Не толькі камбайнеры: на Пастаўшчыне падзякавалі тым, хто беражэ хлеб

Сельское хозяйство

У чацвер у межах маштабнай рэспубліканскай акцыі «Прафсаюзы дзякуюць аграрыям за хлеб» на Пастаўшчыну наведаліся старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў і Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Ігар Бузоўскі і Алена Няфёдава, прадстаўнік Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Марына Гараднічая. Яны сустрэліся з тымі, чыя праца на зямлі менш прыкметная, чым камбайнераў і вадзіцеляў на адвозцы збожжа, але не менш важная, і ўручылі ім падарункі.

— Уборка ўраджаю — гэта заўсёды вынік каманднай працы, дзе важны ўклад кожнага чалавека, — гаварыў Ігар Бузоўскі. — Калі імёны камбайнераў і вадзіцеляў-тысячнікаў рэгулярна гучаць на ўсю вобласць і рэспубліку, то праца тых, хто забяспечвае на­дзейны тыл у полі, на зернетаках, часта застаецца ў цені. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі вырашыла гэта выправіць і аб’явіла акцыю. Да яе далучыліся ўсе галіновыя прафсаюзы. У тым ліку і Беларускі прафсаюз работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў.

Сярод тых, каму прафсаюзныя лідары падзякавалі за сумленную працу, — загадчыца зернясклада ААТ «Ярэва-агра» Ала Міхалевіч, механізатары ААТ «Камайскі-агра» і Дунілавіцкага сацыяльнага пансіяната «Троіцкі» Павел Смільгінь і Валерый Парневіч.

Не толькі камбайнеры: на Пастаўшчыне падзякавалі тым, хто беражэ хлеб

На варце хлеба

Жніво — гэта заўсёды экзамен для аграрыяў, дзе важны кожны чалавек. Але нават самае залатое збожжа з палёў не захаваецца без надзейнага кантролю. Менавіта таму праца загадчыцы зернясклада ААТ «Ярэва-агра» Алы  Міхалевіч лічыцца адной з самых адказных у гаспадарцы. Вось ужо сорак пяць гадоў гэта жанчына сочыць за парадкам і якасцю прыёмкі, перапрацоўкі збожжа, клапоціцца пра будучы ўраджай.

Працоўны дзень падчас жніва ў Алы Альфонсаўны пачынаецца рана і заканчваецца амаль апоўначы. Прымаючы машыны з новым ураджаем, загадчыца вымярае вільготнасць збожжа, адпраўляе яго на дапрацоўку, сочыць за работай сушыльнага комплексу. Ад яе ўважлівасці залежыць, ці захаваецца ўра­джай, у які ўкладзена праца ўсяго калектыву гаспадаркі.

Акрамя тэхнічнага кантролю, на загадчыцы ляжыць строгі ўлік і матэрыяльная адказнасць. Калегі кажуць, што Ала Міхалевіч любіць сваю справу ўсёй душой. І хоць працоўны дзень у сезон напоўнены пастаяннымі клопатамі, на твары жанчыны заўсёды шчырая ўсмешка.

Не толькі камбайнеры: на Пастаўшчыне падзякавалі тым, хто беражэ хлеб

Ёсць у зямлі гаспадары

Працавітыя і адказныя людзі — галоўны скарб Пастаўшчыны. Сярод іх — механізатар ААТ «Камайскі-агра» Павел Смільгінь. Яго працоўныя будні заўсёды насычаныя. У гарачую пару жніва Павел рупліва працуе на амкадоры на зернесушылцы.  Зімой забяспечвае бесперабойную загрузку кармоў для жывёлы.

Сакрэт старання Паўла — у надзейным тыле. Дома яго чакае вялікая і дружная сям’я: разам з жонкай Марыяй яны выхоўваюць пяцярых дзяцей. Гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі — будучыня нашай краіны. Гледзячы на працавітага тату, яны вучацца шанаваць зямлю і чалавечую працу.

Ігар Бузоўскі падзякаваў Паўлу за адданасць прафесіі і годнае выхаванне дзяцей. А паколькі гэты год абвешчаны ў краіне Годам беларускай жанчыны, асаблівыя словы ўдзячнасці і прыгожы букет кветак прафсаюзны лідар уручыў захавальніцы сямейнага ачага — жонцы руплівага механізатара. Атрымалі падарункі і дзеці.

Не толькі камбайнеры: на Пастаўшчыне падзякавалі тым, хто беражэ хлеб

Уладар 42 гектараў

У пансіянаце «Троіцкі» кожны ведае Валерыя Парневіча. Гэты чалавек — сапраўдны майстар сваёй справы, які штодня клапоціцца пра тое, каб на стале пастаяльцаў установы былі малако і мяса, агародніна. Валерый працуе механізатарам і цалкам адказвае за апрацоўку зямель падсобнай гаспадаркі пансіяната. А гэта 42 гектары зямлі. 11 з іх адведзены пад зерневыя культуры, 5 гектараў займае бульба, а 26 гектараў — агародніна. Каб культуры давалі добры ўраджай, механізатар укладвае ў гэта шмат сіл. Якасна і своечасова выконвае абсалютна ўсе агратэхнічныя прыёмы: ад падрыхтоўкі глебы і сяўбы да догляду пасеваў і збору ўраджаю. Тэхніка ў руках механізатара служыць бездакорна, а кожнае поле сведчыць пра гаспадарскі падыход.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.