Жыццё ў невялікіх сельскіх населеных пунктах мае свой асаблівы, мерны рытм. Тут кожная навіна становіцца падзеяй, а кожнае добрае абыходжанне з вяскоўцамі — нагодай для шчырай радасці. У адзін з ліпеньскіх дзён жыхары вёскі Цешалава Навасёлкаўскага сельсавета былі прыемна здзіўленыя і нават расчуленыя: побач з каталіцкім крыжам, які стаіць на скрыжаванні вясковых вуліц і з’яўляецца своеасаблівым духоўным цэнтрам, дзе людзі чакаюць аўтамагазін і машыну перасоўнага аддзялення паштовай сувязі, з’явілася прыгожая драўляная лавачка са зручнай спінкай.
Гэтая навіна імгненна абляцела ўсю вёску. Людзі тэлефанавалі адно аднаму, каб падзяліцца эмоцыямі і даведацца, хто ж той дабрадзей, які паклапаціўся пра мясцовых жыхароў, большасць з якіх сталага ўзросту.
— А я адразу здагадалася, што гэта заслуга старшыні сельвыканкама Дзіяны Пякарскай і старэйшыны нашай вёскі Ірыны Смолкі, — расказвала мая даўняя знаёмая Альфрэда Падгайская. — Памятаю, неяк раз, калі мы, як звычайна, чакалі аўталаўку, каля нас спынілася машына. З яе выйшла Дзіяна Іванаўна, пацікавілася нашым здароўем, паўсядзённымі справамі, запыталася, у чым маем патрэбу. А потым агледзелася і сказала: «Трэба вам новую лаўку ўстанавіць!» І слова сваё стрымала. Сапраўды, старая лаўка была прымітыўная, нізкая і вельмі нязручная, асабліва для хворых ног пенсіянераў.
Сёння мясцовыя жыхары з удзячнасцю абмяркоўваюць новы аб’ект. Цяпер чакаць аўталаўку, пошту або проста адпачыць можна з камфортам. Гэты нязначны, але вельмі паказальны прыклад пераканаўча даказвае простую ісціну: для вырашэння надзённых праблем не заўсёды патрэбны вялікія фінансавыя затраты. Каб зрабіць жыццё чалавека больш утульным, дастаткова ўсяго некалькіх складальнікаў: спагадлівага і чулага старэйшыны, які штодзень жыве клопатамі сваіх землякоў, і неабыякавай да патрэб вяскоўцаў мясцовай улады, гатовай заўсёды прыйсці на дапамогу. Менавіта з такіх малых спраў і складаецца вялікі клопат пра чалавека ў глыбінцы.
Анна Анішкевіч

