Папулярны аграблогер Дзяніс Трафімчык, чыё імя сёння ведае практычна кожная беларуская вёска, пабываў на навасёлкаўскіх палях і не толькі.
Перадгісторыя прыезду
Дзяніс скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, працуе інжынерам ААТ «Граніт-агра», што ў аграгарадку Круцілавічы Дзятлаўскага раёна. Знаходзіць час не толькі для футбола і трэніровак дзіцячай каманды, але і для стварэння душэўных сюжэтаў пра працаўнікоў вёскі. Яго відэаролікі набіраюць мільёны праглядаў, тысячы лайкаў і сотні каментарыяў.
— Перадгісторыя прыезду першага ў Беларусі аграблогера ў нашу гаспадарку наступная, — расказваў намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства Яўгеній Вішнеўскі. — Я падпісаны на аграблог. З Дзянісам у пачатку лета сустрэўся на выстаўцы «Белагра-2026» і спытаў, калі яго чакаць у Навасёлках. Абмяняліся тэлефонамі, і той паабяцаў прыехаць. Слова стрымаў. Разам з ім да нас завітаў менеджар ТАА «ВелесТоргАгро» Андрэй Мяханікаў.
Маршрут сустрэч быў насычаным, бо госці імкнуліся пабываць у розных падраздзяленнях сельгаспрадпрыемства.
Адной з самых знакавых стала сустрэча з найстарэйшым механізатарам ААТ «Навасёлкі-Лучай» Мацвеем Рублём, які ў сельскай гаспадарцы працуе 46 гадоў.
Дзяніс пацікавіўся ў ветэрана, што трэба зрабіць у жыцці, каб не пражыць яго дарэмна. Адказ быў мудрым: «Сумленна працаваць!» Госці выказалі Мацвею Аркадзьевічу падзяку за адданасць прафесіі і ўручылі прэзент.
У сяброўскай атмасферы
Аснова развіцця ААТ «Навасёлкі-Лучай» — пераемнасць пакаленняў. Яркім прыкладам таму стала сустрэча з маладымі механізатарамі Валерыем Адзінцом і камбайнерам Ігарам Масінкевічам. Нягледзячы на ўзрост, абодва паказваюць выдатныя вынікі ў рабоце: Валерый рупіцца на ворыве глебы, Ігар — на жніве. Механізатары адзначылі, што блог Трафімчыка дапамагае маладым кадрам убачыць перспектывы ў сельскай гаспадарцы. Станоўчыя эмоцыі падарыў аграблогер і механізатару Міхаілу Аўсюкевічу, які рулоніць салому, работнікам зернесушыльнага комплексу, дыспетчарскай.
— Мы прывыклі бачыць яго на экранах тэлефонаў, а тут ён стаіць побач з намі, жартуе, пытаецца пра нашы справы, нібы ведаем адно аднаго шмат гадоў, — дзяліліся ўражаннямі героі ролікаў. — Чалавек працуе інжынерам у вёсцы, таму кожную нашую праблему і кожную радасць разумее без лішніх слоў. Гэта па-сапраўднаму свойскі хлопец!
Поспех любога прадпрыемства залежыць ад тэхналагічнага кантролю. Пра гэта госці пагутарылі з галоўным аграномам Аленай Касцюк. Алена Іосіфаўна — сапраўдны прафесіянал сваёй справы, добра ведае кожны метр мясцовай нівы. Яна расказала пра структуру пасеваў і тэхналогіі, якія дазваляюць сельгаспрадпрыемству атрымліваць важкія ўраджаі.
Не засталіся без увагі і жывёлаводы. Дзяніс і Андрэй завіталі на малочнатаварную ферму «Пагарцы», дзе сустрэліся з мясцовымі работнікамі. Менавіта тут дзякуючы штодзённай працы аператараў і даглядчыкаў забяспечваецца вытворчасць якаснага малака. Сустрэча прайшла ў сяброўскай атмасферы. Усіх уразіла тое, наколькі Дзяніс просты, прыязны і камунікабельны.
Гасціннасць па-навасёлкаўску
— Палі і вытворчыя пляцоўкі гаспадаркі ў гэты дзень ператварыліся ў сапраўдную творчую лабараторыю, — працягваў Яўгеній Вішнеўскі. — Сумесныя відэаролікі, шчырыя фота на памяць, абмеркаванне працоўных момантаў і планаў на ўраджай — усё гэта стварыла цёплую атмасферу адзінства. Нават пасля таго як камера выключалася, размовы не спыняліся. Дзяніс ахвотна фатаграфаваўся з усімі жадаючымі і дзякаваў нашым работнікам за іх самаадданую працу і гасціннасць.
Дзяніс Трафімчык з Андрэем Мяханікам таксама пакаштавалі стравы, якія гатуюць у мясцовай сталовай для ўдзельнікаў сельгасработ. Блогер зрабіў шмат фота- і відэаматэрыялаў, якія тут жа з’явіліся ў яго сацыяльных сетках. Дзякуючы гэтаму пра выдатных людзей навасёлкаўскай зямлі даведаліся тысячы падпісчыкаў з усёй Беларусі. Дзяніс адзначыў высокі ўзровень арганізацыі працы ў ААТ «Навасёлкі-Лучай», выдатны стан тэхнікі, баявы настрой калектыву, прыветнасць людзей.
Кіраўніцтва і калектыў ААТ «Навасёлкі-Лучай» выказалі шчырую ўдзячнасць гасцям за візіт і пачаставалі прадукцыяй мясцовага мяснога цэха. Перадалі гасцінцы і маме Дзяніса.
Анна Анішкевіч






