Ад Варапаева да Італіі: творчы шлях інсітнай мастачкі Яніны Ліманоўскай

Важное Культура

Калі ствараўся Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, адным з першых элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, уключаных у яго, стала інсітнае (наіўнае) мастацтва Віцебшчыны. Яно жыве ў многіх кутках паўночнага краю, у тым ліку на Пастаўшчыне.

Дадзена прыродай

«Інсітнае мастацтва — гэта творчасць у галіне выяўленчага мастацтва, якая характарызуецца наіўна-рэалістычным адлюстраваннем рэчаіснасці з выкарыстаннем вобразных сродкаў, адрозных ад акадэмічных. Яго творцы не маюць прафесійнай адукацыі і працуюць у адпаведнасці з уласным разуменнем прыгажосці і патрэбай самавыяўлення. Іх стылістыка блізкая да традыцыйнага народнага эстэтычнага светаўспрымання. Мастацкі вобраз — складаны, часцей — незвычайны і вылучаецца прастадушным абаяннем, шчырасцю, непасрэднасцю, своеасаблівай дзіцячасцю ў інтэрпрэтацыі натуры». Такое апісанне я знайшла ў інтэрнэце, рыхтуючы гэты артыкул.

Па сутнасці, інсітнае мастацтва з’явілася тады, калі чалавек узяў у рукі пэндзаль, фарбы і паспрабаваў з іх дапамогай занатаваць тое, што бачыў навокал або ўяўляў сабе. Пазней на Віцебшчыне гэтым займаліся мастакі-самавучкі, якія ха­дзілі па вёсках і за невялікую плату малявалі ўсім, хто пажадае, карціны для ўпрыгожвання жылых пакояў. У нашай мясцовасці адным з такіх мастакоў-вандроўнікаў быў Язэп Драздовіч. Ён не толькі маляваў карціны, але і збіраў вакол сябе дзяцей, якіх вучыў свайму рамяству. Дзякуючы гэтаму яно атрымала шырокае распаўсю­джанне.

У перакладзе з лацінскай мовы іnsіtus азначае «дадзены ад прыроды». У сусветнай мастацкай практыцы ўпершыню тэрмін іnsіtа ў дачыненні да творчасці непрафесійных мастакоў ужыў славацкі даследчык Штэфан Ткач у 1966 годзе.

Сёння носьбітамі традыцый інсітнага мастацтва на Пастаўшчыне з’яўляюцца чатыры майстры — члены аднайменнай народнай студыі пры Пастаўскім Доме рамёстваў «Стары млын» Яніна Ліманоўская, Вольга Гукава, Іосіф Гарбуноў і Гераіма Танана. У кожнага з іх свой стыль і сваё бачанне свету.

Ад Варапаева да Італіі: творчы шлях інсітнай мастачкі Яніны Ліманоўскай

Падарыла карціну міністру

Як і большасць прадстаўнікоў наіўнага мастацтва, жыхарка Варапаева Яніна Ліманоўская не мае адпаведнай адукацыі. У свой час скончыла Полацкае педвучылішча па спецыяльнасці «Настаўнік пачатковых класаў», пасля яго — Віцебскі педагагічны інстытут, факультэт біялогіі. Амаль 40 гадоў адпрацавала ў школе. Спачатку выкладала хімію і біялогію ў агульнаадукацыйнай, затым вяла прадмет «Сельскагаспадарчая праца» ў варапаеўскай дапаможнай. Пры гэтым усё жыццё малявала. У школе — плакаты і насценгазеты, дома — карціны. Бачачы яе здольнасці, выкладчыкі вучылішча, дзе былі заняткі па маляванні і методыка яго выкладання, раілі паступаць на мастацка-графічны факультэт педінстытута. Але выбрала біялогію, якую таксама любіла.

За свой век я намалявала не менш за палову сотні карцін, — расказвала Яніна Баляславаўна. — Большасць раздала. Мае работы знаходзяцца ў Доме рамёстваў, варапаеўскіх бібліятэцы і аддзяленні для пажылых ТЦСАН. Віселі і ў школе-інтэрнаце.

Першая персанальная выстава Яніны Ліманоўскай адбылася ў Пастаўскім Доме рамёстваў у 2009 годзе. Аднойчы прыехаўшы туды на экскурсію і ўбачыўшы жывапісныя работы іншых аўтараў, жанчына абмовілася, што таксама малюе карціны. Дырэктар «Старога млына» Таццяна Петух прапанавала арганізаваць яе экспазіцыю. На адкрыцці той выставы Яніна Баляславаўна пазнаёмілася з мясцовым мастаком, выкладчыкам Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера Іосіфам Атрахімовічам, які паказаў ёй, як нацягваць палатно і грунтаваць яго, дапамог купіць неабходны набор якасных фарбаў.

Тады ж гераіня артыкула ўступіла ў студыю «Майстры». Дзякуючы гэтаму аб’яднанню з яе творчасцю змаглі пазнаёміцца жыхары не толькі нашага раёна. Работы Яніны Баляславаўны экспанаваліся ў Глыбокім, Віцебску, Мінску, з’яўляючыся часткай розных абласных і рэспубліканскіх выстаў. Зараз яна актыўна рыхтуецца да чарговага, чацвёртага па ліку, персанальнага вернісажу ў «Старым млыне», які запланаваны на канец года.

Самае складанае — выбраць, што маляваць, — кажа самадзейная мастачка. — Так, ходзіш, думаеш, перабіраеш літаратуру ў бібліятэцы, шукаеш у інтэрнэце… На ўсіх маіх першых работах было тое, што бачыла навокал, — кветкі і прырода. Апошнім часам нярэдка бяру ідэі і сюжэты фотаздымкаў, якія знаходжу. Напрыклад, нядаўна намалявала паруснікі па карціне, прапанаванай штучным інтэ­лектам. Ёсць у мяне таксама дзве работы з ветракамі.

Ужо ў сталым узросце жанчына добра асвоіла сусветнае павуцінне пасля таго, як сын купіў ёй ноўтбук і паказаў, як ім карыстацца. Цяпер самастойна заказвае фарбы на маркетплэйсах, глядзіць майстар-класы і вебінары мастакоў — стараецца чамусьці павучыцца ў прафесіяналаў. З гадамі вельмі вырасла па ўзроўні майстэрства.

Асаблівасцю работ Яніны Ліманоўскай з’яўляецца спалучэнне жывапісу з маляванкай. У яе творчасці быў перыяд захаплення стварэннем маляваных дываноў. І першая ж карціна ў стылі народнага роспісу — з сямействам буслоў — трапіла ў кнігу «Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны», а таксама пабывала на выставе ў Італіі. На цырымоніі адкрыцця культурнай сталіцы Беларусі ў Паставах Яніне Баляславаўне выпаў гонар прэзентаваць інсітнае мастацтва як адзін з элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны краіны. Але больш за ўсё жанчына ганарыцца тым, што змагла падчас прэзентацыі падарыць сваю работу — пейзаж «Абуджэнне» — тагачаснаму міністру культуры Руслану Чарнецкаму.

Алена Шапавалава
Фота Наталлі Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.