Ад дзеда да ўнука: ветэраны Пастаўшчыны паказалі прыклад самаадданай працы

Сельское хозяйство

Вось і завяршылася гарачая пара жніва. У гэты адказны час на палетках раёна побач з маладымі хлебаробамі працавалі людзі паважанага ўзросту, каго называюць залатым фондам Пастаўшчыны. Яны ў чарговы раз прадэманстравалі прыклад бездакорнай адказнасці і прафесійнага майстэрства.

Асабліва адчувальнай была дапамога ветэранаў працы ў ААТ «Камайскі-агра», дзе было задзейнічана 6 чалавек. Кожны год на перыяд напружаных палявых работ сюды на дапамогу прыходзіць Дзмітрый Дуброўскі. Для яго не існуе дробных ці другасных задач, кожны выезд у поле апраўданы жаданнем падставіць надзейнае плячо маладым калегам. Рупіўся і на жніве — намалаціў 1 230 тон збожжа. Такіж паказчык і яшчэ ў аднаго ветэрана — Мікалая Махоня.

Цвёрда планаваў сёлета адпачываць Іван Трацяк — у мінулым перадавы камбайнер не толькі гаспадаркі, але і раёна, пастаянны ўдзельнік абласных «Дажынках». Летась па просьбе кіраўніцтва Іван Уладзіслававіч працаваў на камбайне на гусенічным хаду. Самааддана рупіўся на складаных участках не толькі роднай гаспадаркі, але і ААТ «Кураполле-агра». Чалавек даўно мае права на заслужаны адпачынак. Аднак падчас жніва сэрца ветэрана замірае ад рокату матораў камбайнаў і водару свежага збожжа. Таму, калі сёлета ў пачатку жніва раптоўна абарвалася жыццё аднаго з камбайнераў сельгаспрадпрыемства, Іван Уладзіслававіч не адмовіў у дапамозе і, не вагаючыся, адправіўся ў поле.

Ад дзеда да ўнука: ветэраны Пастаўшчыны паказалі прыклад самаадданай працы

Максімальнай аператыўнасці на жніве патрабуе і дастаўка збожжа ад камбайнаў да зернесушыльных комплексаў. У ААТ «Камайскі-агра» не першы год упэўнена трымаюць лідарства вадзіцелі Вацлаў Яцэвіч, Валерый Кірплюк і Мустаф Радкевіч, якія сёлета перавёзлі 2 055, 1 500 і 1 177 тон збожжа адпаведна.

Не адным дзесяцігоддзем вымяраецца працоўны стаж механізатараў ААТ «Хацілы-­агра» Мікалая Пабядзінскага і Мечыслава Яморскага. Як і ў мінулыя гады, яны ў ліку тысячнікаў: першы намалаціў 1 080 тон збожжа, другі перавёз 1 500.

Любоў да зямлі і тэхнікі трымае ў тонусе і вадзіцеля-ветэрана ААТ «Навасёлкі-Лучай» Тадэвуша Праліча. Раней працаваў на камбікормавозе. Сёлета перасеў на ГАЗ-САЗ 250. Падчас жніва перавёз 1 400 тон зерня.

Сэрца жніва і гарантыя будучага ўраджаю ў любой гаспадарцы — зернясклад. У ААТ «Ярэва-агра» ім 45 гадоў загадвае Ала Міхалевіч. Кіраўніцтва цэніць яе гаспадарлівасць, мудрасць, той невычэрпны аптымізм, які дапамагае пераадольваць многія вытворчыя цяжкасці, гатоўнасць дапамагчы парадай.

Гэтыя людзі — жывая гісторыя гаспадарак. Яны бачылі, як удасканальвалася тэхніка, перажывалі розныя па надвор’і сезоны, але заўсёды заставаліся вернымі галоўнаму правілу: зямля любіць руплівых і адказных. Сівізна на іх скронях — знак глыбокай мудрасці і працоўнай доблесці. Яны ведаюць кожную дробязь: як правільна наладзіць тэхніку, каб пазбегнуць страт збожжа, як дакладна вызначыць гатоўнасць зерня для засыпкі ў засекі. Сваім прыкладам яны выхоўваюць у моладзі павагу да хлеба і працы хлебароба.

Ганна Літвіновіч, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі:

Выказваю шчырую падзяку ўсім ветэранам – удзельнікам жніва – за іх нястомнасць, захаванне традыцый хлебаробства і за тое, што ў кожным духмяным бохане новага ўраджаю ёсць часцінка іх вялікага, неабыякавага сэрца. Нізкі вам паклон, паважаныя ветэраны працы, за ваш вопыт, мудрасць і за кожнае зярнятка, выратаванае вашымі руплівымі рукамі!



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.