13 верасня адбылося ўрачыстае пасвячэнне новага касцёла і алтара парафіі Езуса Міласэрнага

Главное Духовность

13 верасня бягучага года азнаменавалася для Пастаў падзеяй, напоўненай глыбокім сакральным сэнсам, супольнай малітвай і шчырай радасцю соцень людзей. У гэты дзень адбылося ўрачыстае пасвячэнне (кансэкрацыя) новага касцёла і алтара парафіі Езуса Міласэрнага.

Ад малітвы да велічнага храма

Гісторыя каталіцкай супольнасці ў Паставах мае багатыя і глыбокія карані, якія бяруць пачатак з XVI стагоддзя. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў пасля адраджэння рэлігійнага жыцця адзіным каталіцкім храмам у райцэнтры заставаўся касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Антонія Падуанскага, якому больш за 100 гадоў. Будаўніцтва новага касцёла па вуліцы Касманаўтаў стала магчымым дзякуючы ініцыятыве саміх мясцовых жыхароў, якія вельмі хацелі мець у сваім мікрараёне храм. Сваю прапанову яны агучылі былому пробашчу касцёла Святога Антонія Падуанскага Анджэю Возьняку і былому біскупу Віцебскай дыяцэзіі Уладзіславу Бліну.

13 верасня адбылося ўрачыстае пасвячэнне новага касцёла і алтара парафіі Езуса Міласэрнага

Гістарычнае рашэнне аб арганізацыі новай парафіі і ўзвя­дзенні другога ў горадзе касцёла было прынята і агучана ўжо біскупам Алегам Буткевічам падчас душпастырскага візіту ў сакавіку 2014 года. Тады ж было вызначана, што новая святыня атрымае тытул Езуса Міласэрнага. У красавіку 2016 года на выдзеленай пад будаўніцтва пляцоўцы па вуліцы Касманаўтаў іерарх урачыста асвяціў крыж — сімвал распачатай вялікай і адказнай працы.

Маштабнае будаўніцтва разгарнулася ў 2019 годзе. Першыя цаглінкі ў падмурак святыні закладваў ксёндз Анджэй Бульчак. А калі ў 2022 годзе ён пакінуў Беларусь, клопат пра будаўніцтва пераняў новы пробашч ксёндз-канонік Павел Самсонаў. Кожная цаглінка ў сценах гэтага касцёла, кожны элемент яго прыгожага інтэр’ера — вынік працы канкрэтных людзей: хтосьці ахвяраваў грошы, хтосьці дапамагаў фізічна на будаўнічай пляцоўцы, а нехта нястомна маліўся аб тым, каб Бог даў сілы і магчымасць завяршыць гэты праект.

Калі неба злучаецца з зямлёй

13 верасня стала кульмінацыяй шматгадовых чаканняў. Рытуал кансэкрацыі касцёла і алтара здзейсніў біскуп Алег Буткевіч. Спачатку ён акрапіў святой вадой сцены храма і вернікаў — як напамін пра хрост і заклік да ўнутранага ачышчэння. Пасля літургіі слова наступіў самы хвалюючы момант — намашчэнне алтара і сцен святыні святым алеем (хрызмам). Абрад сімвалізуе, што з гэтага моманту будынак цалкам прысвечаны Богу і становіцца Яго домам на зямлі. Распаленае кадзіла — знак таго, што малітвы пастаўчан, як водар дыму, будуць узносіцца да неба. Завяршыўся абрад запальваннем святла ў касцёле, што азначае прысутнасць Хрыста — Святла для свету. У алтар таксама змясцілі рэліквіі Святой Фаўстыны і асвяцілі новы абраз Езуса Міласэрнага, які напісаў мастак з Мінска Павел Кандрусевіч.

13 верасня адбылося ўрачыстае пасвячэнне новага касцёла і алтара парафіі Езуса Міласэрнага13 верасня адбылося ўрачыстае пасвячэнне новага касцёла і алтара парафіі Езуса Міласэрнага

Звяртаючыся да прысутных з пастырскім словам, біскуп Алег Буткевіч падкрэсліў гістарычную важнасць гэтай падзеі не толькі для Пастаўшчыны, але і для ўсёй каталіцкай супольнасці Віцебскай дыяцэзіі. Ён адзначыў, што пабудаваць касцёл з цэглы, каменю і бетону — гэта выдатны, велічны чын, які патрабуе вялікіх рэсурсаў. Аднак яшчэ важней пабудаваць «жывы касцёл» ва ўласных сэрцах, напаўняючы кожны дзень учынкамі дабрыні і міласэрнасці. Біскуп выказаў словы глыбокай удзячнасці кожнаму, хто ахвяраваў свой час, фінансавыя сродкі, талент і фізічную працу на гэтую святую мэту.

