырокай душы і смелых мар стала стварэнне ўласнага калгаснага аэраклуба. Гэта сапраўды ўнікальная з’ява для вёскі!

Нават выйшаўшы на заслужаны адпачынак, Алег Адольфавіч не заставаўся ў баку ад грамадскага жыцця. Свае думкі, вопыт і бязмежную любоў да Айчыны ён пакінуў наступным пакаленням у сваіх кнігах «Сын земли и неба», «Жизнь как мгновение» і «Кардиограмма большого сердца».

Жывуць памяць і традыцыі

На жаль, час няўмольны: легендарнага старшыні не стала 28 сакавіка 2019 года. Памяць пра Алега Валодзьку жыве ў палях, якія дагэтуль даюць ураджай, у людзях, якіх ён выхаваў, і ў той добрай славе, якую ён стварыў сваёй гаспадарцы. У ААТ «Навасёлкі-Лучай» на чале з дырэктарам Юрыем Шымчыкам беражліва захоўваюць і развіваюць традыцыі, закладзеныя былым старшынёй.

17 июля исполнилось бы 80 лет замечательному аграрию, настоящему хозяину Олегу Володько

З нагоды 80-гадовага юбілею Алега Адольфавіча нашчадкі з гонарам і ўдзячнасцю схіляюць галовы перад памяццю пра яго. Жыццёвы шлях гэтага выдатнага чалавека — найлепшы прыклад таго, як трэба любіць сваю малую радзіму і працаваць на карысць сваіх землякоў.



Чалавек з вялікай літары

Успамінамі пра Алега Валодзьку падзяліліся тыя, хто яго ведаў і хто разам з ім працаваў.

Сяргей Чэпік, старшыня райвыканкама:

17 июля исполнилось бы 80 лет замечательному аграрию, настоящему хозяину Олегу Володько— Сёмы год няма побач з намі Алега Адольфавіча. Ён адыграў сур’ёзную ролю ў маім лёсе. Усё, чаго я дасягнуў у сваім жыцці, адбылося дзякуючы, у тым ліку, дапамозе Алега Валодзькі. З ім можна было размаўляць на любыя тэмы: пачынаючы ад сельскай гаспадаркі і заканчваючы самалётамі. Падтрымку Алега Адольфавіча я асабліва адчуў пасля таго, як страціў бацьку.

На працягу 41 года Алег Валодзька кіраваў калгасам. Шмат зрабіў для гаспадаркі і людзей. Званне Героя Сацыялістычнай Працы не даюць проста так. Ён заслужыў гэта сваёй шчырай працай. Калі быў на заслужаным адпачынку, пастаянна цікавіўся справамі ў раёне. Мы — іншае пакаленне, але пра такіх людзей, як Алег Адольфавіч, не маем права забываць. Асабіста я ў дзень смерці і ў дзень нараджэння гэтага вялікага чалавека заўсёды наведваюся на яго магілу ў Старчунах, каб пакласці кветкі, у думках падзякаваць за тое, што ён зрабіў не толькі для мяне, Пастаўшчыны, але і для краіны.

Сяргей Каралёнак, ветэран працы:

17 июля исполнилось бы 80 лет замечательному аграрию, настоящему хозяину Олегу Володько— Калі наш «Гігант» далучылі да калгаса імя Суворава, я працаваў на трактары на ферме. Алег Адольфавіч з самага ранку прыязджаў праверыць, як ідуць справы. Ён кіраваў гаспадаркай не ва ўтульным кабінеце. Часта спыняў машыну на ўскраіне поля і пешшу ішоў па раллі. Калі заўважаў агрэхі ў рабоце — рабіў заўвагі.

Пазней я стаў камбайнерам, і старшыня падчас жніва нярэдка бываў побач з намі да позняй ночы. Адольфавіч навучыў нас цаніць зямлю і верыць у свае сілы. Ён быў адкрытым, сумленным і прамым, заўсёды трымаў сваё слова. Неяк пацікавіўся ў мяне, чаму я без настрою. Я расказаў, што доўгі час ў доме няма вады, бо зламалася помпа на воданапорнай вежы. На другі ж дзень няспраўнасць ухілілі. Для Алега Адольфавіча не існавала дробязяў. Ён строга патрабаваў дысцыпліны, але заўсёды стаяў гарой за сваіх людзей. Кожны калгаснік ведаў: калі здарылася бяда ці патрэбна дапамога — ідзі прама да Валодзькі, ён ніколі не адмовіць.

Ганна Вырвіч, парафіянка лучайскага касцёла:

17 июля исполнилось бы 80 лет замечательному аграрию, настоящему хозяину Олегу Володько— Кожны, хто праязджае праз наш Лучай, захапляецца велічным касцёлам Святога Тадэвуша, які з’яўляецца сапраўднай жамчужынай Пастаўшчыны. Аднак гэтай прыгажосці магло б і не быць. Храм закрылі ў 1948 годзе, ператварыўшы яго ў звычайны склад. Здавалася, велічны палац духу асуджаны на павольную смерць. Мала таго, што разбураўся сам будынак, рабавалі і тое, што ў ім знаходзілася: прадалі вялікі звон, іншыя рэчы. Усё  змянілася, калі наш калгас «Гігант» у 1985 годзе далучылі да калгаса імя Суворава. Алег Адольфавіч праявіў незвычайную па тых часах смеласць і грамадзянскую пазіцыю. Нягледзячы на жорсткі ідэалагічны ціск і атэістычную палітыку савецкай дзяржавы, ён па ўласнай ініцыятыве пачаў маштабную рэстаўрацыю касцёла, здолеў пераканаць кіраўніцтва розных узроўняў, што будынак трэба ратаваць як каштоўную гісторыка-культурную спадчыну.

Афіцыйна гэта рабілася пад выглядам стварэння канцэртнай залы арганнай музыкі. Дзякуючы гаспадарчаму падыходу старшыні ў касцёле захаваліся ўнікальныя фрэскі, алтар і старадаўні арган, што дазволіла ў 1991 годзе вярнуць святыню вернікам.

А якой разбітай была дарога да лучайскіх могілак! У апошні шлях нябожчыка везлі на кані, бо машына не магла праехаць. А Алег Адольфавіч паклаў асфальт, вучыў культуры добраўпарадкавання гэтага святога месца.



Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.