Здаецца, зусім нядаўна ў школах краіны звінеў апошні званок, а ўжо хутка ён зноў пакліча дзяцей у класы. Пачнецца чарговы навучальны год. Як без стрэсу ўвайсці ў яго школьнікам і іх бацькам, што неабходна для паспяховай вучобы, а таксама для захавання здароўя вучняў, расказваюць спецыялісты.
Святлана Рассеева, галоўны санітарны ўрач раёна:
Для дзяцей вучоба ў школе — гэта немалая нагрузка, якая ўплывае на іх самаадчуванне і фізічнае развіццё. Таму ў нашай краіне пастаянна ўдзяляецца вялікая ўвага здароўезберажэнню школьнікаў. Асабліва пільная яна напярэдадні новага навучальнага года. Пры праверцы гатоўнасці ўстаноў адукацыі спецыялісты санітарнай службы ацэньваюць праведзеную педагогамі работу, накіраваную на стварэнне здаровых умоў для вучобы, заняткаў спортам і харчавання навучэнцаў, правядзення пазашкольных мерапрыемстваў.
У праватнасці, мы звяртаем увагу на ўтрыманне тэрыторый школ, уваходных груп, рэкрэацый і вучэбных кабінетаў. У кожным класе і кабінеце правяраем наяўнасць і спраўнасць фортак і фрамуг у вокнах для рэгулярнага праветрывання, асветленасць памяшканняў. Важна таксама, каб у класе была мэбля, якая адпавядае росту дзіцяці, а ў пачатковых класах меліся канторкі і афтальматрэнажоры для прафілактыкі парушэнняў зроку і паставы. Для гэтага правяраюцца вучнёўская мэбля і яе маркіроўка.
Асаблівыя патрабаванні пры гатоўнасці школ прад’яўляюцца да харчаблокаў і памяшканняў сталовых. Тут важныя спраўнасць і дастатковасць тэхналагічнага і ахаладжальнага абсталявання, работа вентыляцыйнай сістэмы, дастатковасць кухоннага і сталовага посуду, утрыманне месцаў захоўвання прадуктаў. Што да работнікаў харчаблокаў, то кожны з іх павінен мець адпаведную кваліфікацыю і даведку аб праходжанні медыцынскага агляду.
Ёсць пэўныя патрабаванні і да ўтрымання туалетаў. Гэта спраўнасць унітазаў, наяўнасць кабінак, халоднай і гарачай вады для мыцця рук, аднаразовых ручнікоў або электрасушылак, дастатковага запасу мыйных і дэзынфікуючых сродкаў.
Па выніках аб’езду школ раёна магу сказаць, што сёлета ў іх праведзена вялікая работа па стварэнні здароўезберагальнага асяроддзя для дзяцей.
Лілія Пасіяк, педагог-псіхолаг СШ №2 г. Паставы імя Н. М. Асяненкі:
З пачаткам новага навучальнага года ў школьнікаў істотна мяняецца рэжым дня. Ужо нельга, як на канікулах, спаць ледзь не да абеду, трэба рана ўставаць. Каб не было цяжкасцей з пад’ёмам, прыкладна за два тыдні да 1 верасня кожныя два-тры дні бацькі павінны ўкладваць дзіця спаць на 10-15 хвілін раней, чым да гэтага. Раніцай абавязкова снедаць, а вечарам адмовіцца ад гаджэтаў за гадзіну да сну.
Загадзя неабходна выбраць рэчы для школы, купіць канцтавары, падрыхтаваць рабочае месца вучня, навёўшы парадак на пісьмовым стале. Рабіць гэта пажадана сумесна з дзіцем. Самы важны момант у падрыхтоўцы да школы — псіхалагічны настрой у сям’і, у першую чаргу саміх бацькоў. Дзіця ніколі не палюбіць школу, калі бацькі будуць яе крытыкаваць. Таму трэба засяродзіць увагу не на недахопах, а на вартасцях навучання, тлумачыць сыну або дачцэ, што вучоба — залог іх паспяховай будучыні.
Каб дзіця атрымлівала веды і добрыя адзнакі, трэба правільна ацэньваць яго здольнасці. Не чакаць вельмі высокіх вынікаў, а дакладна разумець, што яно можа. Абавязкова цікавіцца справамі ў школе, дапамагаць пераадольваць цяжкасці, вучыць дасягаць пастаўленай мэты і хваліць у выніку поспеху. Неабходна таксама, каб дзеці наведвалі розныя гурткі і спартыўныя секцыі. Гэта адзін са складнікаў паўнавартаснага развіцця асобы. А ўсюды паспяваць можна толькі навучыўшыся планаваць свой дзень.
Таццяна Данілевіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №4г. Паставы імя В. Ф. Франтова:
Як настаўнік вышэйшай катэгорыі і мама дваіх дзяцей хачу даць бацькам некалькі парад, як падрыхтавацца да вучэбнага працэсу, каб перыяд адаптацыі праходзіў спакойна, і не дапусціць прабелу ў ведах у далейшым.
Рыхтаваць будучых першакласнікаў бацькі павінны яшчэ на дашкольным этапе, развіваючы гнуткасць іх мыслення і трэніруючы памяць праз развівальныя гульні. На першай ступені навучання (1—4 класы) трэба вучыць дзяцей вучыцца. Не чакаць вас з работы, каб пачаць рабіць урокі, а выконваць дамашняе заданне самастойна на чарнавік. Прыйшоўшы дамоў, вы павінны праверыць яго, растлумачыць дзіцяці тое, што было незразумела, і даць магчымасць справіцца з заданнем. Заданні па прадмеце, які даецца цяжэй за астатнія, варта пачынаць выконваць загадзя, а не цягнуць да апошняга. Абмежаваць выкарыстанне гаджэтаў і інтэрнэта з дапамогай функцыі «Бацькоўскі кантроль», каб у дзіцяці было менш магчымасцей для фарміравання кліпавага мыслення.
На другой ступені навучання сістэматычна кантралюйце выкананне дамашняга задання да канца, а не дзеля адчэпнага. Ні ў якім выпадку не купляйце рашэбнікі і час ад часу правярайце, само дзіця выканала заданне або спісала з інтэрнэта, прапанаваўшы яму патлумачыць ход рашэння. Фарміруйце функцыянальную пісьменнасць: прапануйце вырашыць жыццёвыя практычныя заданні, выкарыстоўваючы атрыманыя веды.
К 10 класу важна вызначыцца з выбарам прадметаў для здачы ЦЭ і ўдзяляць ім больш увагі, а не «скакаць» з прадмета на прадмет. У 11 класе — сувымяраць свае жаданні, здольнасці і магчымасці і ўпэўнена ісці да мэты, маючы план «А» і запасны план «Б». Мець на ўвазе, што з кожным годам колькасць бюджэтных месцаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ў ВНУ і ССНУ павялічваецца і паступіць па конкурсе становіцца цяжэй. Вывучыць попыт і скарыстацца мэтавым накіраваннем, не баючыся абавязковай адпрацоўкі, ведаючы, што будзе гарантаванае месца работы.
Падрыхтавала Алена Шапавалава