13 верасня адбылося ўрачыстае пасвячэнне новага касцёла і алтара парафіі Езуса Міласэрнага

Ён прыгадаў вядомы гістарычны факт, калі старажытнагрэчаскі навуковец Архімед пасля свайго найвялікшага адкрыцця бег па вуліцах і радасна крычаў: «Эўрыка!». А сёння жыхары Пастаў маюць поўнае права з такім жа захапленнем усклікнуць: «Эўрыка! Мы маем новы касцёл!»

Папа Леў XIV моліцца за Паставы

Урачыстасць у Паставах наведалі шматлікія ганаровыя госці. Сярод іх — наш зямляк, першы саветнік Апостальскай нунцыятуры ў Грузіі і Арменіі ганаровы прэлат Яго Святасці Папы Рымскага Аляксандр Рагіня, які таксама ўклаў у будаўніцтва святыні і фінансавыя сродкі, і частку свайго сэрца. Ксёндз-прэ­лат Аляксандр перадаў важную і радасную вестку, якая выклікала хвалю апладысментаў і слёзы радасці на вачах вернікаў. Ён запэўніў, што расказваў Папу Рымскаму Льву XIV пра Паставы і пра тую вялікую справу, якую робяць мясцовыя людзі дзеля хвалы Божай. Больш за тое, высокі госць перадаў спецыяльнае пасланне ад Папы Льва XIV ксяндзу-каноніку Паўлу Самсонаву і ўсім парафіянам, у якім — апостальскае благаслаўленне і словы падтрымкі для ўсіх жыхароў рэгіёна.

13 верасня адбылося ўрачыстае пасвячэнне новага касцёла і алтара парафіі Езуса Міласэрнага

Разам з лістом ад пантыфіка парафія атрымала і бясцэнны матэрыяльны знак увагі з Ватыкана — асабісты падарунак Папы — ружанец і просьбу маліцца на ім за мір ва ўсім свеце і згоду ў сем’ях. Гэтая рэліквія цяпер будзе захоўвацца ў касцёле Езуса Міласэрнага як напамін пра тое, што нават невялікі беларускі горад звязаны нябачнымі, але трывалымі духоўнымі ніткамі з самым сэрцам Паўсюднага каталіцкага Касцёла.

13 верасня адбылося ўрачыстае пасвячэнне новага касцёла і алтара парафіі Езуса Міласэрнага

Радасць супольнасці

На ўрачыстасці кансэкрацыі прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады: намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Юлія Чагарына і галоўны спецыяліст гэтага аддзела Наталля Субко, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, якія ўнеслі свой уклад у будаўніцтва храма. Іх прысутнасць на свяце падкрэсліла высокі ўзровень міжканфесійнага міру, згоды і канструктыўнага, плённага супрацоўніцтва паміж дзяржавай і каталіцкай супольнасцю. Прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій таксама прыйшлі раздзяліць радасць і павінша­ваць вернікаў маладой парафіі са значнай падзеяй, што яскрава сведчыць пра дружалюбнасць, узаемапавагу і адзінства жыхароў нашага раёна. Станіслаў Чымбург зачытаў прывітальны адрас ад кіраўніцтва раёна і перадаў пробашчу падарункі для парафіі.

13 верасня адбылося ўрачыстае пасвячэнне новага касцёла і алтара парафіі Езуса Міласэрнага

На завяршэнне святой Імшы біскуп Алег Буткевіч, пробашч касцёла Езуса Міласэрнага ксёндз-канонік Павел Самсонаў і прадстаўнік Папы Рымскага Аляксандр Рагіня падпісалі акт пасвячэння касцёла.

Затым свята прадоўжылася на прыкасцельнай тэрыторыі. Там усіх частавалі юшкай, пловам, салодкімі прысмакамі. А заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль «Паазер’е»  парадаваў сваім цудоўным выступленнем.

Анна Анішкевіч
Фота Марыны Сінкевіч («Каталіцкі веснік»)



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.