27 верасня — Міжнародны дзень глухіх
Для большасці з нас слых — гэта натуральны інструмент сувязі з наваколлем. Мы прывыклі да шуму вуліц, любімай музыкі і голасу родных. Аднак для глухіх і людзей са слабым слыхам свет выглядае і гучыць зусім інакш.
Міжнародны дзень глухіх, які традыцыйна выпадае на апошнюю нядзелю верасня, — гэта не проста чарговая дата ў календары. Гэта важная нагода спыніцца ў штодзённай мітусні і задумацца аб тым, як уладкаваны свет людзей, якія жывуць у абсалютнай або частковай цішыні, і падзякаваць Усявышняму за дар слыху.
Глухата — не трагедыя, гэта проста іншая форма жыцця.
— У нашым раёне сёння пражываюць 7 чалавек, для якіх галоўнай мовай сталі жэсты, а асноўным інструментам успрымання — вочы і сэрца, — расказвала загадчыца аддзялення рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН Наталія Янковіч. — Работнікі нашага аддзялення да іх наведваюцца, цікавяцца іх патрэбамі. Дамовіцца, вядома, складана. У асноўным свае пытанні задаём пісьмова. Ёсць і 6 дзяцей, якія маюць інваліднасць з-за часткова страчанага слыху.
Чалавек, які не чуе гукаў, успрымае свет праз візуальныя вобразы, дотык і вібрацыю. На шчасце, дзякуючы лічбавым тэхналогіям сучасны свет стаў значна больш камфортным для тых, хто не чуе. Напрыклад, замест звыклых гукавых сігналаў (званок у дзверы, будзільнік або плач дзіцяці) цяпер выкарыстоўваюцца светлавыя індыкатары або вібрацыя на смарт-гадзінніках. Спецыяльныя праграмы для аўтаматычнага пераўтварэння голасу ў тэкст выдатна дапамагаюць у паўсядзённых жыццёвых сітуацыях.
Жыццё чалавека без слыху — гэта напамін усім нам пра тое, наколькі розным і шматгранным можа быць чалавечае існаванне. Задача нашага грамадства — не шкадаваць такіх людзей, а рабіць прастору навокал даступнай і, самае галоўнае, бачыць у кожным асобу, незалежна ад таго, як менавіта яна камунікуе са светам.
Анна Анішкевіч

