У аўторак на базе Навасёлкаўскага сельскага Савета адбылося выязное пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.
Больш тавараў – менш нараканняў
Такая форма работы даўно даказала сваю эфектыўнасць. Яна дазваляе не проста заслухаць справаздачы, а на свае вочы ўбачыць рэальны стан спраў на месцы, абмяняцца вопытам і сумесна знайсці рашэнні актуальных праблем, якія хвалююць вяскоўцаў.
На гэты раз у цэнтры ўвагі народных выбраннікаў і прадстаўнікоў мясцовай улады быў комплекс пытанняў, якія непасрэдна ўплываюць на штодзённае жыццё вяскоўцаў. У прыватнасці, гэта гандлёвае абслугоўванне насельніцтва, развіццё сацыяльнай інфраструктуры і навядзенне парадку на зямлі. У мерапрыемстве пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Юрыя Кісялёва прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург, члены прэзідыума, кіраўнікі сельскіх выканаўчых камітэтаў раёна, члены Маладзёжнага савета пры раённым Савеце дэпутатаў. На пасяджэнне прэзідыума таксама былі запрошаны галоўны санітарны ўрач раёна Святлана Рассеева, галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Таццяна Астапчук і вядучы таваразнаўца УП «Полацкі рынак г.Віцебска» Эльвіра Цвяткова. Такі шырокі фармат дазволіў не толькі дэталёва вывучыць вопыт Навасёлкаўскага сельсавета, але і абмеркаваць агульныя для ўсяго рэгіёна праблемы, абмяняцца практычнымі напрацоўкамі.
— На тэрыторыі Навасёлкаўскага сельсавета 47 вёсак і аграгарадок Навасёлкі, — расказвала старшыня сельвыканкама Дзіяна Пякарская. — У іх налічваецца звыш 1200 чалавек. Гандлёвае абслугоўванне ажыццяўляюць 7 гандлёвых аб’ектаў. У аграгарадку працуюць такія магазіны, як «Натуральныя прадукты» ААТ «Навасёлкі-Лучай», магазін УП «Полацкі рынак», «Евроопт», кіёск «Табакерка» і павільён «Мечта» ПГУП «Постлюкс», які рэалізуе адзенне і прамысловыя тавары паўсядзённага попыту. Па адным магазіне ёсць у Лучаі і Коўзанах. Аддаленыя маланаселеныя вёскі, дзе пражывае крыху больш за 420 чалавек, 2 разы на тыдзень абслугоўваюць аўтамагазіны. У Навасёлках ёсць кафэ, якое працуе па папярэдніх заказах, аддзяленне паштовай сувязі, а таксама пункт выдачы тавараў Wildberries.
У маі 2026 года стацыянарныя магазіны спажывецкай кааперацыі ў Навасёлках і Коўзанах, а таксама аўтамагазіны перададзены на баланс унітарнага прадпрыемства «Полацкі рынак г. Віцебска». Дзякуючы гэтаму пашырыўся асартымент тавараў, павялічыўся рознічны тавараабарот, зніклі нараканні пакупнікоў.
Прыклад развіцця сельскай інфраструктуры
Практычная частка пасяджэння пачалася з дэталёвага азнаямлення з сацыяльнай інфраструктурай аграгарадка Навасёлкі. Удзельнікі мерапрыемства наведалі шэраг ключавых аб’ектаў, якія штодзень забяспечваюць патрэбы мясцовых жыхароў і вызначаюць узровень камфорту жыцця ў сельскай мясцовасці.
Першым пунктам прыпынку сталі мясцовыя ўстановы адукацыі і культуры. Госці пабывалі ў агульнаадукацыйнай школе і філіяле дзіцячай школы мастацтваў. Пра іх работу расказалі дырэктар Навасёлкаўскай СШ імя А. А. Валодзькі Алена Ластоўская і загадчыца філіяла Алена Салавей. Варта адзначыць, што ў Навасёлках створаны выдатныя ўмовы для ўсебаковага развіцця падрастаючага пакалення: утульныя класы, сучаснае абсталяванне, высокі кадравы патэнцыял педагогаў. Не засталася па-за ўвагай і работа Навасёлкаўскага Цэнтра культуры, дзе актыўна працуюць розныя гурткі і захоўваюцца мясцовыя культурныя традыцыі.
Даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі ў сельскай мясцовасці — адзін з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. У Навасёлках працуе амбулаторыя ўрача агульнай практыкі. Яна забяспечана неабходнымі лекавымі прэпаратамі, у яе зручны для насельніцтва графік работы, арганізаваны выезд медыкаў у аддаленыя вёскі сельсавета. Удзельнікі сустрэчы таксама ацанілі работу стацыянарнага сацыяльнага пункта ТЦСАН і комплекснага прыёмнага пункта РКБА. Госці наведалі мясцовыя крамы, вывучылі асартымент тавараў.
Прыгажосць, створаная агульнымі намаганнямі
Асобнае захапленне ў членаў прэзідыума і старшынь сельсаветаў выклікала дагледжаная тэрыторыя аграгарадка: чыстыя вуліцы, акуратна абкошаныя газоны і стракатыя клумбы. Клопат пра зямлю тут адчуваецца літаральна ў кожным кутку — каля адміністрацыйных будынкаў, сацыяльных аб’ектаў і прыватных дамоў.
Дзіяна Пякарская падзялілася вопытам арганізацыі работы па навядзенні парадку на зямлі. Гэта важная справа грунтуецца на цесным узаемадзеянні мясцовай улады, кіраўніцтва ААТ «Навасёлкі-Лучай» і, безумоўна, саміх жыхароў. У сельсавеце актыўна праводзяцца суботнікі, вядзецца работа па зносе пустых дамоў і ўключэнні вызваленых земляў у сельгасабарот. Праяўляюць ініцыятыву і самі жыхары, ствараючы прыгажосць на сваіх падворках.
За сталом перамоў
Пасля азнаямлення з аб’ектамі адбылося пленарнае пасяджэнне прэзідыума, падчас якога падвялі вынікі ўбачанага і акрэслілі задачы на перспектыву.
Юрый Кісялёў адзначыў, што Навасёлкаўскі сельскі Савет дэманструе добры прыклад таго, як трэба ўзаемадзейнічаць з мясцовай гаспадаркай і іншымі арганізацыямі, працаваць з людзьмі і для людзей. Разам з тым кіраўнік дэпутацкага корпусу раёна падкрэсліў, што спыняцца на дасягнутым нельга. Старшыні сельсаветаў Пастаўшчыны адзначылі, што ў Навасёлках пачэрпнулі для сябе шмат карыснага.
Выязное пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў у чарговы раз пацвердзіла: моцная мясцовая ўлада і яе актыўнае ўзаемадзеянне з грамадзянамі з’яўляюцца залогам паспяховага развіцця рэгіёна. Праца ў гэтым кірунку наПастаўшчыне будзе працягвацца, бо галоўная мэта застаецца нязменнай — стварэнне камфортных і бяспечных умоў жыцця для кожнага чалавека, незалежна ад таго, жыве ён у горадзе ці ў невялікай вёсцы.
Анна Анішкевіч






